Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму мужчыну 37 гадоў. Жаніўся ў 27, пʼе, курыць, скардзіцца на здароўе, дажыве да 68 гадоў


Нацыянальны статыстычны камітэт прадставіў агляд зьвестак пра беларускіх мужчын, якіх у краіне на пачатак 2016 году было 4,42 млн (46,5% насельніцтва, на 1000 мужчын 1149 жанчын).

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, сярэдні ўзрост беларускіх мужчын — 37,3 года. Жыхары гарадоў маладзейшыя: гараджанін мае сярэдні ўзрост 36,2 года, вясковец — 40,9. Ад агульнай колькасьці 65,3% мужчын — у працаздольным узросьце, 19,1% маладзейшыя за такі ўзрост, 15,6% — старэйшыя. Працуюць 25,9% пэнсіянэраў.

Чакаецца, што беларус дажыве ў сярэднім да 68,6 года (беларуска — да 78,9 года). Чаканая працягласьць жыцьця за 2010–2015 гады сярод мужчын павялічылася на 5,7 года (жанчын — на 3,8 года). Да 65 гадоў мужчын становіцца ў паўтара раза меней за жанчын, да 74 гадоў — удвая меней.

Сярэднестатыстычны беларус жэніцца ў 27,5 года. Жанатыя 61,7% беларускіх мужчын ва ўзросьце ад 15 гадоў, яшчэ 7,3% разьведзеныя. Калі беларускі мужчына жэніцца другім разам, робіць ён гэта ў сярэднім у 40,9 года. З 59,5 тысячы мужчын, якія ажаніліся летась, 1263 абралі ў жонкі жанчын з Расеі, 711 — з Украіны, 33 — зь Літвы, 20 — з Латвіі, 12 — з Ізраілю (зьвесткі пра полек не прыводзяцца).

Толькі 33,1% беларускіх мужчын лічаць сваё здароўе добрым. Пры гэтым 46,6% кураць, а спортам ці фізкультурай займаюцца 26,2%. Што ня згадваецца ў аглядзе — гэта тое, што беларускі мужчына, хутчэй за ўсё, выпівае: у 2010 годзе Ўсясьветная арганізацыя здароўя назвала Беларусь абсалютным лідэрам па спажываньні алькаголю з 17,32 літра чыстага сьпірту на чалавека (узростам ад 15 гадоў) на год (на мужчыну — 27,5 л). Пазьней улады сьцьвярджалі, што ўжываньне алькаголю зьнізілася па выніках 2014 году да 15 л. На 1000 беларусаў 2 упершыню захварэлі на алькагалізм і сталі на ўлік у 2015 годзе.

Белстат падрыхтаваў агляд да Ўсясьветнага дню мужчын, які адзначаецца з 2000 году ў першую суботу лістапада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG