Служба бясьпекі Ўкраіны ды Генэральная пракуратура правялі шэраг ператрусаў ва ўкраінскіх грамадзян, дзейнасьць якіх фінансавалася Расеяй у мэтах дэстабілізацыі ўнутранай сытуацыі ва Ўкраіне.
«Расея зьмяніла тактыку, яна пачала фінансаваць палітычную актыўнасьць у нашай дзяржаве. Адна з мэтаў — прыхаваная фэдэралізацыя», — заявіў старшыня СБУ Васіль Грыцак.
Паводле яго, расейскае фінансаваньне атрымлівалі каля дзясятка грамадзкіх арганізацый. Грыцак дадаў што ў гэтых схемах задзейнічаныя дэпутаты розных узроўняў і былыя высокапастаўленыя чыноўнікі.
«Мэханізм дзеяньня — круглыя сталы, форумы, кангрэсы з наступнымі зваротамі да Вярхоўнай Рады, прэзыдэнта, каб стварыць ілюзію масавай падтрымкі пэтыцый. За грашовае ўзнагароджаньне спэцслужбы Расеі залучаюць дэпутатаў розных узроўняў», — удакладніў ён.
Паводле інфармацыі СБУ, арганізатарамі гэтай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны былі памочнік былога міністра адукацыі і навукі Дзьмітрыя Табачніка Антон Кузьменка і былы галоўны рэдактар запароскага аддзяленьня прарасейскага інфармагенцтва «Новы рэгіён» Павел Залатароў, а таксама чальцы праекту «Ўкраінская фэдэрацыя», ініцыяванага грамадзкім рухам Віктара Медзведчука «Ўкраінскі выбар».