Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія спадзяваньні на перамовы «нарманскай чацьвёркі»


Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Саміт «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску, да якіх бы вынікаў ён ні прывёў, выгадны беларускім уладам, бо паляпшаюць іх імідж, перакананыя экспэрты.

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што прадказаць, чым скончыцца менская сустрэча ў «нармандзкім фармаце», вельмі цяжка. Ён зьвярнуў увагу на тое, што вынікі кансультацыяў апошніх дзён у Бэрліне і Менску, якія праводзіліся ў межах падрыхтоўкі да саміту «нармандзкай чацьвёркі», невядомыя, бо былі цалкам непразрыстымі.

«Выглядае на тое, што ўсё ж такі хуткага нейкага прарыву ня будзе. У лепшым выпадку тут можна будзе закласьці толькі нейкую аснову для будучага больш-менш устойлівага міру ва Ўкраіне. Рэальнасьць на тэатры ваенных дзеяньняў паказвае, што, напэўна, нават хуткага спыненьня агню дамагчыся ня ўдасца», — кажа палітоляг.

Паводле Казакевіча, сам факт правядзеньня саміту такога ўзроўню ў Менску падвышае статус Беларусі як нэўтральнай перамоўнай пляцоўкі.

«Для іміджу беларускіх уладаў гэта, натуральна, вельмі добра. Гэта павышае магчымасьці для камунікацыі зь лідэрамі розных краін, гэта павышае магчымасьці ўвогуле Беларусі нейкім чынам, прынамсі ўскосна, удзельнічаць у тым працэсе, які цяпер адбываецца вакол Украіны. Хаця казаць пра канкрэтныя выгады, якія Беларусь магла б атрымаць, складана», — падкрэсьлівае палітоляг.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што афіцыйны Менск будзе старацца выкарыстаць гэты саміт з максымальнай выгадай для сябе.

«Сёньня зьмяніліся прыярытэты. Калі раней зьнешнія пытаньні былі слабым месцам афіцыйнага Менску, то цяпер за кошт зьнешнепалітычных мерапрыемстваў улады спрабуюць кампэнсаваць унутрыпалітычныя праблемы. Вядома, тыя, хто прыедзе ў Менск, яны ня будуць абмяркоўваць беларускае пытаньне — нас там няма ў парадку дня. Мы прысутнічаем толькі геаграфічна. Але, зразумела, для ўнутрыпалітычнага спажываньня ўлады зробяць усё, каб атрымаць нейкія дывідэнды, каб людзі менш размаўлялі пра праблемы фінансавага крызісу — ім трэба даць вобраз Лукашэнкі як міратворцы», — лічыць лідэр АГП.

Лябедзька падкрэсьлівае, што Захад пакуль не адмаўляецца ад сваёй пазыцыі ў адносінах да беларускіх уладаў, не адмаўляецца ад праблемы палітвязьняў і свабодных выбараў.

«Пакуль гэта (правядзеньне мірных перамоваў у Менску. — РС) не нясе ўладзе нейкіх эканамічных, гандлёвых дывідэндаў, але гэта зьмякчае вобраз Лукашэнкі — ён ужо не апошні дыктатар Эўропы, ён толькі перадапошні», — кажа ён.

XS
SM
MD
LG