Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беллегпрам» абяцае беларускія джынсы з «удобоваримой» тканіны. Саша Варламаў: «Гэта сьмешна»


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Старшыня канцэрну «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык паведаміў журналістам, што тканіна для беларускіх джынсаў «ужо ў прынцыпе ёсьць». Давесьці яе да ладу дапамогуць спэцыялісты з Туркмэністану.

«Пытаньне стварэньня беларускіх джынсаў няпростае, але мы да канца давядзем. Яшчэ раз падкрэсьлю: мы не імкнуліся зрабіць беларускія джынсы баваўнянымі, бо нам канкураваць з краінамі, тым жа Туркмэністанам, дзе джынсы каштуюць 7 даляраў, бессэнсоўна. А вось сумесь бавоўны, лёну і спэцыяльных аддзелак — можна», — сказаў Мікалай Яфімчык.

Паводле яго слоў, гэта будзе прадукцыя вышэйшай за сярэднюю цэнавай катэгорыі. Але тканіну трэба давесьці да аптымальнага стану.

«Неабходна цэлая куча аддзелак, каб яна была таго ж „удобоваримого“ выгляду, як сапраўдныя джынсы. Лён усё ж мае свае нюансы. Хоць, я вам скажу, глядзіцца яна цікавей, чым звычайныя джынсы», — сказаў старшыня канцэрну «Беллегпрам».

Беларускія джынсы распрацоўваюць Аршанскі льнокамбінат і Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднаньне. Таксама плянуецца прыцягнуць туркмэнскіх спэцыялістаў.

«Яны гатовыя супрацоўнічаць, каб рабіць аддзелку. Давядзеньне да стану розных эфэктаў — пакамячанасьці, сьцісласьці, лазэрных малюнкаў — гэта ўсё ручная работа. Туркмэны дасягнулі добрых вынікаў у гэтым. Чаму б нам не скарыстацца падзелам працы», — цытуе БелТА Мікалая Яфімчыка.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Саша Варламаў так пракамэнтаваў працу «Беллегпраму» па вынаходжаньні беларускіх джынсаў.

Саша Варламаў

Саша Варламаў

«Гэта сьмешна. Давайце яшчэ дзесяць разоў прыдумаем ровар. У любым выпадку гэтая джынсавая тканіна будзе нашмат даражэйшая. Сабекошт простых джынсаў у тым жа Віетнаме ці Інданэзіі з дастаўкай, фурнітурай, ніткамі, шыцьцём, заробкамі складае паўтара даляра. А сабекошт фірмовых, напрыклад, „П’ер Кардэн“, „Дольчэ Габана“ і гэтак далей — 2,5–3 даляры. Можаце сабе ўявіць, колькі павінна каштаваць джынсавая тканіна, каб сабекошт адпавядаў і была яна канкурэнтаздольная. Таму гэта вельмі дзіўна. Ну, давайце яшчэ раз будзем вынаходзіць ангельскую мову. Давайце яшчэ нешта вырабім. Нікому гэта ня трэба. Ніхто ня будзе купляць залатую джынсавую тканіну».

На тое, што тканіна для беларускіх джынсаў будзе зь лёнам, Саша Варламаў адрэагаваў так:«Ня трэба ўсё гэта выдумляць. Джынс ёсьць джынс. Наагул, калі б „Беллегпрам“ распусьцілі і зрабілі моду прыватнай галіной, тады, магчыма, нешта і адбылося б. А пакуль „Беллегпрам“ і ім падобныя будуць кіраваць модай, моды ў Беларусі ня будзе. Мода — гэта мастацтва, а мастацтва не цярпіць, каб ім камандавалі».

XS
SM
MD
LG