Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працаваць дворнікам за 2 мільёны, аддзелачнікам за 4 мільёны беспрацоўныя ня хочуць


У цэнтры занятасьці

У цэнтры занятасьці

Колькасьць беспрацоўных менчукоў вырасла да 7 тысяч чалавек. Толькі за красавік непрацаўладкаваных у сталіцы стала больш на 2 724 чалавекі — гэта дадзеныя Камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкаму. Пры гэтым значна менш стала і вакансіяў, асабліва на прамысловых прадпрыемствах, на будоўлях, у аўтамабільным бізнэсе. Стала цяжка ўладкавацца нават дворнікам, будаўніком і рабочым «Зелянбуду» — у гэтым пераканалася карэспандэнтка Свабоды, наведаўшы Службу занятасьці Першамайскага раёну.

Попыт на працоўныя рэсурсы зьнізіўся ва ўсіх сфэрах. Сярод юрыстаў конкурс амаль 17 чалавек на месца, сярод так званых «айцішнікаў» — 4,5 чалавека на вакансію. У раённыя цэнтры занятасьці людзі такіх спэцыяльнасьцяў звычайна ня ходзяць, шукаюць працу праз кадравыя агенцтвы, інтэрнэт, былых калегаў. А вось прадстаўнікі рабочых прафэсіяў, будаўнікі, людзі без кваліфікацыі шукаюць працу найчасьцей на так званых «біржах працы».

Раніцай 21 траўня ў Службе занятасьці Першамайскага раёну натоўпу ахвотных працаўладкавацца, чэргаў не назіралася. Мужчына на выгляд гадоў сарака ўважліва вывучаў вакансіі. Пра сябе ахвотна распавёў:

— Я сьлесар механазборачных работ 5-га разраду. Працаваў у сумесным прадпрыемстве „Алютэх Інкарпарэйтэд“, але сышоў адтуль гады 2–3 таму. Цяпер шукаю іншую працу па сваёй спэцыяльнасьці. Вакансіі, у прынцыпе, ёсьць, але яны мяне не задавальняюць, таму што далекавата езьдзіць, нязручна. Вось шукаю, каб бліжэй.

— А заробкі? На колькі б вы пагадзіліся?

— Па грашах пакуль нічога прымальнага. Я б хацеў мінімум 7–8 мільёнаў. Гэта мінімум. А прапануюць максымум 5 мільёнаў.

— А падштурхнуў працаўладкоўвацца вас гэты дэкрэт?

— Так, і ён таксама.

Намесьніца начальніка службы занятасьці асаблівага ажыятажу ў зьвязку з прыняцьцем так званага дэкрэту аб дармаедах не адзначае:

«Пэрманэнтны спакойны стан, людзі прыходзяць, камусьці патрэбная дапамога ў працаўладкаваньні, хтосьці навучыцца новай спэцыяльнасьці хоча. Я не магу сказаць адназначна, што гэта з Дэкрэтам пра дармаедаў зьвязана. На сёньняшні дзень яшчэ ніхто ня ведае, як гэты дэкрэт будзе працаваць. Павінен прайсьці прынамсі год, каб разабрацца, што і як будзе. Людзі проста прыходзяць шукаць працу».

Многія прадпрыемствы скарачаюць вытворчасьць, пераводзяць людзей на няпоўны працоўны дзень — нават высокакваліфікаванаму сьлесару, токару, фрэзэроўшчыку знайсьці працу стала складана. У «Менскзелянбудзе» вакансіі былі заўсёды. Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Былому працаўніку зелянбуду, зь якім не працягнулі кантракт і які раней зарабляў 5 мільёнаў, прапануюць працаўладкавацца дворнікам на 2 мільёны:

— Рабочы зеленабудаваньня, 5-га разраду. Працаваў у зелянбудзе, потым у ЖРЭА Першамайскага раёну. Кантракт скончыўся, і ўсё — сыходзь. Цяпер не магу ўладкавацца.

— Няма вакансіяў?

— Няма. Але з боку бяруць — сваіх людзей. Начальнік сваіх людзей бярэ і плоціць ім зарплату. А старыя работнікі, як я — я 11 год адпрацаваў — усё, кантракт скончыўся. Таму што я шмат ведаю: чым павінны забясьпечваць, а пальчаткі не выдаюць. Я магу паскандаліць...

— То бок бяруць на працу ляяльных, хто маўчыць?

— Так, гэта ў нас такая справядлівасьць.

— Наагул нічога не прапаноўваюць?

— Прапаноўваюць дворнікам, але прабачце — заробак 2 мільёны 100 тысяч. Паспрабуй пражыві.

— А на вашай ранейшай працы якія былі заробкі?

— Я атрымліваў 4–5 мільёнаў.

Два маладыя хлопцы скончылі ПТВ будаўнікоў, адслужылі ў войску, цягам двух месяцаў спрабуюць працаўладкавацца. Пакуль беспасьпяхова:

— Лепш бы ў войску засталіся. Вакансіі, у прынцыпе, ёсьць. Але зь мізэрнымі заробкамі. Мне падаецца, што з прыняцьцем дэкрэту і заробкі зрэзалі.

— А якія заробкі прапануюць?

— Тры васямсот — чатыры мільёны. А ў мяне трое дзяцей, як мне жыць на 4 мільёны? Заплаціць за кватэру, за дзіцячыя садкі, а дзяцей жа яшчэ апрануць, накарміць трэба. Ну як мне жыць на 4 мільёны з трыма дзецьмі? То бок гэта вельмі мала. Заробкі проста мізэрныя.

— Але ж раней будаўнікі заўсёды зараблялі прыстойна...

— Так. Раней так і было. А цяпер самая высокая зарплата ў будаўнікоў па аддзелцы — 5 мільёнаў, і то не паўсюль. Да таго ж — патрабаваньні да разраду. Чалавек пасьля ПТВ наўрад ці атрымае заробак больш за 4 мільёны. Паўсюль вопыт працы патрабуюць. У вучылішчы даюць 3 разрад, а паўсюль 5 і 6 разрады патрабуюць, а 3 і 4 разрад — рэдка дзе. Цяжка ўладкавацца.

І хоць многіх заробкі па 3–4 мільёны не задавальняюць, вакансіяў нават на некваліфікаваныя працы амаль няма, кажа намесьніца начальніка Службы занятасьці Першамайскага раёну:

«На сёньняшні дзень фактычна ўся некваліфікаваная праца разабраная, таму што людзям, якія ня маюць нічога, трэба працаваць. Яны разумеюць, што калісьці ім гэты падатак на дармаедаў давядзецца заплаціць. Хоць, вядома, прачытаўшы гэты дэкрэт, я мяркую: падатковай інспэкцыі давядзецца папрацаваць, каб усё спалучыць і выявіць сапраўдных нежадаючых працаваць. Я б сказала, працэдурка будзе складаная».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG