Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы лічыце, ці будзе ў Беларусі рэзкая дэвальвацыя валюты — усьлед за Расеяй? Ці робіце вы нешта для таго, каб засьцерагчыся ад яе? Адказваюць берасьцейцы.


Малады спадар: «Абараніцца — ніяк не абаронісься. У каго няма грошай — бессэнсоўна. Але дэвальвацыя будзе, мне падаецца, пасьля выбараў. Да выбараў будзем жыць добра пакуль што, на маю думку. Ды і ня мае сэнсу: на месяц-два абаронісься, а далей...»

Спадарыня сярэдняга веку: «Не, я думаю, што ў нас „Бацька“ дапаможа (сьмяецца). Канечне... Ня ведаю, гэта няхай баяцца тыя, у каго грошай шмат, а мы, рабочыя, на заробак жывем — то што нам баяцца за грошы. Я думаю, усё будзе добра».

Спадар: «Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады Беларусі будуць імкнуцца зьменшыць наступствы дэвальвацыі. То бок дэвальваваць беларускі рубель паступова. Думаю, пасьля выбараў трэба чакаць гэтую дэвальвацыю. Даю парады сваім сваякам, родным пра тое, што трэба назапашваць валюту, — яна спатрэбіцца».

Маладая спадарыня: «Хто яго ведае, будзе тая дэвальвацыя ці не. Эканамісты кажуць, што будзе. Трэба шмат грошай, каб пра гэта думаць. Простыя ж людзі пра гэта ня думаюць. У асноўным так і жывуць: заробак атрымалі, крышку пажылі, і ізноў — да заробку. Ну а той, хто багацейшы, зараз будзе купляць даляры ў банках. Напэўна, так выгадней: даляр будзе скакаць, то лепей ім цяпер закупляцца».

Спадарыня сярэдняга веку: «Калі там рэзкая дэвальвацыя, то і тут яна здарыцца. Таму цяпер у абменьніках вельмі шмат людзей. Бягуць і бягуць, мяняюць беларускія на даляры. Калі я спытала ў жанчыны, ці даляры яна мяняе, дык яна адказала: „Вы што, здурэлі? Хто ж даляры цяпер мяняе?“»

Пэнсіянэрка: «Расейскія я не купляю, даляры таксама, бо няма за што купляць. То мне ўсё роўна. Будзе ён падаць ці ня будзе — якая мне розьніца? Хай хоча — падае, хоча — стаіць. А, хутчэй за ўсё, дэвальвацыя будзе, калі мы зьвязаныя з Расеяй. Людзі зараз таксама, у каго ёсьць грошы — думаюць: купляць даляры ці захоўваць беларускімі. Халера яго тут ведае. Як у мяне няма грошай, то чаго яно на мяне паўплывае? На мяне не паўплывае, бо ў мяне няма ні тых, ні тых. Баяцца няма чаго: я што зарабіла, тое і „сьцерабіла“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG