Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія вышыванкі ў бразыльскім антуражы


Саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч, рэзыдэнцыя прэзыдэнта Бразыліі

Саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч, рэзыдэнцыя прэзыдэнта Бразыліі

Кампанія прамоцыі нацыянальных сымбаляў пашырае геаграфічныя межы, далучаюцца да яе і дзяржаўныя ўстановы. Прыкладам, у амбасадзе Беларусі ў Бразыліі выстаўленыя ўзоры традыцыйных строяў, а адмысловы плякат на партугальскай мове тлумачыць тубыльцам прыхаваныя таямніцы элемэнтаў беларускага арнамэнту.

У дыпляматычным прадстаўніцтве Беларусі ў бразыльскай сталіцы Бразыліа гасьцей сустракае незвычайная «пара» — два манэкены ў жаночым і мужчынскім беларускіх нацыянальных строях. Пра новы элемэнт антуражу «Свабодзе» расказаў саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч, які адказвае і за пытаньні культуры. Па ягоных словах, такім чынам распачатая кампанія на прасоўваньне беларускіх традыцыяў у «народныя бразыльскія масы».

Як удакладняе спадар Лукашэвіч, у беларускай дыпляматычнай установе сыстэматычна ладзяцца сустрэчы з палітыкамі, грамадзкімі і культурнымі дзеячамі, бізнэсоўцамі, і гэта цудоўная нагода, каб далёка за межамі Радзімы «на ўсю моц загучаў голас беларускай культуры»:

Нацыянальныя строі ў будынку беларускай амбасады

Нацыянальныя строі ў будынку беларускай амбасады

«Імправізаваная выстава мужчынскага і жаночага нацыянальнага строю нязьменна прыцягвае позіркі наведнікаў беларускай амбасады. Бразыльцы наагул цягнуцца да ўсяго новага, дагэтуль ім невядомага. Разам з выставай рэдкіх карцінаў беларускага мастака Івана Хруцкага, якая ўпершыню знаходзіцца ў Лацінскай Амэрыцы і перад адпраўкай у вялікае падарожжа па Бразыліі ўпрыгожвае пасольства, глыбокую зацікаўленасьць выклікаюць тлумачэньні пра беларускі арнамэнт на мове бразыльцаў, што яшчэ больш раскрывае мясцовым людзям нашы багатыя культурныя традыцыі, — кажа Сяргей Лукашэвіч, адзначаючы, што такі падыход дапамагае і ў іншай справе. — Так праз вышыванку і старажытную культуру мы паступова прасоўваемся да больш матэрыяльных, эканамічных праектаў, і тым самым „чапляем“ першапачатковы інтарэс бразыльцаў, ня толькі ствараем пазытыўнае ўражаньне аб краіне, але і выбудоўваем гандлёвыя адносіны».

Паводле дыплямата, да бразыльскага падарожжа твораў Івана Хруцкага далучацца два ганаровыя консулы Беларусі ў гарадах Сан-Паўлу і Гаяніі. Выставы ў гэтых мэгаполісах пакліканыя адкрыць бразыльцам новую для іх краіну ў цэнтры Эўропы.

Лепшаму разуменьню ўнутранай спэцыфікі дзьвюх культураў маюць паспрыяць і палітычныя крокі. Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, завершаныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Бразыліі аб скасаваньні візаў для кароткатэрміновых паездак. Менск ратыфікаваў згаданы дакумэнт у апошнія дні мінулага году, цяпер чарга за Бразыліа. Дакумэнт набудзе моц праз тры месяцы пасьля атрыманьня афіцыйнага паведамленьня ад бразыльскага боку пра заканчэньне ўнутраных працэдураў па яго ратыфікацыі.

Пагадненьнем, у прыватнасьці, прадугледжана, што грамадзяне Беларусі і Бразыліі пры наяўнасьці адпаведных дакумэнтаў для выездаў за мяжу змогуць знаходзіцца на тэрыторыі дзьвюх дзяржаваў з турыстычнымі ці дзелавымі мэтамі бязь візаў да 90 дзён ад моманту першага ўезду.

Беларускі арнамэнт у партугаламоўнай расшыфроўцы

Беларускі арнамэнт у партугаламоўнай расшыфроўцы

Што ж, застаецца спадзявацца, што гэта дазволіць нашмат большай колькасьці беларусаў далучыцца да вялікага сьвята спорту ў наступным годзе, калі Рыё-дэ-Жанэйра будзе прымаць Алімпійскія гульні 2016 году. Адзінае, што перакідваньню міжкультурных мастоў аб’ектыўна замінае геаграфічная аддаленасьць улюбёнай краіны Астапа Бэндэра ад Старога сьвету ды дарагоўля дарогі — авіяквіток у абодва бакі транзытам праз эўрапейскія аэрапорты каштуе ў эквіваленце блізу 2 тысяч даляраў на чалавека.

XS
SM
MD
LG