Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую эканоміку чакае заняпад, — экспэрт


Беларуская эканоміка, амаль цалкам завязаная на Расею, дэманструе прыклад залежнасьці ад аднаго рынка збыту. Эканамічныя вынікі 2014 году і прагнозы на 2015 ад банкіраў і вядомых экспэртаў.

Падзеньне расейскага рубля, выкліканага заходнімі санкцыямі за датычнасьць да ўзьнікненьня канфліктнай сытуацыі ва Ўкраіне, наўпрост спрычынілася да рэзкага аслабленьня беларускай нацыянальнай валюты. Пры гэтым улады адмаўляюцца прызнаваць факт дэвальвацыі, уводзячы рознага кшталту «зборы» і адгаворваючыся пра часовыя цяжкасьці на фінансавым рынку. Як кажа кіраўнік праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, цяпер уладам давядзецца кардынальна перагледзець папулісцкую палітыку, якая грунтуецца на дывідэндах ад танных расейскіх энэргарэсурсаў:

«Адзін з важных складнікаў — цяперашняя сацыяльная скіраванасьць беларускай эканомікі. І тут палягае глябальная, надзвычай сур’ёзная праблема, якую часьцяком проста недаацэньваюць. Сацыяльная эканоміка — гэта прэрагатыва вельмі багатых дзяржаваў. Сацыялізм — страшэнна затратная сыстэма. То бок вы павінны быць „страшна заможнымі“, каб забясьпечваць сацыяльную абароненасьць насельніцтва. Таму спачатку трэба зрабіць багатую дзяржаву, і па ходу стварэньня такога заможнага грамадзтва можна сабе дазваляць нейкія сацыяльныя жэсты. А калі адразу ставіцца задача — давайце будаваць сацыяльную дзяржаву, — ну, вельмі складана гэта будзе рэалізаваць. І вось такая супярэчнасьць паміж выклікамі зьнешняга асяродзьдзя і жаданьнем пабудаваць сацыяльную эканоміку — яна, бясспрэчна, існуе».

Прагнозы на наступны год экспэрты робяць неадназначныя. Найперш, незразумела, што будзе з расейскім рублём, па-другое, уносяць карэктывы прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — у гэты час усё будзе рабіцца дзеля таго, каб захаваць бачную стабільнасьць. Пра бліжэйшую пэрспэктыву разважае супрацоўнік аднаго з камэрцыйных банкаў Юры Вашкевіч:

«Прагназую гэтаксама, як і вы — нічога толкам сказаць не магу. Думаю, што нават вядомы Джордж Сорас у дадзенай сытуацыі ня скажа, калі толькі ён сам са сваімі партнэрамі цяперашнюю сытуацыю не стварыў. Але нешта ня верыцца, каб яны маглі самі нешта падобнае спрагназаваць. Шчыра кажучы, мы маленькая краіна, мы настолькі маленькая трэсачка ва ўсясьветным акіяне, што складана нешта раіць усім астатнім. Хай сабе мы маленькія, але група сама па сабе вялікая, і прагнозы таксама пакуль ніякія. То бок прагнозамі пакуль сур’ёзна ніхто не займаецца, усе намагаюцца акумуляваць нейкія сродкі, чакаючы мінімальнага піку падзеньня, дзеля таго каб укласьціся і потым гуляць на падвышэньне і г. д. Іншымі словамі, у каго грошы ёсьць, намагаюцца злавіць вось гэты момант, „міні-мору“. Каб у гэты час кудысьці ўкласьціся».

Прагнозамі пакуль сур’ёзна ніхто не займаецца, усе намагаюцца акумуляваць нейкія сродкі, чакаючы мінімальнага піку падзеньня

На тле абвалу нацыянальнай валюты банкі рэзка падвысілі дэпазытную і, адпаведна, крэдытную стаўку для фізычных і юрыдычных асобаў. Колькі будзе працягвацца такая сытуацыя — камэнтуе банкір Юры Вашкевіч:

«Я думаю, працэнтная стаўка ўсё ж пачне паніжацца. Па-першае, у нас ёсьць такое паняцьце, як адміністрацыйны фактар — узяць той жа рынак нерухомасьці, калі з арэндным жыльлём дэкляруецца адно, а ўсплывае зусім іншае. Таму, мяркую, і ў працэнтах адміністрацыйны фактар будзе адыгрываць істотную ролю, і неадэкватныя лічбы ўсё ж пачнуць паціху паніжацца. Вядома, трэба чакаць нейкага дысбалянсу, бо інфляцыя, хутчэй за ўсё, зьмяншацца не зьбіраецца, але працэнтныя стаўкі, мабыць, будуць падаць. Такі вось дзіўны працэс, як мне падаецца, будзе мець месца. Бо працэнты, на маё перакананьне, сёньня вельмі вялікія. Праўда, і заходняе фандзіраваньне на гэты момант вельмі дарагое таксама. Прыкладам, мы атрымліваем цяпер фандзіраваньне дзесьці пад 18–20%, ня меней, — таксама ўсё ня танна. Пад 20% у валюце — гэта зусім ня так, як было раней».

Нават партнэры па эканамічных наднацыянальных надбудовах папярэджвалі афіцыйны Менск пра неабходнасьць эканамічных рэформаў. Так, адной з умоваў адчувальнага крэдыту з антыкрызіснага фонду ЭўрАэЭс была прыватызацыя дзяржаўнай маёмасьці і адмова ад фінансаваньня заведама стратных праектаў. Аднак, канстатуе антыкрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак, ніякіх крокаў цягам году ня зроблена:

Усю беларускую эканоміку — матэрыяльную яе частку, рэальную эканоміку — чакае заняпад

«Усю беларускую эканоміку — матэрыяльную яе частку, рэальную эканоміку — чакае заняпад. Нібыта распродаж прамысловасьці — усё гэта толькі спэкулятыўныя гульні. Мы гэта вельмі добра адчулі на прыкладзе „Ўралкалія“. Усё гэта — спэкулятыўныя апэрацыі, выгадныя таму ці іншаму боку. Разумееце, калі мы штосьці прадаём за амэрыканскую валюту Расеі, то пра што мы насамрэч гаворым? Мы ўмацоўваем курс даляра сваім нацыянальным багацьцем. Гэта звычайныя спэкуляцыі. Яны там за акіянам толькі друкуюць гэтыя грошы, а мы іх хаваем пад матрацы. Нават не пасьпяваюць друкаваць тыя даляры, якія патрэбныя ўсяму сьвету. Але ж яны перадусім ім патрэбныя, а мы іх хапаем, рассоўваем пад матрацы і потым яшчэ крычым, што Амэрыка дрэнная — мала друкуе даляраў. Таму, што тычыцца так званай прыватызацыі, ніхто нічога нашага ня купіць, асабліва ў прыцэле таго, хто займаецца рэальнай эканомікай. Тыя, хто займаецца спэкуляцыяй, — так, купяць. Зразумела вам ці не?»

За некалькі дзён да канца году Аляксандар Лукашэнка кардынальна зьмяніў склад ураду, спадзеючыся найперш на прарыў у эканамічным разьвіцьці. Але ці ўдасца гэта зрабіць з чыноўнікамі, ў бальшыні сваёй перасунутымі па кадравай гарызанталі, — пытаньне адкрытае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG