Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Беларуськалія» і «Белтэлекама» адбяруць частку прыбытку. Што гэта значыць?


Беларуськалій
Беларуськалій

У сьпісе як гіганты кшталту «Беларуськалія», МАПІД-у і «Белтэлекама», так і невялікія адкрытыя акцыянэрныя таварыствы зь дзяржаўнай доляй. Агулам у фонд унясуць дадаткова 5,75 млн даляраў. Што гэта значыць, тлумачыць Яраслаў Раманчук.

Савет міністраў пашырыў з 29 да 49 сьпіс высокарэнтабэльных па выніках 2015 году арганізацыяў, якія будуць сплочваць частку прыбытку ў Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага разьвіцьця. У сьпіс дадалі арганізацыі, якія не прадставілі ў вызначаны тэрмін справаздачу ў Мінфін пра фармаваньне і выкарыстаньне прыбытку за 2015 год, а таксама прадпрыемствы з узроўнем рэнтабэльнасьці 19,1–19,9%. За іхні кошт фонд папоўняць на 113,1 млрд рублёў (каля 5,75 млн даляраў).

Што за прадпрыемствы дадалі ў сьпіс і чаму яны не змаглі здаць справаздачы своечасова?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Там шмат арганізацыяў, у якіх дзяржава мае вялікую долю акцыянэрнага капіталу. Яны, можа, ня вельмі зьвярталі на гэта ўвагу, што дзяржава імі кіруе, — тлумачыць Свабодзе эканаміст Яраслаў Раманчук. — Па сутнасьці, гэта вотчына „чырвоных дырэктараў“. Сёньня там спрабуюць навесьці парадак, кажуць — „вы ж дзяржаўныя, давайце нам справаздачы“. Гэта сьведчыць пра якасьць дзяржаўнага кіраваньня, пра адносіны паміж фармальным уласьнікам і разьмеркавальнікам-мэнэджэрам. Яго не было і няма, і ці здадуць паперкі зь мінусамі, ці ўвогуле не здадуць, для бюджэту вялікай розьніцы няма».

Сярод прадпрыемстваў у сьпісе найбольш у бюджэт аддадуць «Беларуськалій» (158,7 млрд рублёў), «Белтэлекам» (115,64 млрд), ГТФ «Нёман» (75 млрд). Некаторыя плоцяць значна меншыя сумы — так, толькі па 70 млн сплоцяць «Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Барысаўскага раёну» ці «Берасьцейскі абласны цэнтар па цэнаўтварэньні ў будаўніцтве». Разам зь іншымі ў сьпісе «Белдзяржстрах», «Белаэранавігацыя», мноства будаўнічых арганізацыяў, у тым ліку «МАПІД» і «Менскпраект».

Ці адчуюць спажыўцы паслугаў «Белдзяржстраха», МАПІД-у ці «Белтэлекама», што з прадпрыемстваў спаганяюць грошы ў фонд?

«Не, гэтыя прадпрыемствы і так больш мёртвыя, чым жывыя, — упэўнена кажа Раманчук. — Прыбытку там няшмат, грошай ня водзіцца. Проста тыя дырэктары, якія маглі нешта там зрабіць, каб скіраваць грошы на разьвіцьцё і інвэстыцыі, мусяць зьмірыцца, што грошы будуць праедзеныя. І так дояць „Беларуськалій“ і іншыя, падояць яшчэ 10–12 прадпрыемстваў.

Адной рукой дояць, іншай даюць, а балянсу па тым, колькі хто дае і атрымлівае грошай, няма. Калі б такі балянс зрабілі, даведаліся б, што такія гіганты нашай эканомікі, як „Гомсельмаш“ ці МТЗ — большыя дармаеды бюджэту, чым усе „дармаеды“ — фізычныя асобы.

На жаль, адной рукой дояць, іншай даюць, а балянсу па тым, колькі хто дае і атрымлівае грошай, няма. Думаю, калі б такі балянс зрабілі, даведаліся б, што такія гіганты нашай эканомікі, як „Гомсельмаш“ ці МТЗ — большыя дармаеды бюджэту, чым усе „дармаеды“ — фізычныя асобы».

Што такое наагул Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага разьвіцьця? Ці гэта фонд, які дзейнічае паводле прынцыпу «адабраць у багатых, каб аддаць бедным»?

«Гэта „адабраць у бедных і сярэдняга клясу, а аддаць тым, хто ня ўмее кіраваць“, — лічыць Раманчук. — Тым, якіх Лукашэнка назваў безгаспадарнымі, якія ня могуць зарабляць грошы. Па сутнасьці, гэта спроба ад тых, хто яшчэ нешта зарабляе ў гэтай сытуацыі, пераразьмеркаваць грошы ў праекты, якія ёсьць часткай дзяржаўных праграмаў.

А паколькі індывідуальныя рашэньні прымае Лукашэнка, то гэта кішэні, якія ён выкарыстоўвае ў крытычных для яго сытуацыях, як парлямэнцкія выбары. Калі будуць нейкія незадавальненьні, ён зможа „шырокім жэстам“ на праблемныя прадпрыемствы паслаць грошы. Не выключаю, што ў жніўні-верасьні аднаразова будуць павялічаныя пэнсіі і сацыяльныя выплаты, што ёсьць ужо часткай выбарчай кампаніі. Гэта і так робіцца празь бюджэт і бюджэтныя фонды, гэта проста яшчэ адна структура».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG