Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцеец з савецкім пашпартам 8 гадоў жыў бяз пэнсіі


Улётка супраць пашпартаў з асабістым нумарам

Улётка супраць пашпартаў з асабістым нумарам

Мікалай Лаўранюк зь рэлігійных перакананьняў не жадае атрымліваць беларускі пашпарт і жыве з савецкім. Толькі прайшоўшы шмат судоў, ён дабіўся права атрымліваць пэнсію па дакумэнце неіснуючай дзяржавы. Але галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах яму дазвалялі па савецкім.

Лаўранюк — адзін з тых праваслаўных вернікаў, якія лічаць, што нельга атрымліваць пашпарты з асабістым нумарам. Мікалай лічыць, што ў асабістым нумары прысутнічае д’ябальская лічба 666. А гэта, сьцьвярджае Мікалай Лаўранюк, «не пакідае шанцу на збаўленьне ў іншым жыцьці».

«Камуністычны серп і молат не такі страшны, як лічба зьвера»

У спадара Лаўранюка — савецкі пашпарт з камуністычнымі сымбалямі, сярпом і молатам, узору 1974 году.

«Мой пашпарт — сапраўдны. У ім уклеены апошні фатаздымак, пасьля якога пашпарт ня мае тэрміну дзеяньня. Стаіць пячатка, ды напісана, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І што тут ім недастаткова было? Але нас падманваюць, каб кожны атрымаў новы пашпарт, які непрымальны для нас...», — сьцьвярджае Мікалай Лаўранюк.

Спадар кажа, што для вернікаў нават пашпарт з камуністычным сярпом і молатам не такі страшны, як сучасныя пашпарты «зь лічбай зьвера».

Марыя, жонка Мікалая Лаўранюка, цалкам падзяляе погляды мужа. Яна распавядае, што сучасны беларускі пашпарт атрымала, калі яшчэ ня ведала «небясьпеку д’ябальскай лічбы».

Вернікі настолькі асьцерагаюцца розных лічбаў, што напачатку нават адмаўляюцца на просьбу карэспандэнта Свабоды сфатаграфавацца, таму што фотаздымач — лічбавы. Аднак потым Мікалай дазваляе яго сфатаграфаваць, пад абяцаньне, што карэспандэнт пасьля публікацыі матэрыялу на сайце выдаліць фота са здымача.

Мікалай Лаўранюк

Мікалай Лаўранюк

Жывуць на пэнсію жонкі, улетку зьяжджаюць у вёску

Мікалай і Марыя нарадзіліся ў пасьляваенныя гады ў Драгічынскім раёне на Берасьцейшчыне. Распавядаюць, што іх сем’і былі досыць веруючыя. Мікалай кажа, што ніколі ня быў ні ў піянэрах, ні ў камсамольцах, імкнуўся пазьбягаць атэістычнай прапаганды, наколькі гэта было магчыма на той час. Большую частку жыцьця спадар Мікалай працаваў у галіне будаўніцтва, далёка не на высокіх пасадах.

Ужо 8 гадоў як Мікалай Лаўранюк — пэнсіянэр. Але атрымаць пэнсію дагэтуль ён ня мог, бо не зьмяняў пашпарт. Толькі аднойчы, кажа ён, перад мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі, пасьля скаргі чыноўнікам, яму выдалі пэнсію за адзін месяц.

Дарэчы, са сьмехам кажа спадар Мікалай, галасаваць на выбарах яму дазвалялі і па старым савецкім пашпарце або па іншых дакумэнтах.

На пытаньне, як жа яны выжываюць бяз пэнсіі спадара Мікалая, кажуць, што «цягнуць» на жончыну пэнсію. А ўлетку едуць у вёску ў Драгічынскім раёне, дзе жывуць з гароду. Там ім дапамагаюць і сваякі.

Савецкі пашпарт Мікалая Лаўранюка

Савецкі пашпарт Мікалая Лаўранюка

Пашпарты адмаўляюцца атрымліваць сотні беларусаў

Рух за пашпарты без асабістых нумароў найбольш шырокі сярод праваслаўных Расеі. У студзені 2015 году ачольнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл, выступаючы ў Дзяржаўнай Думе, распавёў, што ад вернікаў прыходзяць «тысячы зваротаў, якія выказваюць нязгоду зь безальтэрнатыўным увядзеньнем новых ідэнтыфікацыйных тэхналёгіяў».

Патрыярх заклікаў улады стварыць магчымасьць выбару для такіх вернікаў — атрымліваць біямэтрычныя пашпарты, пашпарты з ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, або мець дакумэнты без такой нумарацыі.

Распаўсюджаны рух супраць ідэнтыфікацыйных нумароў і сярод праваслаўных Украіны. Яшчэ ў часе кіраваньня Віктара Януковіча, калі ў Вярхоўнай Радзе разглядаўся законапраект аб біямэтрычных пашпартах, праваслаўныя вернікі на знак пратэсту ладзілі хрэсныя хады да парлямэнту.

У Беларусі, паводле Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі, лік людзей, якія не атрымліваюць пашпарты, ідзе на сотні.

Герб «Пагоня» ў савецкім пашпарце

Герб «Пагоня» ў савецкім пашпарце

«Есьці захочуць — прыйдуць і атрымаюць пашпарт»

Справай Мікалая Лаўранюка шмат гадоў займаецца берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей. Праваабаронца кажа, што ў гэтай сытуацыі парушаюцца правы на свабоду веравызнаньня, а таксама на атрыманьне пэнсійнага забесьпячэньня:

«У 2008 годзе Лаўранюк і яшчэ адна спадарыня да мяне зьвярнуліся з такой праблемай. Гэтыя веруючыя напачатку ішлі не па тым шляху — зьвярталіся ў міністэрствы... А згодна з законам аб пэнсійным забесьпячэньні, калі табе адмаўляюць у прызначэньні пэнсіі, трэба зьвяртацца ў суд. І мы зь імі па гэтай лініі пайшлі.

Праваабаронца Ўладзімер Малей

Праваабаронца Ўладзімер Малей

І мы ўбачылі тут парушэньні правоў, якія абараняюцца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Калі мы ўсе інстанцыі прайшлі, то зьвярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН. А ў жніўні 2014 году Канстытуцыйны суд прыняў рашэньне абавязаць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства ўнутраных спраў распрацаваць узор пасьведчаньня, каб гэтым людзям выдавалі пэнсію».

У лютым 2015 году зьявілася пастанова Савету міністраў, паводле якой такім грамадзянам можна будзе зьвяртацца па атрыманьне пэнсіі. Цяпер, кажа Ўладзімер Малей, ён зь Мікалаем Лаўранюком будзе дабівацца выплаты пэнсіі за тыя 8 гадоў, калі вернік яе не атрымліваў.

«Самае непрыемнае за ўвесь гэты пэрыяд барацьбы за правы гэтых грамадзянаў: калі я зьвяртаўся па тэлефоне ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і казаў ім — маўляў, як жа так вы парушаеце... А яны мне адказвалі, што калі есьці захочуць — прыйдуць і атрымаюць пашпарт. Бачыце, такі савецкі падыход — прынізіць чалавека, прымусіць стаць на калені... Але, аказваецца, людзі мацнейшыя за гэтую дзяржаўную машыну, вытрымалі», — рэзюмуе праваабаронца Ўладзімер Малей.

XS
SM
MD
LG