Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біяўлада, упраўленьне «К» і абарона ад прагрэсу


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Вулічны крымінал пераходзіць у кібэрпрастору. Сёньня больш за палову ўсіх махляроў выкарыстоўваюць усясьветную сетку для сваіх цяпер ужо кібэрзлачынстваў.

Паводле крымінолягаў, злачыннасьць, як і любая іншая прыродная або сацыяльная зьява, разьвіваецца згодна з уласнымі законамі, і ёй абсалютна абыякава, што існуе паліцыя, крымінальнае правасудзьдзе, заканадаўства і г.д. Статыстыка большасьці краінаў сьвету сьведчыць пра тое, што ўсю другую палову мінулага стагодзьдзя (ад 1950-х да канца 1990-х) дынаміка злачынстваў расла, а вось ужо ў 21 стагодзьдзі пачала скарачацца.

Вулічны крымінал пераходзіць у кібэрпрастору?

Пецярбурскі прафэсар крыміналёгіі Якаў Гілінскі тлумачыць гэта тым, што з узьнікненьнем новых тэналёгіяў адбываецца пераструктырызацыя злачынстваў — вулічны крымінал пераходзіць у кібэрпрастору і вельмі цяжка паддаецца рэгістрацыі:

«Традыцыйна найбольшую масу ўсіх злачынстваў складае так званая вулічная злачыннасьць — street crime. Гэта рабункі, крадзяжы, згвалтаваньні, тое, што называюць агульнай крымінальнай злачыннасьцю. А вось white-collar crime — злачыннасьць чыноўнікаў, бізнэсоўцаў — можа быць вельмі высокай, аднак яна не рэгіструецца. У масе зарэгістраванай злачыннасьці яна можа складаць недзе 10%. Хто суб’ект вулічнай злачыннасьці — падлеткі і моладзь. Дзе цяпер гэтая катэгорыя? У віртуальнай прасторы. Яны сышлі з прасторы вулічнай. У інтэрнэце моладзь знаёміцца, сустракаецца, кахае адно аднаго. Апошнім часам я пытаюся ў маіх студэнтаў: можа, вы яшчэ і дзяцей нараджаеце ў інтэрнэце? Таксама ў інтэрнэце яны крадуць, забіваюць тымі „стралялкамі“, займаюцца буйнымі махлярскімі апэрацыямі. Зразумела, вулічная злачыннасьць пераходзіць у кібэрзлачыннасьць. Дарэчы, такой жа думкі прытрымліваюцца і многія мае амэрыканскія калегі».

Аляксандар Прудзіла
Аляксандар Прудзіла

Гарадзенскі псыхоляг Аляксандар Прудзіла, які шмат працаваў са зьняволенымі, мяркуе, што новы від злачыннасьці перакачаваў у сучаснае жыцьцё зь яго лічбавымі тэхналёгіямі са звыклага матэрыяльнага сьвету:

«Заўсёды былі крымінальнікі з так званай падваротні — гопнікі, рабаўнікі, гвалтаўнікі — і заўсёды былі тыя, хто выдумляў нейкія вэксалі, акцыі, падманваў банкі. Так званая крымінальная „эліта“ — людзі, безумоўна, высокага інтэлектуальнага ўзроўню, якія выдумляюць розныя схемы, тыя ж кампутарныя вірусы. Гэта нашчадкі герояў Ільфа і Пятрова: Бэндэр ды Карэйка. Тыя рабілі свае мільёны ў часы, калі не было кампутараў. Калі б былі кампутары, тая сетка WWW, дык яны б таксама скарысталіся ёю. Але менавіта такія, як Бэндэр і Карэйка. Бо той жа Шура Балаганаў, маючы ў кішэні 50 тысяч, быў схоплены на тым, што скраў з рыдыкюля нейкай жанчыны прафсаюзны білет і адзін рубель 15 капеек. Што рабіць зь «вялікімі камбінатарамі» з кібэрпрасторы? Ну, ствараюцца пэўныя службы, каб кантраляваць гэтую прастору».

Хаця, як перакананыя адмыслоўцы, змагацца з тым, што часам вырываецца з кібэрпрасторы, вельмі і вельмі цяжка. Узяць, да прыкладу, тыя ж лічбавыя крыптавалюты — сурагаты, якія падмяняюць сабой рэальныя грошы і якія фактычна не падлягаюць ніякаму кантролю, чым, зразумела, карыстаюцца і тэрарысты, і прадстаўнікі міжнародных мафіёзных сындыкатаў. Адзначаецца таксама, што з разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгіяў у глябальных сетках вельмі хутка зьяўляюцца ўсё новыя віды злачынстваў або мадыфікуюцца «традыцыйныя» злачынныя дзеяньні. Размова ідзе пра парушэньне цэласнасьці, даступнасьці і прыватнасьці электронных дадзеных, а таксама пра крадзеж маёмасьці, распаўсюд дзіцячай парнаграфіі, парушэньне таямніцы прыватнага жыцьця і іншае. Ахвяраў такіх «кібэрнападаў» становіцца ўсё болей і болей.

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Пры канцы 2002 году ў Беларусі стварылі ўпраўленьне «К» для змаганьня са злачынствамі ў сфэры высокіх тэхналёгіяў. Калі верыць паведамленьням, працуе яно вынікова, нераскрытых спраў амаль не застаецца.

За мінулы год у краіне было зафіксавана 2290 злачынстваў у гэтай галіне. Найбольш у сталіцы — 708, найменш у Гарадзенскай вобласьці — 205. Амаль 90 адсоткаў — гэта крадзяжы з дапамогай кампутарнай тэхнікі: 2033 злачынствы. Яны караюцца паводле артыкула 212 Крымінальнага кодэксу. Астатнія — злачынствы супраць «інфармацыйнай бясьпекі». Летась было выяўлена 34 выпадкі крадзяжоў з банкаўскіх картак у асабліва буйным памеры. Усё часьцей заводзяцца крымінальныя справы адносна «кампутарнага сабатажу» (артыкул 351 КК) або «распрацоўкі шкодных праграмаў» (артыкул 354 КК). Хаця адзначаецца, што большасьць учыненых у сеціве злачынстваў трапляе ў разрад менш цяжкіх, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі.

Ці рэальна ідэнтыфікаваць кібэрзлачынцу?

Паводле афіцыйных дадзеных, за мінулы год да крымінальнай адказнасьці прыцягнута 809 чалавек. Як паведамляе міліцыя, сярод іх было 335 з судзімасьцю, 620 — тых, якія нідзе не працавалі. 31 злачынец быў непаўналетні. Звычайна за такога кшталту злачынствы да крымінальнай адказнасьці прыцягваюць моладзь ад 18 да 29 гадоў. Летась да 92 злачынстваў мелі дачыненьне непаўналетнія. Як паведамляе міліцыя, у Берасьці пятнаццацігадовы маладзён здолеў ускрыць у некалькіх соцень чалавек паролі для доступу ў інтэрнэт.

Ветэран МУС, гарадзенец Аляксандар кажа, што ня надта давярае міліцэйскай статыстыцы. Апроч таго, мяркуе ён, у праваахоўных органаў краіны, уключна з упраўленьнем «К», адна з галоўных праблемаў, — гэта кадры. Справа ня толькі ў падрыхтоўцы. Здараецца так, што незадаволеныя невысокімі заробкамі кваліфікаваныя адмыслоўцы кідаюць працу і самі ідуць у хакеры. Гаворачы пра кібэрзлачынцаў, былы супрацоўнік міліцыі называе іх таленавітымі людзьмі. А ці варта браць гэтыя таленты, як у часы сталінскіх шарашак, на працу ў дзяржаўныя органы, дзе патрэбны кампутарныя спэцыялісты? На гэтае пытаньне Аляксандар адказвае адмоўна.

Наўпроставы лінк

Віктар Дулін, галоўны рэдактар маскоўскага выданьня «Вестник криминолога», перакананы, што для барацьбы з кібэрзлачыннасьцю патрэбны ўсяго толькі адзін рух — выключыць сэрвэр, ды ўсё. Аднак гэта стала б на перашкодзе прагрэсу. Галоўная ж праблема з кібэрзлачыннасьцю — немагчымасьць ідэнтыфікацыі асобы:

«Гэта самае важнае для злачынцы: каб ён ня быў ідэнтыфікаваны, злоўлены і пакараны. Напрацаваны крымінолягамі досьвед у барацьбе са злачыннасьцю — гэта матэрыяльны досьвед у ідэнтыфікацыі. На кібэрпрастору гэта, па сутнасьці, не распаўсюджваецца. Гэта вельмі вабіць злачынцу, бо ён разумее, што ў стане пазбавіцца ад адказнасьці. За кожным ІР-адрасам, за кожным сайтам стаіць нейкая фізычная, а часам юрыдычная асоба. Аднак вызначыць яе надзвычай складана. Калі мы навучымся па сьлядах, па нейкіх лічбавых сытуацыях знаходзіць гэтых людзей, не перашкаджаючы прагрэсу, тады мы зможам эфэктыўна зь імі змагацца».

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Юрысту прававога цэнтру «Вясна» Паўлу Сапелку падчас ягонай адвакацкай практыкі даводзілася сутыкацца са справамі пра кібэрзлачынствы. Ён лічыць, што ўсе тыя злачынствы, якія пакідаюць за сабой больш-менш аб’ектыўныя сьляды, у тым ліку прысутнасьць у інтэрнэце, заўсёды лягчэй раскрываць, чым тыя, што можна раскрываць толькі на падставе паказаньняў людзей, бо яны, у сваю чаргу, могуць быць суб’ектыўнымі, непраўдзівымі. Але якасьць працы, зразумела, залежыць ад кампэтэнтнасьці і адукаванасьці супрацоўнікаў, якія будуць гэтым займацца:

«Вядома, існуе выразнае адрозьненьне — кібэрзлачынства, калі крадзецца, мадыфікуецца інфармацыя, і звычайнае злачынства, якое зьдзяйсьняецца з выкарыстаньнем сеткі Інтэрнэт. Зразумела, калі гаворка ідзе пра кібэрзлачыннасьць як такую, калі распрацоўваюцца праграмы, каб дабрацца, дапусьцім, да інфармацыі нейкага банку, каб пераадолець усе спосабы яе абароны, мадыфікаваць яе і скрасьці, то тут сапраўды інтэлектуальныя людзі з высокім узроўнем прафэсійнага майстэрства. У асноўным жа мы маем выпадкі, калі сетка Інтэрнэт выкарыстоўваецца, каб лягчэй учыняць іншыя, „звычайныя“ злачынствы. Дапусьцім, для таго ж сутэнёрства, махлярства, яшчэ нечага».

Супрацоўнік Упраўленьня «К» па раскрыцьці злачынстваў у галіне высокіх тэхналёгіяў МУС РБ пра беларускіх хакераў

Якая мараль у кібэрзлачынцаў?

Ці можна сьцьвярджаць, што сытуацыя даволі істотна зьмянілася і сучасныя злачынцы — гэта, у адрозьненьне ад звычайных злодзеяў, нярэдка высокаадукаваныя людзі з адпаведным інтэлектам? Калі «кардэры» (махляры, якія падманным шляхам зьбіраюць зьвесткі пра чужыя плацёжныя карткі і крадуць грошы з рахункаў праз інтэрнэт) учыняюць злачынствы толькі ў віртуальнай прасторы, што можна сказаць пра іхнюю мараль? Ці яны крыху больш маральныя, чым забойцы і рабаўнікі? — пытаемся ў Паўла Сапелкі:

«Па-першае, кібэрзлачынцы — не заўсёды высокаадукаваныя людзі. Таму што, як аказваецца, гэта ня так складана — зарабляць грошы на прасторах інтэрнэту. У тым ліку і незаконным мэтадам. Па-другое, злачынцы — яны ніколі не былі моцна абцяжараныя маральлю. Альбо ў іх мараль была кланавая, уласная. Напрыклад: краду, але толькі ў багатых. Або: краду, але ня гвалчу. Пры гэтым сама па сабе маральнасьць крадзяжу пад пытаньне ня ставілася. А як гэта зьмянілася цяпер? Ну, напэўна, усё на ранейшым узроўні. Калі раней сутэнэр гандляваў сваім „таварам“ жыўцом, то цяпер гэта робіць праз інтэрнэт. Ягоная мараль не зьмянілася, як мне здаецца. Прычым, трэба заўважыць, нейкіх высокаінтэлектуальных здольнасьцяў гэта ад яго не запатрабавала».

Кібэрзлачынцы — не заўсёды высокаадукаваныя людзі. Таму што, як аказваецца, гэта ня так складана — зарабляць грошы на прасторах інтэрнэту

За апошнія дзесяць гадоў былі выкрытыя і злачынствы, зьвязаныя з распаўсюдам дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце. Адной з самых гучных спраў стала справа беларускай кампаніі Regpay Co, якая праз арганізаваны імі доступ да порнасайтаў атрымала ад пэдафілаў розных краінаў сьвету мільёны даляраў. Падчас расьсьледаваньня, якім займалася ФБР, былі вызначаныя імёны 40 тысяч карыстальнікаў, сярод якіх былі высокія дзяржчыноўнікі... У жніўні 2006 году двое кіраўнікоў беларускай фірмы былі асуджаныя амэрыканскім судом на 25 гадоў турэмнага зьняволеньня.

На прыкладзе гэтай крымінальнай справы можа было ўбачыць, наколькі інтэрнэт спрыяе ператварэньню адносна невялікай раней дзялянкі ў буйны разгалінаваны бізнэс. Як бачым, за мяжой, напрыклад, у ЗША, закон адносна такіх людзей больш строгі. У якім выпадку за дзіцячую парнаграфію могуць пасадзіць і ў Беларусі?

Сапелка: «У нас распаўсюджваньне парнаграфіі ня так жорстка караецца. Пакараньне робіцца больш жорсткім за кошт таго, што гэта робіцца, дапусьцім, злачыннай арганізацыяй. Тады яе ўдзельнікам прызначаюць пакараньне за ўдзел у ёй. Складаюць пакараньні, і атрымліваецца пяць-шэсьць гадоў зьняволеньня. Я меў магчымасьць назіраць такую справу. Яна расьсьледавалася з падачы амэрыканцаў. Яны даслалі ў Беларусь дадзеныя пра тое, што грамадзяне Беларусі маюць дачыненьне да распаўсюджваньня дзіцячай парнаграфіі на тэрыторыі ЗША, і па гэтых матэрыялах было праведзена расьсьледаваньне і прыцягнута да адказнасьці група асобаў. У тым ліку з прызначэньнем такога пакараньня, пра якое я казаў. Яны знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Многія зь іх былі студэнтамі, займаліся, па сутнасьці, такім сыстэмным адміністраваньнем, ім здавалася, што яны нічога асаблівага не парушаюць. Але аказалася, што парушаюць».

Дзяржава і крымінал зрошчваюцца і ў кібэрпрасторы

Нярэдка можна пачуць, што асуджаных на Захадзе высокакваліфікаваных кампутаршчыкаў з былога СССР, калі яны супрацоўнічаюць са сьледзтвам, тамтэйшыя спэцслужбы выкарыстоўваюць у сваіх мэтах, але ўжо пад іншай легендай. У прынцыпе, такой вярбоўкай займаюцца і нашы органы. Напрыклад, пра тое, як яго ў СІЗА КДБ запрашалі папрацаваць хакерам, пісаў у сваёй кнізе «Еду ў Магадан» палітвязень Ігар Аліневіч.

Сапелка: «Вы, можа, чулі гісторыю пра тое, як было цэлае гняздо злачынцаў ва ўпраўленьні „К“ па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў. Гэта было некалькі гадоў таму. Супрацоўнікі ўпраўленьня, калі я правільна памятаю гэтую сытуацыю, узялі пад дах „кардэраў“ і выкарыстоўвалі іхнюю працу. Наколькі я ведаю, такая традыцыя была яшчэ ледзь не на пачатку мінулага стагодзьдзя, калі тых, хто займаўся фінансавымі махінацыямі, прыцягвалі да працы ў паліцыі ў якасьці кансультантаў. Тады гэта былі новыя спосабы нелегальных заробкаў, і не было спэцыялістаў, якія б маглі процістаяць злачынцам лепш, чым былыя гэткія ж злачынцы. Мне здаецца, адно з адным не павінна зьмешвацца: злачынцы ўчыняюць злачынствы, а праваахоўныя органы павінны іх раскрываць».

У нашы дні ня толькі злачынцы могуць выкарыстоўваць усе нашы прыватныя дадзеныя, але і дзяржава. Пад кантролем улады, якую францускі філёзаф, сацыёляг ды дасьледчык турмаў Мішэль Фуко назваў за яе пранікненьне ва ўсе капіляры грамадзтва «біяўладай», можа апынуцца сёньня любы чалавек, які мае доступ да інтэрнэту, мае электронны адрас ды карыстаецца сацсеткамі. І гэта ня проста ўлада ў выглядзе вонкавага нагляду (якая ўласьцівая пэнітэнцыярным установам), гэта ўлада веданьня нашых паводзінаў, думак...

На думку Паўла Сапелкі, кожны чалавек павінен быць гаспадаром інфармацыі пра сябе. Ён сам вызначае форму яе даступнасьці. Адна справа, калі ён выстаўляе сваё фоты ці нейкія прыватныя зьвесткі ў сеціве і хоча, каб гэта было даступна ўсім. Іншая справа, калі ён вызначае абмежаваньні даступнасьці, а гэтую інфармацыю шляхам нейкіх маніпуляцыяў атрымліваюць іншыя асобы. Гэта ўжо ёсьць парушэньнем. Калі ж ў асабістую прастору ўрываецца дзяржава, то гэта грубае парушэньне права чалавека«.

Маці асуджанага на восем гадоў турмы анархіста Ігара Аліневіча — Валянціна Аліневіч дзеліцца тым, як інфармацыйныя тэхналёгіі адбіліся на лёсе сына ды ўсёй сям’і:

— Ва ўсе часы тэхнічны прагрэс, з аднаго боку, быў носьбітам усяго новага і прагрэсіўнага, а зь іншага боку — нёс пэўныя разбурэньні. Калі гаварыць пра нашу сям’ю, пра лёс Ігара, яго памкненьні... Ён сам абраў радыётэхнічны ўнівэрсытэт. Стаў высокакваліфікаваным радыёэлектроншчыкам. Спадзяюся, што калі-небудзь ён працягне гэтую дзейнасьць, пасьля таго як выйдзе з турмы... Нават гісторыя затрыманьня Ігара ў Маскве. Яго адсачылі з дапамогай тых жа інфармацыйных тэхналёгіяў, праз сыгналы мабільнага тэлефона... Я думаю, што пад канец утрыманьня сына ў менскай „Амэрыканцы“, калі яму прапанавалі працаваць хакерам, перад ім паўстаў маральны выбар. Ігару проста не захацелася, каб нехта празь яго з дапамогай гэтых інфармацыйных тэхналёгіяў стаў аб’ектам татальнага адсочваньня, стаў нейкай казюлькай пад мікраскопам, каб асабістае жыцьцё таго чалавека, ягоныя нейкія тайны сталі здабыткам іншых, каб праз гэтыя веды чалавекам пачалі маніпуляваць... Я стаўлю сябе на месца Ігара і думаю, што ад падобнай прапановы становіцца брыдка. Хаця ўпэўненая, што ў падобнай сытуацыі знайшлося б нямала людзей, якія б схапіліся за любую такую саломінку, за любую магчымасьць супрацоўнічаць. Абы толькі выйсьці на волю...

— Наколькі чалавек як асоба можа, на ваш погляд, супраціўляцца такому татальнаму кантролю так званай біяўлады? Якія мэханізмы, якія сродкі трэба выкарыстоўваць, каб не дапускаць ушчамленьня тваіх правоў, не дапускаць празьмернага ўварваньня ў тваю асабістую прастору?

Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч

— Думаю, можа. Папярэджаны — значыць узброены. Ну вось такая сытуацыя, як прыём на працу. Цяпер многія працадаўцы, прымаючы да сябе на працу таго ці іншага кандыдата, складаюць яго інфармацыйны партрэт. Нярэдка з дапамогай тых зьвестак, які ён выкладае пра сябе ў сацсетках. Калі чалавек ня хоча, каб усе ведалі ягонае асабістае жыцьцё, то ён ня будзе нешта асабістае пісаць у сацсетках і ўвогуле ў кампутары. Ігар у сваёй кнізе пісаў, што падчас выбараў электронную перапіску і іншыя кампутарныя запісы нашай апазыцыі спэцслужбы чыталі як адкрытую кнігу. Сёньня ўсё гэта вельмі лёгка чытаецца...

— А самі вы як абараняеце сваю асабістую прастору? Не карыстаецеся кампутарам увогуле?

— Наадварот. Дарэчы, Ігар заўсёды зьдзіўляецца падчас спатканьняў, калі мы з мужам расказваем пра свае посьпехі ў авалодваньні кампутарам. Кажа: ну, бацькі, вы так далёка пайшлі, я ганаруся вамі! Дык вось для мяне вельмі важная магчымасьць самавыяўленьня, адчуваньня ўнутранай свабоды, для таго каб ігнараваць падобныя намеры. Ніякім жучкам, ніякім павучкам я не даю магчымасьці паразытаваць на мне. Ня трэба баяцца!

«Зьдзіўляе даверлівасьць нашых людзей» — з апытаньня ў Горадні

І напрыканцы — традыцыйнае апытаньне, якое мы правялі на гарадзенскіх вуліцах. За апошні час у Горадні адзначана некалькі выпадкаў кібэрзлачынстваў. Напрыклад, маладыя людзі атрымлівалі ад махляроў паведамленьне, што павінны заплаціць штраф за прагляд порна ў інтэрнэце. Пападаюцца гарадзенцы і на фальшывыя паведамленьні праз электронную пошту пра тое, што яны нібыта выйгралі за мяжой вельмі вялікую суму грошай. Крыху раней быў асуджаны жыхар Горадні, які распаўсюджваў вірусныя праграмы, якія блякавалі кампутары ў Канадзе, ЗША і Мэксыцы. Ён патрабаваў заплаціць за разблякаваньне. На запыт амэрыканскіх службаў яго затрымалі. Гэты чалавек выплаціў заакіянскім ахвярам кампэнсацыю — трыццаць пяць тысяч даляраў — і атрымаў мякчэйшае пакараньне: два гады зьняволеньня, але з двухгадовай адтэрміноўкай выкананьня прысуду.

«Свабода ў турмах» пацікавілася ў гарадзенскіх мінакоў: ці вядома ім пра гэтыя выпадкі і ці не сутыкаліся яны самі ці знаёмыя з падобным? Таксама мы папрасілі выказацца наконт таго, як трэба караць кібэрзлачынцаў: саджаць за краты, штрафаваць?

Наўпроставы лінк

P.S.: Слава пра беларускіх хакераў дайшла да ЗША

Урывак з культавага амэрыканскага сэрыялу Breaking Bad. Адвакат прапаноўвае вырашыць грашовую праблему праз аднаго хакера, які жыве недзе ў падвале ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG