Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы даставілі ў зону баявых дзеяньняў у Данбасе рэанімабіль з вышыванкай


Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

«Беларусы купілі рэанімабіль у зону АТА, і нам ня сорамна гэта піярыць», — заявіў Свабодзе грамадзкі актывіст з Гомеля Андрэй Стрыжак дарогаю з чацьвёртай гуманітарнай паездкі з Данбасу.

Андрэй Стрыжак апавёў Свабодзе, колькі каштуе машына хуткай дапамогі, якую купілі за грошы беларусаў для мабільнага шпіталя ўкраінскага войска, і назваў беларускія ласункі, якія ўкраінцы любяць атрымліваць ад беларускіх валянтэраў.

— Андрэй, вы чарговы раз вяртаецеся з зоны АТА. Распавядзіце, дзе пабывалі, каго наведалі, што перадалі?

— Гэтым разам наш маршрут пралягаў праз Харкаў, Арцёмаўск, Чырвонаармейск і Днепрапятроўск. Зь Беларусі мы амаль нічога ня везьлі, але гналі зь Нямеччыны машыну — рэанімабіль, які даставілі ў першы добраахвотны мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова. Рэанімабіль мы назвалі «Ратаўніца» і ўпрыгожылі налепкамі з вышыванкай. Большую частку грошай, за якія мы набылі рэанімабіль, сабралі беларусы. Кошт рэанімабіля — 5500 эўра, 4800 зь іх — гэта грошы беларусаў, якія ахвяравалі на патрэбы шпіталяў у АТА. Машына была ўрачыста перададзеная ў рукі кіраўніка шпіталя Яўгена Найштэціка. Цяпер «Ратаўніца» ўжо заступіла на баявое дзяжурства, тым больш што 12 красавіка пачалася актывізацыя баявых дзеяньняў на данецкім кірунку.

Рэанімабіль «Ратаўніца»

Рэанімабіль «Ратаўніца»

— Што валянтэры пад вашым кіраўніцтвам перадавалі ў зону АТА раней?

— У межах нашай гуманітарнай ініцыятывы ёсьць некалькі напрамкаў. Першы — збор сродкаў на мэдыкамэнты і мэдыцынскае абсталяваньне, якія мы набываем ужо ва Ўкраіне, каб не перавозіць празь мяжу. Другі — збор рэчаў для перасяленцаў з зоны АТА, сем’ям загінулых і параненых байцоў, якія жывуць цяпер у Чарнігаве і Чарнігаўскай вобласьці. Калі казаць пра першы кірунак, зьвязаны з дастаўкай мэдыцынскага абсталяваньня, то цяпер мы завяршаем чацьвёртую паездку ў зону АТА. Прычым раней мы дапамагалі шпіталям, якія знаходзяцца ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, а цяпер вырашылі працаваць з добраахвотніцкім мабільным шпіталем імя Міколы Пірагова, таму што яны такія самыя валянтэры, як і мы, і нам вельмі лёгка знаходзіць зь імі агульную мову.

— Днямі вы ўдзельнічалі ў тэлепраекце tut.by разам зь Пятром Шапко, кіраўніком ваенна-патрыятычнага цэнтру «Казачы спас», які займаецца зборам і дастаўкай дапамогі для жыхароў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Атрымліваецца, што ў Беларусі ёсьць ініцыятывы, якія мэтанакіравана дапамагаюць байцам АТА, і тыя, якія падтрымліваюць сэпаратыстаў. Што вы ведаеце пра іх дзейнасьць, і ўвогуле — хто яшчэ займаецца дапамогай украінцам?

— Я ведаю, што арганізацыя, якой кіруе Пятро Шапко, рабіла аднаразовую акцыю, нешта адвозіла жыхарам так званых «ДНР» і «ЛНР». Больш арганізавана хіба ніхто гэтым не займаецца, бо ёсьць пэўныя рызыкі і нявызначанасьць з боку беларускіх уладаў. Але ёсьць некалькі даволі актыўных валянтэраў, якія зьбіраюць і адпраўляюць дапамогу менавіта ўкраінскаму боку. У якасьці прыкладу магу назваць валянтэрку Тацяну Гацуру-Яворскую, якая ня так даўно сабрала 500 даляраў на набыцьцё аўтобуса, які перавозіць дзяцей з тэрыторыі, кантраляванай так званымі «ДНР» і «ЛНР», на ўкраінскую тэрыторыю.

— Як рэагуюць украінскія валянтэры, калі атрымліваюць дапамогу ад беларусаў?

— Вельмі пазытыўная рэакцыя. Ва Ўкраіне ж увогуле добра да Беларусі ставяцца. А тут, у выніку народнай дыпляматыі, гэтае стаўленьне толькі паляпшаецца. Я заўсёды падкрэсьліваю, што гэта менавіта беларуская дапамога, разам з мэдыкамэнтамі ці рэчамі перадаю ласункі — шакаляд «Спартак», глыбоцкую і рагачоўскую згушчонку, каб украінцы яшчэ і за гарбатай памяталі, хто ім дапамагае.

— Вы вельмі падрабязна інфармуеце ў Фэйсбуку пра тое, на што ідуць сабраныя сродкі, што набыта і каму перададзена. Што адкажаце тым, хто вінаваціць вас у піяры сваёй дабрачыннай дзейнасьці?

— Ёсьць тыя, хто робіць добрыя справы за ўласны кошт, як бізнэсоўцы ці іншыя заможныя людзі, — яны не абавязкова павінны расказваць пра сваю дабрачыннасьць. У выпадку працы паводле схемы краўдсорсынгу, калі валянтэры зьбіраюць грошы ахвярадаўцаў і пасьля накіроўваюць іх на карысную справу, абавязкова павінна быць публічная справаздача. Так, гэта піяр, які ў дадзеным выпадку значыць камунікацыю зь людзьмі, якія спадзяюцца на тое, што іх грошы пойдуць на карысную справу. Таму пісаць пра тое, што робіцца, або «піярыцца», трэба абавязкова, гэта спрыяе празрыстасьці.

— Андрэй, вы гарыце гэтай справай. У чым ваш сакрэт?

— Гэта вельмі моцная энэргетыка, якая праходзіць празь цябе, калі ты дапамагаеш іншым людзям. Гэта захоплівае. Калі разумееш, што той самы рэанімабіль, куплены за сабраныя ў Беларусі грошы, ужо сёньня ратуе чыесьці жыцьці, гэта вельмі матывуе рабіць наступны крок, які будзе такім — збор сродкаў на джып для мэдыкаў мабільнага шпіталя. Калі казаць пра мяне асабіста, то я падчас гэтых паездак, падчас зьбіраньня сродкаў і рэчаў знайшоў шмат выдатных сяброў, аброс выдатнымі знаёмствамі, якія, я перакананы, прыдадуцца і ў мірным жыцьці.

XS
SM
MD
LG