Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія казкі ў выкананьні Алега Хаменкі можна будзе паслухаць з айфонаў


Каб найхутчэй пацешыць дзетак казкамі з калекцыі лідэра гурту «Палац», кампанія KinderFox просіць дапамогі на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей». Паспрыяць стварэньню мабільнага дадатку «Беларускія казкі» могуць усе.

Спампаваўшы дадатак на тэлефон ці пляншэт, можна будзе паслухаць казку ў выкананьні Алега Хаменкі, аздобленую ілюстрацыямі Юліі Рудзіцкай.

«Мабільныя дадаткі надзвычай папулярныя, а беларускі кантэнт тут прадстаўлены вельмі сьціпла, — кажа Алег Хаменка. — Таму для нас вельмі важна, каб у мабільных прыладах зьявіліся беларускія казкі. Бо казку трэба слухаць».

«Гэтыя казкі павінны стаць вядомыя па ўсёй Беларусі. Усе мы ведаем казкі расейскія, швэдзкія, Пушкіна і Андэрсэна. А вось беларускія казкі... Ну, адну ведаем, дзьве, тры, ня болей. Дзеці ня ведаюць казак. Ды што там дзеці — дарослыя ня ведаюць. І тое, што мы робім, — гэта папулярызацыя казкі», — кажа Хаменка.

Хаменка зьбірае фальклёр больш за два дзясяткі гадоў. Гэтаксама рупліва ён клапоціцца, каб ягоныя здабыткі жылі сучасным жыцьцём, а не ляжалі на паліцах архіваў.

Алег Хаменка ў інтэрфэйсе праграмы

Алег Хаменка ў інтэрфэйсе праграмы

Калекцыя Хаменкі ўжо выдавалася на кампакт-дыску. Пасьля ў праекце Unicef пад кіраўніцтвам Юліі Ляшкевіч аздобілі казкі ілюстрацыямі Юліі Рудзіцкай, выдалі кнігу і стварылі сайт.

Цяпер усё гэта стане мабільнай прыладай. Як хутка — залежыць ад цікавасьці да праекту саміх беларусаў. Першы пазытыўны вынік: пабачыўшы абвестку на краўдфандынгавым рэсурсе, да KinderFox зьвярнуліся распрацоўшчыкі, якія гатовыя зрабіць дадатак на базе больш папулярнай у Беларусі плятформы Android.

З 30 мільёнаў рублёў, якія патрэбныя для запуску прылады, за тры тыдні сабралі траціну — 10 мільёнаў.

«Мабільнымі прыладамі людзі карыстаюцца ўвесь час, — распавядае дырэктар KinderFox Андрэй Залатар. — Мы ўжо выпускалі падобныя дадаткі для айфонаў і айпэдаў, і бачым, што гэта вельмі папулярна».

Два гады таму KinderFox ужо выпусьціла мабільны дадатак для плятформы iOS «Родная азбука». Яго спампавалі каля шасьці тысяч чалавек.

XS
SM
MD
LG