Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы будуць езьдзіць у Віетнам бязь візаў


Пляж у Данангу на беразе Паўднёва-кітайскага мора. Фота ©Shutterstock

Пляж у Данангу на беразе Паўднёва-кітайскага мора. Фота ©Shutterstock

Але пры адной абавязковай умове — працягласьць паездкі не павінна перавышаць 15 дзён.

Адпаведную пастанову прыняў урад Віетнаму. Яна ўступае ў сілу 1 ліпеня 2015 году і будзе дзейнічаць цягам пяці гадоў.

«Беларусь і Віетнам вялі перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму цягам некалькіх апошніх гадоў, паралельна з падпісаньнем дамовы аб свабодным гандлі, — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык. — У сьнежні 2014 году беларускі бок спрасьціў працэдуру атрыманьня ўязных візаў для грамадзян Віетнаму. А пытаньне аб кроку ў адказ уздымалася на сустрэчы прэм’ераў абодвух урадаў 28 траўня 2015 году.

Беларусь стала першай краінай, якая атрымала такі прывілей адпаведна з новым заканадаўствам Віетнаму».

Віетнам стаў 24-й краінай сьвету, якую грамадзяне Беларусі могуць наведаць бязь візаў. На афіцыйным сайце зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі зьмешчаны сьпіс краін, куды беларус можа накіравацца, не клапоцячыся пра візу. Гэта — Вэнэсуэла, Куба, Нікарагуа ды іншыя. Поўны сьпіс можна паглядзець тут у разьдзеле «Візы і консульскія пытаньні».

У блізкай пэрспэктыве бязьвізавымі могуць стаць падарожжы ў Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сынгапур. У далейшай — у Інданэзію, Катар, Аман, Лаос, Лібан, Уругвай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG