Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Вашыя драўляныя цэрквы мусяць быць у сьпісе UNESCO», — архітэктар беларускай царквы ў Лёндане


Першую i адзіную ў замежжы адмыслова збудаваную беларускую ўніяцкую царкву за мяжо асьвяцілі ў Лёндане.

Драўляны храм выглядае так, быццам яго перанесьлі на поўнач брытанскай сталіцы проста зь беларускай вёскі. Будынак царквы запраектаваў кітайскі архітэктар Цзыўай Рафаэль Со, які зацікавіўся беларускім драўляным дойлідзтвам, езьдзіў у Беларусь і стаў уніятам.

Драўляных рэлігійных будынкаў у Лёндане не было з 1666 году — калі вялікая частка гораду згарэла ў часе вялікага пажару. Да сёньня, калі ў брытанскай сталіцы пачала дзейнічаць уніяцкая Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу. Унутры зьмясьціліся каля сямідзесяці чалавек — большасьць беларусаў, але ня толькі. Таму набажэнства асьвячэньня царквы вялі на трох мовах: беларускай, украінскай і ангельскай.

Архітэктар Цзыўай Рафаэль Со яшчэ малым дзіцём разам зь сям’ёй пераехаў у Ганконг. Пасьля ўнівэрсытэту трапіў у Лёндан, і цяпер мае архітэктурнае бюро Spheron Architects. Нядаўна атрымаў узнагароду Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў за праект беларускай царквы.

Цзыўай Рафаэль Со

Цзыўай Рафаэль Со

«Я зацікавіўся беларускай архітэктурай, калі атрымаў замову на пабудову гэтай царквы. Дзеля гэтага нават езьдзіў у Беларусь, каб вывучаць мясцовае дойлідзтва. Я лічу, што пра вашы драўляныя цэрквы мала ведаюць у сьвеце, а яны мусяць быць прынамсі ў сьпісе UNESCO», — кажа Цзыўай Рафаэль Со.

Як апавядае Цзыўай Рафаэль Со, для пабудовы царквы ўжылі самыя сучасныя тэхналёгіі. Усё экалягічнае і прыязнае для асяродзьдзя. Ёсць і адмысловая дарожка для інвалідных вазкоў, а абаграваньне зробленае з думкаю пра ашчаджаньне энэргіі.

«Атрымалася вельмі проста. Цзыўай Со жыў побач з нашым Марыйным Домам. Як чалавек цікаўны, ён некалі зайшоў пазнаёміцца. У выніку прыняў у нас хрост, і мы вырашылі пабудаваць гэтую царкву», — кажа айцец Сяргей Стасевіч, які кіруе царквой у Лёндане.

Як апавядае айцец Сяргей, з пачатку існаваньня Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане ў 1947 годзе беларусы маліліся ў Марыйным доме, бо сваёй асобнай царквы тут не было. Сьвятар спадзяецца, што беларуская ўніяцкая царква здолее зьяднаць беларусаў у сталіцы Вялікай Брытаніі, якіх тут можа быць нават да пяці тысяч.

«Калі ёсьць будынак царквы, то ёсьць разуменьне, што гэта ня нешта часовае, не ў кагосьці ў гасьцях, а што гэта сапраўды беларускі дом, у якім можна зьбірацца і маліцца, — лічыць Яраслаў Крывой, прыхаджанін царквы і прадстаўнік беларускай дыяспары ў Лёндане. — Як і паўсюль за мяжой, беларусы тут ня вельмі актыўныя, але спадзяемся, што з паўстаньнем гэтай царквы да нас пачне хадзіць больш суайчыньнікаў».

Збудаваную на трыццатыя ўгодкі чарнобыльскай катастрофы царкву прысьвяцілі ахвярам трагедыі. Пасьля літургіі ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч расказала пра дзейнасьць дабрачыннага фонду «Сакавік», які займаецца дапамогаю пацярпелым ад аварыі.

XS
SM
MD
LG