Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба зьбірацца каля адміністрацыі прэзыдэнта», — гомельскі прадпрымальнік


На Прудкоўскім рынку ў Гомелі
На Прудкоўскім рынку ў Гомелі

Паўтара месяца доўжыцца маўклівая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў на гомельскіх рынках. Далёка ня ўсе зь іх могуць займець сэртыфікаты на кожны від тавару, як таго патрабуе ўказ № 222.

11 лютага ў першай галерэі Прудкоўскага рынку, дзе налічваецца 60 гандлёвых месцаў, апоўдні працавала толькі двое прадпрымальнікаў. У іншых галерэях — прыкладна трэцяя альбо чацьвёртая частка.

«Больш за месяц сядзела дома. Выйшла на свой страх і рызыку гандляваць. На асобныя тавары ёсьць сэртыфікаты, на іншыя — няма. У мяне тры гандлёвыя кропкі, трэба плаціць арэнду, а няма чым. І сям’ю трэба карміць. Двое дзяцей вучацца, а „Гомельдрэў“, дзе муж робіць, — там усё празь пень-калоду. Такое засмучэньне ў душы, што плакаць хочацца. А нас яшчэ бандытамі Лукашэнка называе. Гэта абраза вышэйшай катэгорыі. Гэта ў душы спараджае толькі супраціў», — кажа прадпрымальніца Вера.

Жанчына мае вышэйшую адукацыю, яна выхавацелька. Прадпрымальніцтвам занялася, калі садкі у горадзе сталі закрываць:

«Апошнім часам у зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне меркавала, што трэба пацярпець дзеля той жа стабільнасьці ў грамадзтве. Дацярпеліся! Дробны бізнэс зараз ня толькі заціснулі — наступілі на горла.

Я за Лукашэнку на выбарах галасвала, а цяпер, ведаеце, шкадую».

Прадпрымальнік, які гандлюе красоўкамі, на абвінавачваньне ў бандытызме рэагуе гэтак: «Улада — гэта й ёсьць бандыты. Калі ў краіне няма працы, то людзі самі б варушыліся. А тут — заціскаюць. Незразумела ўсё гэта».

Прадпрымальнік Пётар мае сэртыфікаты на сваё адзеньне. І не пагаджаецца з тым, што ўлада вінаваціць прадпрымальнікаў у заняпадзе айчыннай лёгкай прамысловасьці, у гандлі рызьзём, злачынствах і бандытызьме:

«Рызьзём мы не гандлюем — у нас новы тавар. І мы — не бандыты. А хто так думае, то, пэўна, раўняецца на сябе. Ён не апранаецца у айчынных крамах з айчыннай вопраткай і на машынах айчынных ня езьдзіць, а хоча, каб гэта толькі мы рабілі. Мы ня супраць прадаваць і айчынныя тавары, але прапануюць яго аптавікі ў два разы даражэй, чым у той жа Расеі. Хто ж яго купіць у нас, калі людзі і без таго ледзь канцы з канцамі сточваюць? А лёгкую прамысловасьць трэба падымаць — спэцыялістаў завозіць, калі свае галовы ня цямяць, абсталяваньне добрае завозіць, тэкстыль. Няхай прадпрымальні ствараюць малыя прадпрыемствы — даць ім дарогу, а не душыць».

На Прывакзальным рынку
На Прывакзальным рынку

На Прывакзальным рынку прыкладна траціна прадпрымальнікаў аднавіла працу.

«Чыноўнікі думаюць, што мы тут грошы лапатаю грабем. Тут, калі за дзень пару абутку прадасі, то й слава богу. Беларускі тавар ляжыць лёгма — усё дарагое. Калі мы закупім усё беларускае, то людзі будуць толькі глядзець на яго і думаць: сьпярша хлебу трэба купіць, а то й на хлеб не застанецца», — пераканана прадпрымальніца Тацяна.

На абразы кіраўніка дзяржавы прадпрымальніца толькі махае рукою: «Як нас толькі не адбзывалі! Мы на гэта не рэагуем. Кепска, што Анатоль Шумчанка з „Пэрспэктывы“ мітынг адмяніў. Ён, выглядае, толькі свае інтарэсы абараняе, пра сваю кар’еру думае».

У сярэдзіне Прывакзальнага рынку адчыненыя два ралеты. У адным зь іх жанчына сартуе абутак — на які ёсьць сэртыфікат, а на які — няма. Тут жа сабралася купка прадпрымальнікаў.

«Чыноўнікі — во дзе бандыты, бо давялі ўжо да таго, што хочацца зьехаць на край зямлі», — ледзь стрымлівае сябе адна з прадпрымальніц.

Суседка яе дапаўняе:

«Паглядзіце навокал — хто на рынках гандлюе? Жанчыны! Многія зь іх — маці-адзіночкі. З кім ваюе ўлада?

З тымі, хто спраўна плаціць падаткі, з тымі , хто знайшоў сабе працу, хто нічога для сябе ня просіць у чыноўнікаў, абы толькі не перашкаджалі!»

Прадпрымальніца, якая перабірае абутак, нечакана дадае: «З мастацкай школы дзяцей ужо забіраем, бо ня можам заплаціць 320 тысяч. Дык што — гэта нармальная дзяржава? І што хадзіць на „Пруды“ пратэставаць, як прапануюць некаторыя? Трэба ў цэнтры зьбірацца!»

На Цэнтральным рынку
На Цэнтральным рынку

Амаль пуставалі 11 лютага гандлёвыя рады на рэчавым рынку «Цэнтральны». Гандлявалі толькі некалькі прадпрымальнікаў зімовымі галаўнымі ўборамі ды джынсамі, а на паўночнай частцы рынку сёй-той прадаваў валізы ды дзіцячы асартымэнт, на які сэртыфікацыя патрабавалася яшчэ пятнаццаць гадоў таму.

«Сэртыфікаты ёсьць, а працаваць немагчыма — пакупнікоў няма. Гэта агідна: мы беларускія людзі, а нас называюць бандытамі. У каго мы што скралі? Каго мы абрабавалі?», — абураецца прадпрымальніца Жана.

Насупраць яе гандлюе беларускімі жакетамі ды швэдарамі ў невялікім асартымэнце яшчэ адна прадпрымальніца. Кажа, што спэцыяльна набыла сёе-тое з беларускага тавару, каб мець магчымасьць зарабіць хоць нейкую капейчыну, бо іншага даходу сям’я ня мае:

«Ідзеш па паўднёвай частцы рынку, дык толькі вароны каркаюць — уражаньне такое, што ідзеш праз могілкі.

Мы проста ў шоку! Плацім падаткі, плацім у фонд сацыяльна абароны, плацім арэнду, кормім свае сем’і, у дзяржавы нічога ня просім — і мы бандыты? А бандытам няма за што жыць, бо ўжо другі месяц бяз працы».

Жанчыны лічаць, што патрэбныя акцыі пратэсту, але толькі каб усе разам, салідарна. Спадзяюцца, што хоць у такіх варунках улада возьмецца за розум.

«Ніякіх мітынгаў на „Прудах“, на балоце, на Бангалоры! Трэба ехаць у Менск і зьбірацца каля Адміністрацыі Лукашэнкі. З усёй Беларусі зьбірацца! Эканоміку Беларусі ён прафукаў, а цяпер ня ведае, дзе і што ўрваць. Прадпрымальнікі ў нейкай меры незалежныя людзі, яны не стаяць перад кіраўніком з працягнутай рукою: „Дай, дай, дай!“ Мы хочам працаваць і ні ў кога не прасіць падачкі», — катэгарычна заяўляе прадпрымальнік Уладзімер, які перажыў ужо не адну хвалю ўладнага ціску на дробны бізнэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG