Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожная жывая мова не абыходзіцца без шкалярскага жаргону. А беларуская? Адметную мову беларускія шкаляры мелі нават 150 гадоў таму. Мелі свае словы і для шпаргалак, і для зубрэньня, і для месца, якое адказвае за правíны.

Напярэдадні Ўсясьветнага дня настаўніка традыцыйна гаворым пра тое, каб беларуская мова зыходзіла ад школы, ад пэдагога. Але іншы неад’емны бок пытаньня — калі па-беларуску гаворыць сама моладзь, прычым нязмушана, тады мова сапраўды жыве.

У жывой мове абавязкова ёсьць жаргоны — наборы размоўных словаў, ужываных у пэўным карпаратыўным асяродзьдзі. Гэта такі асаблівы код, які аб’ядноўвае пасьвячоных, служыць для распазнаваньня сваіх.

Ці ёсьць беларускі шкалярскі жаргон? Сябра, колішні настаўнік, зьдзівіўся такому пытаньню. Няма, а калі і ёсьць, то пазычаны з расейскіх сэрыялаў пра крымінальнікаў, — кажа.

Але сьвядома беларускамоўных школьнікаў у гарадох ужо зноў дастаткова, каб было асяродзьдзе. Яны слухаюць сваю музыку, гуртуюцца ў сеціве, ходзяць на свае вулічныя й канцэртныя падзеі. I, маючы патрэбу ў сваёй умоўнай мове, нешта ствараюць, калькуюць. Прыкладам, стромы ў пераносным значэньні расейскага «крутой» — але гэта няўдалая, на маю думку, калька.

Зьмей-акулярнік

Вось як назваць неад'емнага ад школьнага жыцьця акулярыстага пэрсанажа-«батана»? Вось выдатная песьня Зьмітра Сідаровіча, якую ён разам са школьнікамі і запісаў:

Я маленькі акулярык,
У мяне на носе шнарык.
І, здараецца, з-за гневу
Абзываеце мяне вы!

Але я зусім ня сумны –
Дастаткова я разумны!
І зь сябрамі — я сябрую,
І на вас я — не крыўдую.

Акулярык!

Наагул «Школьная нізка» Сідаровіча — выдатны прыклад жывых, не афіцыёзных песень. Іх бы ставіць на школьныя сьвяты, а не бясконцае даўкае «Учат в школе».

Зьміцер Сідаровіч

Зьміцер Сідаровіч

Зьміцер шукаў і знаходзіў і жывыя словы. Праўда, наватвор акулярык ня самы ўдалы: і быццам маленькі акуляр мікраскопа, і адчуваецца калька з расейскага «очкарика». Па-беларуску ж, паводле слоўнікаў 1920-х гадоў, «очковая змея» — акулярніца. Значыць, у пáру ёй павінен быць і акулярнік.

І сапраўды, знаходзім акулярніка ў прозе Янкі Брыля, Сакрата Яновіча. Скажуць — на іх уплывала польская мова. Але і ў магілёўскага пісьменьніка Сяргея Ўкраінкі ёсьць акулярнік. Ну і ваш адданы слуга таксама належыць да гэтага племя (фота ўнізе пацьвярджае).

Шпакі пад партамі

Напэўна, слова акулярнік гістарычна новае, як і зьява — дзеці ў акулярах. Але вось звычка сьпісваць такая самая даўняя, як і навучаньне. Зьвернемся да слоўніка беларускае мовы, які ўклаў Іван Насовіч на аснове чутага ад беларускіх сялянаў, шляхты, мяшчанаў, у тым ліку і шкаляроў. У сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя ў беларускіх студыёзусаў быў свой паўнацэнны жаргон, а ў ім важнае слова:

Шпакі. Слоўнік Івана Насовіча

Шпакі. Слоўнік Івана Насовіча

Шпакі, ужываецца ў множным ліку. Слова школьнае. Запазычваньне вучнем працаў у свайго таварыша. Шпакі лавіць — значыць падглядаць у іншага лепшага вучня і запазычваць. Шпакамі жывець — значыць сам не складае, а запазычвае ў іншых.

Жаргоннае слова даўніх беларускіх шкаляроў шпакі цалкам пасуе да цяперашняй шпаргалкі. Дык хай бы праз 150 гадоў вярнуліся шпакі — ня зьява, яна і так неўміручая, а вобразнае і непазычанае беларускае слова — у школьна-студэнцкі жаргон.

Хаця слова шпаргалка расейская мова запазычыла акурат са старабеларускае. У апошняй было слова шпарґал, і абазначала яно пісульку, неістотную або часовую — для нататак. Прыклад: Заплацілі... за сто шэсьцьдзесят сьвеч асмаковых лоевых... рахуючыся з шпаркгалаў (1689). Гэтае слова ў сваю чаргу з лацінскага sparganum, (а тое з грэцкага σπάργανον, што значыць ‘дзіцячая пялюшка’).

А тыя шкаляры мусілі лаціну даўбаць — што адпавядае значэньнем расейскаму «зубрить». «Зубрилка» па-беларуску і ёсьць даўбень або даўбня — «непонятливый», як тлумачыць Насовіч расейскамоўнаму чытачу. Зрэшты, даўбень хаця б даўбе, а ёсьць такія, што нічога ня робяць, і для іх словаў і ў сучаснай беларусай практыцы не бракуе. Ізноў Зьміцер Сідаровіч зь дзецьмі:

— Ты лайдак і абібок,
Ты ня вывучыў урок,
Ты ня ведаеш зусім
Анічога ані ў чым!
Добра ўчора адпачыў?!
— Я вучыў...

Але ў галавах і даўбнёў, і лайдакоў усё ж заставаліся нейкія лацінскія словы. Вось Насовіч падае слова фарнапікс — жорсткае катаваньне. Задаў яму фарнапіксу. Адкуль такое? Ад лацінскага Inferna pix — пякельная смала.

Той жа Насовіч запісаў беларускія шкалярскія выразы пра ўсякія хуліганствы. Фінфа — папяровая трубачка, тонкі канец якой устаўляюць у нос соннага чалавека, а шырокі падпальваюць. Жах. У пераносным значэньні фінфа азначае непрыемнасьці.

І гэтыя непрыемнасьці могуць сустрэць пэўнае шкалярова месца:

Сэмпітэрня. От лат. sempiternus — всегдашний. Задница, как бы всегдашняя ответчица за шалости и леность (слово перешедшее от школьников к простому народу). Усыпалі ў сэмпітэрню дзясяткі два, няхай носіць здароў.

Але і свае беларускія словы, ня толькі шпакі, у школьнай практыцы могуць набываць жаргоннае значэньне.

Як назваць апошні шэраг сталоў, дзе зьбіраюцца вышэйзгаданыя лайдакі, абібокі, аматары фінфаў і лаўцы пакемонаў? Ну не “камчаткай” жа ці іншымі магаданскімі паняцьцямі. Дык вось, у нас далёкі край — гэта вырай! У выраі добра, утульна, настаўнікава вока не дастане. З Днём настаўніка!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG