Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі і ўкраінскі пісьменьнікі ўганараваныя прэміяй імя Жызьнеўскага


Анатоль Бароўскі і Багдан Жалдак

Анатоль Бароўскі і Багдан Жалдак

26 студзеня ў Кіеве каля помніка герою Нябеснай Сотні, беларусу Міхасю Жызьнеўскаму абвешчаны ляўрэаты першай літаратурнай прэміі «Воін Сьвятла».

Паводле рашэньня журы імі сталі ўкраінскі пісьменьнік Багдан Жалдак — за кнігу «Укры» пра расейска-ўкраінскую вайну на Данбасе, і гомельскі пісьменьнік Анатоль Бароўскі — за раман «Воляй абраны», прысьвечаны нацыянальна-вызвольнай барацьбе беларускага народу супраць Расейскай імпэрыі ў 1863–1864 гадах, лёсу кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і яго нарачонай Марыі Ямант.

«Для мяне гэта дужа прыемна, бо гэта першая ўкраінска-беларуская прэмія імя нашага славутага змагара і земляка, героя Майдану», — сказаў Радыё Свабода Анатоль Бароўскі.

Прэмію «Воін Сьвятла» заснавалі па выніках украінска-беларускага сэмінару, які праходзіў у ліпені 2015 году ў Кіеве і тычыўся праблемаў і дасягненьняў нацыянальных літаратураў абедзьвюх краін. Яна мае ўручацца ў памяць Героя Нябеснай Сотні беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў у студзені 2014 году на Майдане падчас рэвалюцыі Годнасьці і Справядлівасьці.

Палажэньнем прадугледжана, што прэміяй маюць уганароўваць найлепшую кнігу прозы, выдадзеную на беларускай і ўкраінскай мовах, у якой адлюстроўваюцца высакародныя, моцныя і актыўныя героі — змагары за свабоду, справядлівасьць і агульначалавечыя ідэалы.

Штогадовую літаратурную прэмію памяці героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага вырашана ўручаць у сталіцы Ўкраіны 26 студзеня, у дзень народзінаў Жызьнеўскага, якому сёлета споўнілася б 28 гадоў.

Багдан Жалдак

Багдан Жалдак

Анатоль Бароўскі

Анатоль Бароўскі

Анатоль Бароўскі з узнагародай

Анатоль Бароўскі з узнагародай

XS
SM
MD
LG