Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьцейскія блогеры вінавацяць «Дынама» ў маніпуляцыях зь зямельным надзелам


Дзяніс Турчаняк і Сяргей Пятрухін — аўтары відэа, у якім расказваецца пра афэру

Дзяніс Турчаняк і Сяргей Пятрухін — аўтары відэа, у якім расказваецца пра афэру

Блогер зь Берасьця Сяргей Пятрухін і каардынатар руху «За свабоду» Дзяніс Турчаняк заявілі, што выкрылі афэру з удзелам аднаго з прадпрыемстваў Беларускага фізкультурна-спартовага абʼяднаньня «Дынама».

Скандал у Берасьці разгарэўся пасьля таго, як на зямельным участку, які перадалі спартоўцам, узьнікла крама гандлёвай сеткі «Рублёўскі».

Дзяніс Турчаняк, каардынатар руху «За свабоду», з гэтай нагоды заявіў, што спартовая арганізацыя злоўжывае прэфэрэнцыямі, якія ёй дало кіраўніцтва Беларусі.

«Яшчэ ў 2012 годзе Берасьцейскі гарвыканкам выдзеліў унітарнаму прадпрыемству „Дынама-Цэнтар“ зямельны ўчастак па вуліцы Валгаградзкай. Зямля перадавалася спартовай арганізацыі без аўкцыёну згодна з ініцыятывай кіраўніка краіны аб падтрымцы спорту. Пры гэтым „Дынама“ вызвалялася ад арэнднай платы за зямлю, магла весьці на выдзеленым участку гаспадарчую дзейнасьць. У прыватнасьці „Дынама-Цэнтар“ змог бы здаваць зямлю ў субарэнду або заключыць дамову на сумесную дзейнасьць з пэўнай гандлёвай сеткай, пабудаваць краму і атрымаць сваю долю ўласнасьці. А атрыманыя грошы павінны ісьці на разьвіцьцё і падтрыманьне спорту. Але вынік стаў адваротны чаканьням», — кажа Дзяніс Турчаняк.

Блогеры: Горад страціў 800 тысяч даляраў

Агулам у Беларусі «дынамаўцам» было выдзелена каля 60 участкаў. Чыноўнікі дакладвалі Аляксандру Лукашэнку, што спартовыя арганізацыі будуць атрымліваць ад перададзеных участкаў прыбытак у памеры каля 100 тысяч даляраў. У Берасьці адзін зь сямі ўчасткаў быў выдзелены «Дынама-Цэнтру» на людным месцы — на скрыжаваньні вуліц Валгаградзкай і Луцкай. Неўзабаве тут збудавалі краму гандлёвай сеткі «Рублёўскі».

Крама на месцы ўчастку, выдзеленага для УП «Дынама-Цэнтар»

Крама на месцы ўчастку, выдзеленага для УП «Дынама-Цэнтар»

Але да гэтага абʼекту «Дынама-Цэнтар» ня мае аніякага дачыненьня, кажа Дзяніс Турчаняк:

«Участак, які дастаўся „Дынама-Цэнтру“ бясплатна, насамрэч вельмі дарагі. Камэрцыйны кадастравы кошт зямлі — больш як сто адзінаццаць даляраў за квадратны мэтар. А перададзеныя сем тысяч квадратных мэтраў каштуюць каля васьмісот тысяч даляраў. Калі б правялі аўкцыён на арэнду гэтага ўчастку зямлі, бюджэт гораду добра папоўніўся б. Інвэстары змагаліся б за магчымасьць паставіць тут краму. Таму зусім ня дзіўна, што на гэтым участку была ўзьведзена крама гандлёвай сеткі „Рублёўскі“.

Але мы даведаліся, што будаваўся абʼект не спартоўцамі, а камэрцыйнай арганізацыяй „Млада 365“. Прычым, згодна з заканадаўствам, для таго каб пабудаваць краму на зямлі, якая была перададзена УП „Дынама-Цэнтар“, быў неабходны дазвол Берасьцейскага гарвыканкаму. Вось толькі згода з боку чыноўнікаў была агучаная толькі ў 2016 годзе — фактычна, калі будоўля гіпэрмаркету была завершаная. Чыноўнікі заключылі дамову з „Младай 365“ на арэнду зямельнага ўчастку без правядзеньня аўкцыёну, нават нягледзячы на тое, што дазволу і права на будаўніцтва камэрцыйная структура ня мела. Пры гэтым ранейшая дамова з „Дынама“ была скасаваная».

Паводле Дзяніса Турчаняка, камэрцыйная фірма «Млада 365» ня мае аніякага дачыненьня да УП «Дынама-Цэнтар». Да таго ж, калі б на права арэнды гэтай зямлі праводзіўся аўкцыён, то ў ім узялі б удзел некалькі гандлёвых сетак:

Крама «Рублёўскі» будавалася без дазволу гарвыканкаму

Крама «Рублёўскі» будавалася без дазволу гарвыканкаму

«У выніку ўзьнікае пытаньне: каго ж падтрымала дзяржава? Сэнс выдзяленьня гэтага ўчастку дзеля падтрымкі спорту абсалютна адсутнічае. Бо фактычна дынамаўцы выкарысталі зямельны ўчастак у інтарэсах камэрцыйнай фірмы. А тая ня мела дазволу на атрыманьне зямлі без правядзеньня аўкцыёну. У сваю чаргу, „Дынама-Цэнтар“ на атрыманым участку зямлі дазволіў інвэстару збудаваць краму за свой кошт. Але гэтая дзейнасьць не прадугледжаная статутам унітарнага прадпрыемства.

Падобная сытуацыя была ў Гародні. Але там дамову на арэнду зямельнага ўчастку з уладальнікамі крамы „Рублёўскі“ мясцовыя ўлады заключылі толькі пасьля аплаты ў памеры 10 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. У нашым выпадку гарадзкі бюджэт наагул не атрымаў ні рубля».

Чыноўнікі абвяргаюць

Андрэй Філановіч, намесьнік старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму, які адказвае за пытаньні выкарыстаньня і ўпарадкаваньня зямлі, ухіліўся ад камэнтара вакол сытуацыі з участкам, які выдзяляўся «Дынама-Цэнтру».

Чыноўнік адказаў, што якія-кольвек камэнтары на гэты конт могуць прагучаць толькі з дазволу ягонага кіраўніцтва. У сваю чаргу, памочнік старшыні гарвыканкаму адказаў карэспандэнту Свабоды, што ўсе акалічнасьці гэтай справы можа пракамэнтаваць толькі Андрэй Філановіч, бо гэта ягоная кампэтэнцыя.

Дырэктар УП «Дынама-Цэнтар» Сяргей Маслоўскі заявіў, што лічыць зьвесткі актывістаў зь Берасьця недакладнымі і неадпаведнымі рэчаіснасьці:

«Гэтыя зьвесткі блогера псуюць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства. Факты, прадстаўленыя ім, — непраўдзівыя. Мы рыхтуем абвяржэньне. А таксама зьбіраемся накіраваць у суд пазоў. Таму, пакуль справа ня будзе разгледжаная ў судзе, камэнтароў я даваць ня буду. Скажу толькі, што інфармацыя ад берасьцейцаў недакладная. Я ўжо даўно працую ў гэтай арганізацыі. Таму скажу яшчэ, што ў нас ёсьць усе дакумэнты аб выдзяленьні гэтага ўчастку. Таксама маем усю перапіску, законнасьць аплатаў можам пацьвердзіць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG