Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі я першы раз наведаў ЗША, больш за ўсё ўразіла тое, як шмат амэрыканцу даводзіцца выбіраць. На яго ўвесь час сыплюцца розныя прапановы тавараў і паслуг, бясконцыя распродажы зь вялікімі зьніжкамі і інш. Існуюць вельмі вялікія магчымасьці зэканоміць. Але дзеля гэтага трэба прыкласьці пэўныя высілкі. Я ўявіў сабе, што замест таго, каб заняцца нечым больш прыемным, трэба кожны дзень шукаць у інтэрнэце, лічыць на калькулятары, чытаць аб’явы, рэклямныя лісты, якія кідаюць у паштовую скрыню, — і мяне, непрывыклага да гэтага, ахапіў жах.

Для савецкага чалавека вялізарная свабода выбару — гэта аглушальная зьмена ўсяго ладу жыцьця. Сам бачыў, як у замежжы на пачатку 1990-х гадоў нявіннае пытаньне — «Вам якой кавы?» — ставіла нашых людзей у тупік. Аказваецца, кава бывае розная!

Хваля аўтарытарызму, якая ў той ці іншай ступені ахапіла ўсе краіны СНД, мае шмат прычынаў. Але адным з важных чыньнікаў стала псыхалягічная рэакцыя на свабоду, якая нечакана звалілася на галаву савецкага чалавека пасьля распаду таталітарнай сыстэмы. Запатрабаванасьць моцнай рукі ўзьнікла ня столькі ад зьбядненьня (нашы грамадзяне ніколі не былі надта заможнымі), колькі ад няўменьня і нежаданьня рабіць выбар. Дасюль гэты выбар за чалавека рабіла дзяржава. Найцяжэйшым, нават невыносным для людзей стаўся не эканамічны, сацыяльны ці палітычны, а менавіта псыхалягічны крызіс. З распадам СССР рухнула звыклая карціна сьвету.

У п’есе Антона Чэхава «Вішнёвы сад» ёсьць пэрсанаж — лёкай Фірс. Ён свае расказы пра былое жыцьцё падзяляе на дзьве часткі: да «няшчасьця» і пасьля «няшчасьця». Гэтым словам ён называе зьяўленьне «волі», то бок адмену прыгоннага права. Вядомы фэномэн, калі людзі, якія шмат гадоў сядзелі ў турме, пасьля выхаду на волю доўга адчуваюць сябе некамфортна, некаторым нават хочацца назад.

Свабода, якая ўзьнікае разам з рынкавай эканомікай і дэмакратыяй, — гэта вялікі цяжар, які для многіх нязвыклых да гэтага людзей аказваецца непасільным. Бо гэта ж адказнасьць, у тым ліку расплата за памылкі, якія робіш. Ты сам адказваеш за эканамічныя рашэньні, якія прымаеш, за тое, куды ўкладаеш заробленыя грошы, і іншае.

Калі ў 1994 годзе прыйшоў Лукашэнка і сказаў, што бярэ ўсё на сябе і вызваляе ўсіх ад адказнасьці за ўласны лёс, многія ўздыхнулі з палёгкай

Тое самае і ў палітычным жыцьці. Калі ёсьць дэмакратычныя выбары, то кожны раз трэба абцяжарваць сябе абдумваньнем, за каго галасаваць, трэба разьбірацца ў партыях, іх праграмах, параўноўваць кандыдатаў. І потым, калі з новаабранай уладай стала горш, то вінаваціць трэба сябе. Дык навошта нашаму чалавеку такі галаўны боль? Нашмат лепш, калі можна сказаць, што ва ўсім вінавата дурное начальства. А яно ж як зьява прыроды, як наканаваньне нябёсаў — на яго ж не паўплываеш.

І калі ў 1994 годзе прыйшоў Лукашэнка і сказаў, што бярэ ўсё на сябе і вызваляе ўсіх ад адказнасьці за ўласны лёс, многія ўздыхнулі з палёгкай. Так зьявіўся «адзіны палітык». Беларуская сацыяльная мадэль рэзка абмяжоўвае свабоду выбару людзей. І гэта многіх задавальняе. Магчыма, што і большасьць. У гэтым таксама хаваецца тлумачэньне фэномэну доўгага панаваньня дзейнага кіраўніка Беларусі. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што большасьць беларусаў зьвязваюць перамены ў краіне з узмацненьнем ролі дзяржавы.

Цяпер, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, агульны настрой беларускага грамадзтва такі: усё перадвызначана, нічога нельга зьмяніць, ад мяне (нас) нічога не залежыць. У гэтых развагах нават тых людзей, якія лаюць Лукашэнку, падсьвядома закладзены страх зьмены статус-кво. Часта яны гэтага нават не ўсьведамляюць. Калі чалавеку, які так разважае, сказаць, што ты проста баісься зьмены ўсяго ладу жыцьця, то ён шчыра пакрыўдзіцца. Бо лепшую пэрспэктыву ў выглядзе рынкавай эканомікі і дэмакратыі людзі атрымаюць разам зь цяжарам свабоды выбару. І гэты цяжар ня ўсім па сілах.

Таму лёкай Фірс — гэта бесьсьмяротны вобраз. Чытайце Чэхава, які заклікаў па кроплі выціскаць зь сябе раба. І лёкая.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG