Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такую інфармацыю Радыё Свабода паведаміў галоўны рэдактар Regnum Мадэст Колераў.

«Пастаянна шукаюць і знаходзяць новыя тэксты, паводле якіх іх хочуць абвінаваціць, — кажа Мадэст Колераў. — Да іх не дапускаюць ані бацькоў, ані жонак, ані дзяцей. Беларускія ўлады паводзяць сябе нецывілізавана».

Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка пісалі антыбеларускія артыкулы на сайт расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. Ім выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Па гэтым артыкуле ім пагражае штраф, альбо да шасьці месяцаў арышту, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў.

Шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, якога беларускае сьледзтва лічыць замоўнікам артыкулаў, якія «ўбівалі клін паміж народамі», падаў на імя прэзыдэнта Расеі хадайніцтва, каб яму надалі статус палітычнага ўцекача.

У сакавіку Юры Баранчык, які жыве ў Маскве, быў затрыманы расейскай паліцыяй на запыт беларускіх уладаў. Аднак расейскі суд пастанавіў вызваліць яго з-пад варты. Па словах Мадэста Колерава, прадстаўленыя беларускімі ўладамі дакумэнты «не былі пераканаўчымі».

«Не было дадзеных, якое злачынства, на якой тэрыторыі, калі зьдзейсьненае ставіцца ў віну Юрыю Баранчыку», — кажа Колераў, які называе абвінавачаньне супраць аўтараў свайго выданьня «палітычна матываванай ліпай».

Паводле Колерава, супрацоўнікі выданьня пацярпелі за тое, што «былі аднымі зь першых, хто публічна, доказна, падрабязна даводзіў у сваіх артыкулах, што частка бюракратыі на чале з Макеем вядзе справу да нейкіх пераменаў, падзеяў унутры ўлады».

«Мы ў Расеі вельмі добра разумеем і бюракратычную прыроду цяжкасьцяў у дачыненьнях Беларусі і Эўразійскага эканамічнага саюзу. Бюракратычна гэта перадвызначана тым, што, у адрозьненьне ад іншых краін — удзельніц Эўразійскага эканамічнага саюзу, інтарэсы Беларусі прадстаўляе менавіта МЗС, якое зьяўляецца сілай антыэўразійскай арыентацыі», — кажа Мадэст Колераў.

Галоўны рэдактар Regnum кажа, што «шматлікія махляры і пасярэднікі спрабавалі ўвесь гэты час выступіць з ініцыятывай пра тое, каб мы сталі пра нешта таргавацца і дамаўляцца з Лукашэнкам».

Аднак, паводле Колерава, ад такіх прапановаў рэдакцыя адмаўляецца.

«Але мы зьвяртаемся да ўсіх, хто можа рэальна дапамагчы аблегчыць іх лёс, вызваліць нашых хлапцоў і пераканаць Лукашэнку — а сумненьняў у тым, што гэта рашэньне асабіста Лукашэнкі, няма ніякіх, — у тым, каб ён перастаў трымаць закладнікаў», — кажа Мадэст Колераў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG