Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускамоўны маляр, кіроўца, прадавец сантэхнікі — на біржы працы «Мова нанова»


На сайце курсаў беларускай мовы «Мова нанова» запрацавала біржа працы. Гэта адмысловая дошка бясплатных абвестак, дзе беларускамоўныя могуць знайсьці ці прапанаваць паслугі.

«Гэтую ідэю прапанаваў адзін са слухачоў курсаў, — кажа арганізатар „Мовы нанова“ Глеб Лабадзенка. — Сапраўды, сярод нашых студэнтаў — людзі самых розных прафэсіяў. І калі мы хочам падтрымаць беларускамоўнага прадпрымальніка, то можам знайсьці яго на дошцы абвестак у рубрыцы „Біржа працы“».

Глеб Лабадзенка лічыць, што беларускамоўныя людзі вартыя таго, каб атрымліваць матэрыяльныя бонусы, нават калі гутарка вядзецца пра набыцьцё сантэхнікі ці перавоз мэблі на лецішча:

Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

«Мы, беларусы, вельмі практычныя людзі. І мы павінны адчуваць выгаду. Некаторыя пытаюць: а што нам будзе, калі мы загаворым па-беларуску? А будзе вось што. Мы ўжо зрабілі першы крок — увялі бонусную сыстэму для студэнтаў курсаў „Мова нанова“, у нас ужо больш за 70 партнэраў, якія даюць добрыя зьніжкі ўладальнікам студэнцкіх білетаў курсаў „Мова нанова“. Другі крок — гэта біржа працы, фактычна беларускамоўная дошка абвестак, для таго каб паслугі і спажыўцы знаходзілі адно аднаго. Кожны з нас кожны дзень нешта набывае, зьвяртаецца па нейкія паслугі. Вось уявіце, што ўсё гэта можна рабіць з прысутнасьцю беларускай мовы. Вось да чаго мы імкнёмся».

Як адзначае Глеб Лабадзенка, на біржу працы выстаўляюцца прапановы, не абавязкова зьвязаныя з мовай:

«Так, ёсьць прапановы перакладчыкаў, рэпэтытараў, журналістаў. Але ж сэнс у тым, каб тут былі ўсе. Вось, напрыклад, ёсьць праблема знайсьці беларускамоўную няню. Спадзяюся, што наша дошка абвестак дапаможа з гэтым. Мы часта карыстаемся паслугамі кіроўцаў. І шмат хто з задавальненьнем замовіць беларускамоўнага. Тое самае з будаўнікамі, малярамі. Лепш заплаціць беларускамоўнаму чалавеку. Гаворка пра тое, што людзі павінны адчуць, што мова — гэта выгадна. Насамрэч, ёсьць беларускамоўныя прадпрымальнікі, бізнэсоўцы, проста супрацоўнікі. Іх вялізарная колькасьць. Дык давайце падтрымліваць адно аднаго. Каб беларускамоўныя людзі багацелі, рабіліся больш заможнымі. Каб астатнія глядзелі і думалі: „О, беларускамоўны кіроўца, і няма адбою ад кліентаў. А я стаю і чакаю“».

Умова для разьмяшчэньня бізнэс-прапановы на сайце «Мова нанова» вельмі простая — жаданьне падаць абвестку па-беларуску і гатоўнасьць кантактаваць зь беларускамоўнымі кліентамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG