Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белаазёрску ліквідуюць фабрыку спартовага абутку «Белкельме»


Фабрыка «Белкельме» ў Белаазёрску

Фабрыка «Белкельме» ў Белаазёрску

Пакуль супрацоўнікаў «Белкельме» звальняюць і пераводзяць на біржу працы. Але віцебская кампанія «Марко» стварае прадпрыемства «Вэрдымар», якое мусіць працаўладкаваць былых працаўнікоў белаазёрскай фабрыкі.

Як апавялі Свабодзе былыя працаўніцы «Белкельме», крызіс на прадпрыемстве ўжо даўно — часам на складах назапашваецца да 800% ад сярэднемясячнага абʼёму вытворчасьці.

Працаўнікоў зь «Белкельме» звальняюць, але абяцаюць працаўладкаваць у «Вэрдымар»

«Праблемы пачаліся яшчэ з 2015 году. А апошнім часам я ўвогуле практычна не працавала — 2 дні на месяц, 3 дні, самае большае — 4 дні... 800 тысяч рублёў атрымлівала, 600 тысяч... Так і жывеш — камунальныя плаціла, ды ўсё», — сказала працаўніца зь Белаазёрску.

Яна дадала, што з фабрыкі ўжо звольнілі сотні чалавек, але ўсіх павінна працаўладкаваць «маркаўская» фірма «Вэрдымар».

«Сказалі, што ўсіх на тыя ж пасады возьмуць, нават дабіраць будуць людзей. Абяцалі, што перастаноўкі будуць толькі ў адміністрацыі, бо там столькі ня трэба людзей. Сказалі, што да Новага году будуць праблемы — пакуль усё супакоіцца. Але абяцаюць, што працы будзе шмат», — распавяла пра пэрспэктывы спадарыня.

У Белаазёрску яшчэ вісяць бігборды з рэклямай «Белкельме»

У Белаазёрску яшчэ вісяць бігборды з рэклямай «Белкельме»

Ананімныя скаргі і маўклівыя пратэсты працаўнікоў «Белкельме»

Працаўнікі «Белкельме» ня супраць, каб журналісты напісалі аб праблемах на фабрыцы, «каб хутчэй нешта зварухнулася». Але адкрыта з карэспандэнтамі Свабоды гаварыць не жадаюць — кажуць, што баяцца непрыемных размоваў з адміністрацыяй.

У часе звальненьняў, сказала суразмоўца, нехта з працаўнікоў фабрыкі напісаў ананімную скаргу ў аблвыканкам, пасьля чаго дырэктар на сходзе ўшчуваў рабочых:

«Звольнілі і не плацілі, людзі абураліся. Пасьля ліста ў аблвыканкам начальства склікала сход — маўчалі ўсе нібы рыбы, ніхто нават не абураўся. Дырэктар прапаноўваў выйсьці таму, хто напісаў скаргу, але ніхто ня выйшаў. На сходзе людзям казалі, каб яны не перажывалі, тлумачылі, што „прэзыдэнт пра гэтую праблему ведае“».

Спадарыня патлумачыла, што людзі баяцца адкрыта выказваць нейкі пратэст, каб ня страціць пэрспэктывы далейшай працы, «бо ў Белаазёрску працаўладкавацца цяпер праблематычна».

Фірмовая крама «Белкельме»

Фірмовая крама «Белкельме»

Чаму фабрыка спартовага абутку заняпала?

У канцы 2015 году Камітэт дзяржкантролю правёў праверку на «Белкельме», у выніку якой было выяўлена, што склады забітыя прадукцыяй. У дачыненьні да дырэктара фабрыкі і яго намесьніка былі заведзеныя справы паводле артыкула 237 Крымінальнага кодэксу — выманьваньне крэдытаў. Кантралёры выявілі, што, каб атрымаць крэдыты, з фабрыкі ў банк накіроўвалася несапраўдная інфармацыя. Кіраўнікоў прадпрыемства пакаралі мінімальным штрафам — па 300 базавых велічыняў (6300 дэнамінаваных рублёў).

Пры тым, што склады «Белкельме» былі забітыя ўласнай прадукцыяй, арганізацыя займалася продажам кітайскага абутку. Фабрыка разьвівала сваю ўласную гандлёвую сетку, мела 13 фірмовых крамаў у розных гарадах Беларусі. Але праверка Дзяржкантролю выявіла, што частку фінансавых стратаў фірме наносіла менавіта гэтая гандлёвая сетка.

Беларуска-гішпанскае прадпрыемства «Белкельме» было ўтворанае ў сярэдзіне 90-х гадоў і пазыцыянавала сябе як «вядучы ў Беларусі вытворца абутку для актыўнага адпачынку і заняткаў спортам». Цяпер былое «Белкельме» ўвойдзе ў холдынг «Марко», а 235 рабочых абяцаюць працаўладкаваць на «Вэрдымар».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG