Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Мальдзіс заклікае кананізаваць Францішка Скарыну


Адам Мальдзіс
Адам Мальдзіс

29–30 траўня ў рамках Кангрэсу беларусістаў сьвету, які пройдзе ў Менску, адбудзецца круглы стол, прысьвечаны ініцыятыве кананізацыі беларускага першадрукара Францішка Скарыны.

Пра гэта Свабодзе паведаміў ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс. Паводле ягоных слоў, на круглым стале зьбяруцца навукоўцы і рэлігійныя дзеячы. Па выніках круглага стала мяркуецца накіраваць прапановы кіраўнікам і каталіцкай, і праваслаўнай цэркваў аб кананізацыі беларускага першадрукара і перакладчыка Бібліі на беларускую мову.

«Мы ставім усур’ёз прэтэнзію аб кананізацыі Францішка Скарыны. Стваральнікі славянскага пісьменства Кірыла і Мяфодзій ужо даўно кананізаваныя. Мяркуем, што Францішак Скарына таксама варты гэтага».

Паводле Адама Мальдзіса, Скарына як сьвяты мае належаць і праваслаўным, і католікам, і ўніятам, гэтаксама як Эўфрасіньня Полацкая.

Адам Мальдзіс распавёў Свабодзе, што ён нядаўна знайшоў дакумэнт аб прыняцьці Францішкам Скарынам і ўсёй ягонай сям’ёю каталіцкага хросту ў 1499 годзе ў тагачасным полацкім касьцёле Сьвятога Францішка.

«Пры гэтым, паводле правілаў тых часоў, каталіцкі хрост не скасоўваў папярэдні праваслаўны, — перакананы Адам Мальдзіс. — І кнігі свае Францішак Скарына пісаў для ўсяго паспалітага люду, для праваслаўных і католікаў. Таму мая задума ў тым, каб да справы кананізацыі Скарыны далучыліся ўсе хрысьціянскія канфэсіі».

На Кангрэсе беларусістаў упершыню прагучыць гімн, прысьвечаны Францішку Скарыну, паведаміў спадар Мальдзіс.

Адам Мальдзіс зазначыў, што цяпер ён намагаецца аднавіць здароўе да пачатку Кангрэсу. Нядаўна ён вярнуўся са шпіталя. У ложку правёў два месяцы, спачатку ў Польшчы, а потым у Беларусі:

"Цяпер вучуся нанова хадзіць, па 50–100 мэтраў у дзень. І працую з ноўтбукам над тэкстамі. У прыватнасьці, пішу ўспаміны пра нядаўна памерлага айца Аляксандра Надсана",— распавёў Адам Мальдзіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG