Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі стыліст Сяргей Шаўцоў кансультуе салёны прыгажосьці ў Дубаі


Сяргей Шаўцоў

Сяргей Шаўцоў

Стыліст-цырульнік Сяргей Шаўцоў — пра пэрспэктывы цырульніцтва ў Беларусі і досьвед кансультацыі салёнаў прыгажосьці ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Шлях да майстра топ-клясу Сяргей Шаўцоў пачаў пры канцы 1990-х, калі яшчэ вучыўся ў школе ў родным Бабруйску. Таму ў свае 33 мае поўнае права казаць, што ў прафэсіі ні многа ні мала... 18 гадоў.

«Стажыравацца пачаў у 8-й клясе на „паддосьледных“ пэнсіянэрах»

«Яшчэ ў 8-й клясе я прыйшоў у салён прыгажосьці ў Бабруйску і з парога сказаў: „Добры дзень, хачу быць цырульнікам“. Зразумела, што такая заява ўсіх ашаламіла, але крыху падумалі і ўзялі „асыстэнтам“. Першым настаўнікам у гэтай галіне стаў для мяне Аляксандар Фамічоў. Напачатку дапамагаў тым, што рабіў дзяжурную працу — падмятаў, прыбіраў, то бок усё тое, што не патрабуе адмысловай кампэтэнцыі. А ўжо літаральна праз тры месяцы мне далі кліентаў, і я пачаў непасрэдна стажыравацца — як правіла, гэта былі пэнсіянэры».

Як рэагавалі «паддосьледныя», ведаючы, што на іхніх галовах набіраецца практыкі нават не студэнт-практыкант, а школьнік-самавук?

На працу — як на сьвята

На працу — як на сьвята

«Канечне, крыху зь недаверам, але з разуменьнем. Да таго ж я ўжо пачаў удзельнічаць у конкурсах, падцягваўся да пэўнага ўзроўню. Не заўсёды гэта было ўдала, галоўнае, што набіраўся досьведу. Практыка, як вядома, творыць цуды, і зь цягам часу нешта пачало атрымлівацца. Ужо ў 17 гадоў я пачаў перамагаць на конкурсах, то бок паціху прагрэсаваў. А калі споўнілася 20 гадоў, пераехаў у Менск. Браў удзел ва ўсіх значных мерапрыемствах дзесьці да 23 гадоў, са мной ужо пачалі лічыцца. Так вось скараў сталіцу».

Жаданьне заявіць пра сябе было настолькі вялікае, што напачатку ў Менску малады чалавек начаваў ледзьве не на вакзале. «Ня „ледзьве“, а ў літаральным сэнсе», — папраўляе Сяргей, расказваючы сваю гісторыю пра тое, як прыехаць нікім і ніадкуль і стаць майстрам «вышэйшага пілятажу»:

Shawtsow-3

Shawtsow-3

«Прыехаў у Менск і пачаў мэтадычна хадзіць па салёнах прыгажосьці. Толькі калі цяпер, у 2015-м, цырульнікаў знайсьці складана — бар’ер уваходу на рынак вельмі нізкі, установаў рознага профілю шмат — то раней іх працавала менш, адпаведна, з работнікамі быў перабор. Дзеля таго каб уладкавацца ў салён прыгажосьці, патрабавалася мець прапіску, пэўныя навыкі, канкрэтны стаж, напрацаваныя здольнасьці, каб паказаць, што ўмееш рабіць. То бок трэба было адпавядаць цэламу шэрагу крытэраў. Шчыра скажу: працаўладкавацца з вуліцы было надзвычай праблематычна. Урэшце пайшоў у звычайны, танны менскі салён, і ўжо ад яго пачаў расьці: спачатку першая прыступка, потым узроўню крыху вышэйшага, затым яшчэ вышэйшага. Вось такім чынам усё і пачыналася».

«Праграма „Салён Сэнс“ стане пультам кіраваньня цырульнямі»

За больш як паўтара дзясятка гадоў у актыве Сяргея Шаўцова — перамогі на самых прэстыжных конкурсах, удзел у фэстывалях майстроў і дэманстрацыях модных тэндэнцыяў. На першасны капітал, падмацаваны мэтавым крэдытам, «хлопчык з вуліцы» ўпершыню ў Беларусі адкрыў сетку прыватных салёнаў пад агульнай шыльдай Maestro. Праўда, ня так даўно бальшыню вырашыў прадаць, сканцэнтраваўшыся на адным:

«Як правіла, усюды ў сьвеце сетка больш выгадная, чым адзін салён — мае месца так званы эфэкт мультыплікацыі. Але ў Беларусі гэты эфэкт спрацоўвае ня вельмі. З той простай прычыны, што калі сеткавая ўстанова зьвяртаецца ў касмэтычны брэнд, тыя, як правіла, даюць больш выгадныя ўмовы на набыцьцё сваёй прадукцыі. У нас гэта, на жаль, не працуе: што ў цябе пяць салёнаў, што адзін — умовы адны і тыя ж. Пошук пэрсаналу таксама аказаўся складаным, як гэта быў бы пошук для аднаго салёну. Іншымі словамі, рынак у нас яшчэ не зусім гатовы, каб запускаць такія сеткі. Хоць, па вялікім рахунку, я ад гэтай ідэі канчаткова не адмовіўся. Магчыма, у будучым перагледзім свой падыход і запусьцім наноў».

Для Сяргея Шаўцова фізычнае скарачэньне цырульных пляцовак зусім не азначае, што зьявілася нагода расслабіцца. Бліжэйшым часам ён мяркуе запусьціць у працу праграмнае забесьпячэньне пад назвай «Салён Сэнс» — своеасаблівы «сеткавы пульт кіраваньня» салёнамі прыгажосьці. Калі раней увесь мэнэджэрскі клопат валіўся на плечы дырэктара-заснавальніка, які аб’ектыўна ня можа быць аднолькава добрым спэцыялістам у розных галінах, то цяпер правільнасьць таго ці іншага рашэньня падкажа кампутарны мозг:

На працоўным месцы

На працоўным месцы

+​«Заўсёды можна і трэба ўдасканальвацца. Тым больш мне як мужчыну хочацца прайсьці праз новыя выклікі, якія трэба пераадольваць, каб дасягаць яшчэ большых вышыняў. У прыватнасьці, у Беларусі я першым адкрываў прыватную сетку салёнаў прыгажосьці „Maestro lab“, пачынаў вучэбны цэнтар разам з аўстрыйскай акадэміяй. Дарэчы, якраз тады і сутыкнуўся з рэальнай праблемай: а як кіраваць такой сеткай? І вось зараз разам з партнэрамі рэалізуем праект інтэрнэт-рашэньня — адмысловае праграмнае забесьпячэньне для салёнаў прыгажосьці. У гэтым месяцы пачнём яго запускаць, падключаць прадпрыемствы».

На перакананьне суразмоўцы, хто пачне ўкараняць новыя тэхналёгіі, у таго істотна падвышаюцца шанцы застацца на плыву. У чым сутнасьць праекту?

Прыгожая прычоска — таксама мастацтва

Прыгожая прычоска — таксама мастацтва

«За 18 гадоў досьведу ў гэтай сфэры ў мяне сфармавалася пэўная кампэтэнцыя, якой я магу падзяліцца з калегамі. Праблема ў тым, што, як я ўжо казаў, многія бізнэсоўцы адчыняюць салёны і ня ведаюць, як імі кіраваць. Увесь воз у літаральным сэнсе даводзіцца цягнуць на сабе. Так быць не павінна. Мы ўзялі франшызу і аформілі яе ў выглядзе CRМ-сыстэмы (сыстэма для ўліку кліентаў і зьдзелак) для салёнаў прыгажосьці. Цяпер дырэктару дастаткова ўсталяваць наш прадукт, патраціць на гэта пяць хвілін свайго часу, і праграма будзе ледзь не падказкамі гаварыць, што рабіць у той ці іншы час. Своеасаблівая сыстэма кіраваньня падзеямі».

«Салёны ў Дубаі працуюць па франшызе маіх цырульняў у Беларусі»

Узровень кампэтэнцыі дазволіў беларускаму майстру пашырыць лякальныя рамкі і выйсьці на міжнародны рынак: сёлета некалькі месяцаў адпрацаваў у якасьці кансультанта ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, быў галоўным стылістам на сьвяце «расейскай раскошы» — конкурсе прыгажосьці «Рускія сэзоны ў Дубаі». Сяргей Шаўцоў — пра блізкаўсходні вэктар сваіх інтарэсаў:

«Мяне запрасілі кіраваць сеткай салёнаў прыгажосьці ў Дубаі. То бок людзі адчынялі салён і папрасілі, каб я ім дапамог. Быў вельмі цікавы вопыт: узяць тыя тэхналёгіі, якімі мы карысталіся тут, і ўжыць іх на Ўсходзе. І выявілася, што там гэта працуе нашмат больш эфэктыўна, чым у нас. Найперш таму, што самі Эміраты — гэта проста асобная гісторыя. У іх няма падатковай базы як такой, і ўвогуле для бізнэсу створана маса ўмоваў, каб разьвівацца. Таму непасрэдна там запусьціць у працу ўсё нашмат прасьцей і лягчэй. Мы адчынілі пяць салёнаў прыгажосьці, а яшчэ два сеткавыя салёны атрымалі ў мяне кансультацыю. То бок цяпер яны працуюць па франшызе маіх салёнаў у Беларусі».

У сваёй цырульні

У сваёй цырульні

Сяргей Шаўцоў кажа, што краінам Пэрсыдзкай затокі, як і ў прынцыпе арабскаму сьвету, уласьцівы гендэрны перакос — прыярытэт «моцнай» паловы перад «слабой». З гэтай прычыны мужчынскія салёны пачуваюцца нашмат лепш за жаночыя. Да таго ж мужчын і жанчын даводзіцца строга разьдзяляць:

«Абсалютна так, у іх ёсьць ці толькі мужчынскія салёны, ці толькі жаночыя. Вядома, пры дарагіх гатэлях могуць быць салёны ўнісэкс, якія маюць права абслугоўваць і мужчын, і жанчын, але гэта хутчэй рэдкасьць, чым правіла. Таксама крыху нечакана тое, што калі ў Беларусі ўстановы, якія спэцыялізуюцца на паслугах для дзяўчат, больш стабільныя, то ў Эміратах усё наадварот: мужчынскія сеткавыя салёны пачуваюць сябе нашмат лепш, чым жаночыя».

У салёне прыгажосьці «Маэстра»

У салёне прыгажосьці «Маэстра»

Як кажа Сяргей, арабскія мужчыны, у прыватнасьці ў Дубаі, зьнешняму выгляду аддаюць надзвычай вялікую ўвагу. Закід наконт «нарцысізму» справядлівы хіба часткова: каб зарабляць мільёны, дубайскія хлопцы мусяць добра выглядаць:

«Ёсьць добрая нямецкая прымаўка: для першага ўражаньня няма другога шанцу. Агульнавядома, што сустракаюць па адзежцы. Адпаведна, для таго каб ты сябе адпаведным чынам пазыцыянаваў, цябе правільна ацанілі зь першага позірку, ты мусіш выглядаць, як кажуць, на 100 балаў. І менавіта пачынаючы ад зьнешняга выгляду — як ты апранаесься, як пастрыжаны, у якім стане барада, вусы — у людзей пра цябе складаецца першае ўражаньне. Бо ў гэтай краіне цалкам звыкла проста за звычайным кубачкам кавы сустрэць свайго будучага партнэра па бізнэсе і далей зь ім ісьці па жыцьці. Таму кожны дзень трэба быць гатовым да таго, каб кантактаваць зь людзьмі адпаведнага кола і рабіць грошы».

«Беларус падобны да эўрапейца, але каштуе істотна таньней»

Пакуль заможныя дубайцы гуляюць на біржавых каціроўках, памнажаючы свае актывы, іхнія менш пасьпяховыя суродзічы саматужна асвойваюць менш прэстыжныя прафэсіі. Паводле Сяргея Шаўцова, у Эміратах бракуе вузкіх спэцыялістаў высокай кваліфікацыі, што прымушае рабіць стаўку на гастарбайтэраў. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе трымаць кошты ў сфэры паслугаў на прымальным узроўні:

Пустэльны пэйзаж Арабскіх Эміратаў

Пустэльны пэйзаж Арабскіх Эміратаў

«Я б сказаў, што паслугі салёнаў абсалютна даступныя. Справа ў тым, што ўзровень спэцыялістаў у Дубаі нашмат ніжэйшы, чым у Беларусі. Гэта абумоўлена тым, што ў іх у гэтай галіне няма клясычнай сыстэмы адукацыі як такой. То бок чалавек у 14–15 гадоў прыходзіць у цырульню, чысьціць-падмятае, а потым у нейкі момант яму даюць у рукі нажніцы, фэн і кажуць: усё, цяпер ты цырульнік. Калі не ўпраўляесься — будзь ласкавы, сыходзь, ёсьць здольнасьці — працуй. Звычайна ўзровень аплаты ня самы высокі, але з улікам таго, што маладому хлопцу ці дзяўчыне знайсьці працу досыць складана, яны працуюць так, як самі гэта разумеюць. Кансэрвуюцца, не разьвіваюцца, як вынік — прафэсійны ўзровень досыць нізкі. Таму цяпер надзвычай высока цэняцца замежныя спэцыялісты, у тым ліку з постсавецкай прасторы: яны могуць і стрыгчы, і ўкладваць, і фарбаваць. То бок рабіць шмат працаў, адрозна ад іншых гастарбайтэраў — індыйцаў, пакістанцаў, лібанцаў».

У ролі стыліста на конкурсе прыгажосьці

У ролі стыліста на конкурсе прыгажосьці

А вось заканадаўцаў усясьветнага стылю — французаў, італьянцаў, амэрыканцаў — у тутэйшых салёнах сустрэць амаль нерэальна. Сяргей Шаўцоў так тлумачыць дыспарытэт на карысьць славянаў:

«Справа ва ўзроўні прыбыткаў. Скажам, калі ў Беларусі працаваць гэтак жа, як у Дубаі, то можна зарабляць аналягічныя грошы. Там вельмі шмат працуюць, надзвычай высокія патрабаваньні. Але калі прапаноўваць прыехаць папрацаваць у Эміратах эўрапейцу, яму трэба плаціць нашмат больш, чым сваім ці славянам. Заробак наўпрост залежыць ад краіны, нацыянальнасьці, таму статус эўрапейцаў крыху іншы. Эўрапейцы апрыёры лічацца на прыступку вышэйшымі, таму і плацяць ім адпаведна. То бок на адной пасадзе заходні эўрапеец будзе атрымліваць нашмат больш за беларуса, хоць пры гэтым яны могуць рабіць адну і тую ж працу з аднолькавай эфэктыўнасьцю. З гэтай прычыны працадаўцы эўрапейцаў не бяруць, калі ў гэтым няма нейкай вострай неабходнасьці. Каб не пераплачваць. Дастаткова ўзяць беларуса: як мінімум падобны да эўрапейца, але пры гэтым каштуе істотна таньней».

«Багаты дубаец раз на месяц замаўляе замежнага стыліста»

Ці ўдалося сутыкнуцца ў Дубаі зь іншымі беларусамі і ў якіх сфэрах? Наколькі масавы працоўны дэсант зь Беларусі ў гэты пэрсыдзкі аазіс?

Папярэджаньне на пляжы

Папярэджаньне на пляжы

«Магу сказаць, што апошнім часам беларусаў у Дубаі зьявілася шмат, і яны працягваюць прыяжджаць. Як правіла, уладкоўваюцца ў гатэльныя комплексы, у сфэру абслугі ўвогуле. Хоць сустрэць на вуліцы — гэта пакуль яшчэ рэдкасьць. Адрозна ад расейцаў, якіх, паводле неафіцыйных дадзеных, у адным толькі Дубаі жыве 250 тысяч. А колькі іх там рэальна — відаць, ніхто ня ў курсе. Вядома толькі, што траціна ўсіх экспатаў, якія цяпер знаходзяцца ў Эміратах, — гэта выхадцы зь Індыі, Кітая і Філіпінаў».

Чэмпіянат Беларусі па цырульным мастацтве, 2001 год

Чэмпіянат Беларусі па цырульным мастацтве, 2001 год

Нягледзячы на статус Эміратаў як адной з самых заможных краінаў сьвету, бальшыня гастарбайтэраў (перадусім выхадцы з тамтэйшага рэгіёну) задавольваюцца сьціплымі ўмовамі як у аплаце працы, так і ў жыльлі — туляцца ў перапоўненых бараках. Тым больш дысанансна выглядае прыхамаць чалавека зусім іншага ўзроўню — напрыклад, выпісаць цырульніка аднекуль з-за акіяну:

Дрэс-код у Дубаі — справа надзвычайнай важнасьці

Дрэс-код у Дубаі — справа надзвычайнай важнасьці

«Асобныя жыхары таго ж Дубаі могуць сабе дазволіць чартэрам замовіць высакакляснага стыліста з Лос-Анджэлеса ці яшчэ аднекуль, які прыляціць на тры дні, абслужыць усю сям’ю і адляціць назад. Яму, вядома ж, аплацяць дарогу, пражываньне, у аэрапорце яго будзе сустракаць як мінімум „Ролс-Ройс“. Зразумела, плюс да ўсяго выпішуць немалы ганарар. І так кожны месяц. Безумоўна, тут збольшага іміджавы жэст — маўляў, магу сабе такое дазволіць».

З кліенткай: «Міс Малдова»

З кліенткай: «Міс Малдова»

Які карысны досьвед Сяргей Шаўцоў атрымаў ад скарэньня Блізкага Ўсходу? Што можна скарыстаць у пабудове працы, структуры бізнэсу, нарэшце, у адносінах да кліента?

«Найперш, там на вельмі высокім узроўні сэрвіс. Калі ў Беларусі сэрвісу трэба навучаць, то там гэта тое, што само сабой разумеецца. Ня будзеш гэтага трымацца — з табой папросту ніхто ня будзе працаваць. З-за таго, што ў нас недахоп кадраў, спэцыялісту няма патрэбы атрымліваць дадатковыя кампэтэнцыі, быць кліентаарыентаваным — ён і так дэфіцытны. Сёньня на аднаго спэцыяліста прыпадае каля 100 прапановаў ад салёнаў прыгажосьці. А там сытуацыя дыямэтральна супрацьлеглая, і гэтым усё сказана. То бок можна ствараць сеткі, адкрываць салёны, запрашаць спэцыялістаў, пачынаць любыя напрамкі. Яны гэтым карыстаюцца, бо агулам узровень заробкаў нашмат вышэйшы, чым у нас: калі тут цырульнік стартуе ад 500 даляраў, то ў Эміратах — ад 2 тысяч. Зразумела, што спэцыяліст сярэдняга ўзроўню выбера Эміраты. Хоць, як я ўжо казаў, добры спэцыяліст у Беларусі атрымае больш, чым зарабіў бы ў Дубаі. Таму масава нашых людзей там знайсьці і немагчыма».

«Мужчын-цырульнікаў менш, адсюль і стэрэатып пра абранасьць»

Сяргей Шаўцоў кажа, што, хутчэй за ўсё, у наступным годзе зноў выберацца ў Дубаі — у глябальным сьвеце надзвычай важна мець зваротную сувязь з калегамі, якія ня толькі слухаюць, але і могуць падзяліцца карыснай інфармацыяй:

У працэсе стварэньня прыгажосьці

У працэсе стварэньня прыгажосьці

«Так, я туды пэрыядычна ежджу, магчыма, зноў паеду на пачатку наступнага году. Але я кансультую салёны ня толькі ў Эміратах, але і ў іншых краінах. Справа ў тым, што гэты інтарэс выяўляецца ня толькі ў аднабаковым парадку — маўляў, толькі я нешта раю, паказваю і падказваю. Прыяжджаючы туды, я атрымліваю зваротную сувязь: параўноўваю свой вопыт, прымяраю да таго, чым займаюцца яны. Дзякуючы гэтаму кожны раз вучуся і я. Іншымі словамі, з кожным новым кантактам атрымліваю ўсё большую і большую ўласную кампэтэнцыю».

Пры канцы размовы цікаўлюся ў Сяргея: наколькі праўдзівае альбо стэрэатыпнае ўяўленьне, што мужчыны — найлепшыя спэцыялісты ў цырульнай справе, што яны дасягаюць большых вышыняў, чым каляжанкі-жанчыны?

Стыліст-цырульнік Сяргей Шаўцоў

Стыліст-цырульнік Сяргей Шаўцоў

«Думаю, што ў большай ступені гэта ўсё ж стэрэатып. Перадусім з-за таго, што мужчын у гэтай сфэры папросту меней — прынамсі, у краінах СНД у гэтай сфэры працуюць пераважна жанчыны. Таму мужчыны, скажам так, у цане. Але калі ўзяць краіны Эўропы, то там мужчын дастаткова, як мінімум нароўні з жанчынамі. Таму там гэта ня штосьці дзіўнае, хутчэй гэта норма. А паколькі сярэдні заробак цырульнікаў у Беларусі ня самы вялікі, то, відаць, і прафэсія ня лічыцца надта прэстыжнай. Хоць, паўтаруся, што цырульнік высокага ўзроўню атрымлівае тут ня меней, чым у Эўропе ці дзе-небудзь на Ўсходзе», — падсумоўвае топ-стыліст Сяргей Шаўцоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG