Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: Януковіч на тэрыторыі Расеі атрымаў часовы прытулак


Генэральная пракуратура Ўкраіны атрымала з Расеі афіцыйную інфармацыю аб статусе экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча, зь якім ён жыве ў краіне. Дакумэнт накіраваў у ГПУ разам з заявай аб адмове прыняць падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе адвакат Януковіча Віталь Сярдзюк, піша РБК-Украіна.

У дакумэнце сказана, што Януковіч атрымаў пасьведчаньне аб прадстаўленьні яму часовага прытулку на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Яно было выдадзена яму 26 лістапада 2015 году. Пры гэтым адзначаецца, што дакумэнт Януковічу выдалі толькі на год, а пазьней ён быў працягнуты яшчэ на год — да лістапада 2017 году.

«Пасьведчаньне аб прадстаўленьні часовага прытулку зьяўляецца дакумэнтам, які сьведчыць асобу яго ўладальніка і пацьвярджае законнасьць знаходжаньня гэтай асобы на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, — сказана ў дакумэнце. — Асоба, якая атрымала прытулак, ня можа быць вернутая супраць яе волі на тэрыторыю дзяржавы сваёй грамадзянскай прыналежнасьці (свайго ранейшага звычайнага месца жыхарства)».

Наяўнасьць у яго расейскага грамадзянства сам Януковіч і яго адвакаты адмаўляюць.

*****

Януковіч уцёк з Украіны ў лютым 2014 пасьля Майдану і масавых расстрэлаў удзельнікаў пратэстаў у Кіеве. З таго часу ён знаходзіцца ў Расеі.

Ва Ўкраіне экс-прэзыдэнт зьяўляецца фігурантам некалькіх крымінальных спраў, у прыватнасьці, аб перавышэньні паўнамоцтваў, аб масавых забойствах актывістаў Майдану, а таксама па факце «захопу дзяржаўнай улады» ў 2010 годзе. Улады Ўкраіны лічаць, што менавіта Януковіч зімой 2014 году аддаў загад спэцназу адкрыць агонь па дэманстрантах. Ён сам гэта адмаўляе.

Нядаўна Генпракуратура Ўкраіны таксама выставіла Януковічу падазрэньне ў зьдзяйсьненьні дзяржаўнай здрады, пасобніцтве прадстаўнікам улады Расейскай Фэдэрацыі, у наўмысных дзеяньнях, учыненых з мэтай зьмяненьня межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, у парушэньні парадку, устаноўленага Канстытуцыяй Украіны, і вядзеньні агрэсіўнай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG