Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блізу 70 тысяч грамадзянаў Беларусі маюць атрымаць юбілейны мэдаль «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». Узнагарода — адзінага ўзору для краінаў СНД, з элемэнтамі георгіеўскай стужкі і надпісамі па-расейску.

Год таму, у траўні 2014-га, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб зацьвярджэньні палажэньня пра парадак узнагароджаньня юбілейным мэдалём». Мэтаю называлася «рэалізацыя Рашэньня Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД аб адзінай юбілейнай узнагародзе, заснаванай да 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне». Фінансаваньне выдаткаў на выраб мэдалёў і пасьведчаньняў да іх ажыцьцяўляецца ў межах сродкаў, прадугледжаных у дзяржаўным бюджэце на абарону і Ўзброеныя сілы.

Паколькі ўзнагароды «падганяліся» да ідэалягічных шаблёнаў у Маскве, то такі і вынік — нічога, што б сьведчыла пра нацыянальную адметнасьць. На мэталічным кругляку срэбнага колеру — выява ордэна «Айчыннай вайны І ступені» з надпісам па-расейску «Отечественная война 1941–1945». На адваротным баку — у ляўровым вянку расейскамоўны надпіс «70 лет победы в Великой Отечественной войне 1941–1945». На пяцівугольнай калодцы — чорна-аранжавыя колеры георгіеўскай стужкі.

Згодна з палажэньнем юбілейны мэдаль носіцца на левым баку і пры наяўнасьці іншых узнагародаў месьціцца пасьля мэдаля «70 гадоў вызваленьня Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Згаданы мэдаль хоць і вырабляўся адмыслова да мінулагодняга юбілею вызваленьня Беларусі, але захаваў адданасьць усё той жа георгіеўскай традыцыі — чорна-аранжавыя палосы на стужцы. Зрэшты, унутраная паласа выкананая ў сьветла-шэрым ды чырвоным колерах, якія пры беглым позірку выглядаюць як бел-чырвона-белае.

Юбілейны мэдаль да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі

Юбілейны мэдаль да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі

Агулам да сёлетняга ўганараваньня прадстаўлена без малога 70 тысяч чалавек. Апроч вэтэранаў вайны, гэта былыя вязьні фашысцкіх турмаў, канцлягераў і гета, а таксама ваеннаслужачыя Ўзброеных сілаў і работнікі дзяржаўных органаў, якія зрабілі «значны ўнёсак у героіка-патрыятычнае выхаваньне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь». Да ўзнагароды прыкладаецца адчувальны, як па беларускіх мерках, матэрыяльны дадатак — ад 3,5 мільёна да 10 мільёнаў рублёў прэміі, залежна ад заслугаў.

Відаць, кандыдатуры прэтэндэнтаў старанна фільтруюцца ў ідэалягічных ведамствах — іншым чынам адсутнасьць заслужаных вайскоўцаў у сьпісе на ўганараваньне патлумачыць цяжка. Ільля Копыл амаль тры дзясяткі гадоў аддаў ракетным войскам стратэгічнага прызначэньня: па ягоных падліках, калі скласьці ўвесь час службы, то безвылазна правёў у шахтах 12 гадоў! Аднак пра вэтэрана Ўзброеных сілаў Копыла нават не згадалі:

Ільля Копыл

Ільля Копыл

«Адзначаюцца, відаць, набліжаныя асобы. Мяне на такія мерапрыемствы не запрашалі — ні сёлета, ні летась, ніколі. Скажам так, застаўся за бортам. Але я на гэта не крыўдую, нават задаволены, што мне такія ўзнагароды не ўручаюць. Бо асабіста для мяне гэта ня сьвята Перамогі, а дзень смутку: за гады вайны ў маёй сям’і загінулі чатыры чалавекі. Ну, і яшчэ іншых сваякоў шэсьць чалавек палеглі. Таму ня вельмі ўсе гэтыя ўрачыстасьці ўспрымаю. Я ўвогуле не разумею, як можна, з аднаго боку, заяўляць, што ў нас загінуў кожны чацьвёрты (а цяпер ужо высьвятляецца, што нібыта кожны трэці), і тут жа скакаць на гэтым асфальце, ладзіць абсалютна безгустоўныя забавы. А можна было б у гэты дзень проста прыспусьціць сьцягі на ўрадавых установах ды ўскласьці кветкі да помнікаў той вайны».

Адносным суцяшэньнем для тых, хто ня трапіў у чаргу на масавае ўзнагароджаньне, можа служыць зусім слабая грашовая вартасьць юбілейных мэдалёў. Як кажа экспэрт у галіне вайсковых рарытэтаў Аляксандар Ачарэтні, у калекцыянэраў падобныя рэчы маюць мінімальны кошт і ідуць нароўні з астатнім «каляровым мэталам». Найбольшая цана, якую даюць за сёлетні пераможны «эксклюзіў» — у эквіваленце 10 даляраў:

«Ніякай каштоўнасьці, абсалютна. Па сутнасьці, нулявы кошт такога мэдаля. Хіба можа быць, каб заткнуць дзірку ў калекцыі, але ня больш за тое. Дастаткова зайсьці на выставу-продаж у ДК чыгуначнікаў і пераканацца: там усе гэтыя так званыя „юбілейкі“ кіляграмамі адважваюцца, саўком заграбаюць. Сярод калекцыянэраў існуе такое паняцьце — цяжкі мэтал (латунь) і лёгкі, часьцей за ўсё выкарыстоўваецца алюміній. Вось лёгкі мэтал, зь якога робяцца такія ўзнагароды, — гэта дзяшоўка. Цяжкі можа быць даражэйшы, бо ён салідней, адчувальней ляжыць на руцэ. Але цяпер вельмі шмат прыгожанькіх эмаляў, якія наносяцца на паверхню — той жа алюміній блякне, пакрываецца аксіднай плёнкай. А тут нейкай эмальлю адпаведнага колеру пакрыюць — і будзе прыгожа, ярка, дзядулям спадабаецца».

Адпачатку пагадненьне аб адзіным юбілейным мэдалі падпісалі 10 краін СНД — адбылося гэта ў кастрычніку 2013 году. Але ў сувязі з падзеямі ў Крыме і Данбасе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сёлета ў красавіку заснаваў іншую ўзнагароду — «70 гадоў Перамогі над нацызмам». Пастанова матывавала гэта юбілеем перамогі і шанаваньнем «подзьвіга змагароў супраць нацызму, за свабоду і незалежнасьць Айчыны».

Украінскі мэдаль

Украінскі мэдаль

Апроч таго, Малдова настояла на тым, што пры вырабе юбілейнага мэдаля будзе прытрымлівацца ўласнага дызайну, які выключае выявы сярпа і молата. Свае «агаворкі» праціснуў і Ўзбэкістан — выраб мэдалёў і пасьведчаньняў на ўласных прадпрыемствах і ўнясеньне карэктываў у выпадку неабходнасьці.

Яшчэ на этапе абмеркаваньня дыстанцыяваўся ад калектыўных сьвяткаваньняў Туркмэністан, а Грузія пасьля збройнага канфлікту з Расеяй выйшла са складу СНД.

XS
SM
MD
LG