Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бізнэсовец Сяргей Ісаеў выкупіў «Белгазету»


Сяргей Ісаеў

Сяргей Ісаеў

Новы ўласьнік тыднёвіка абяцае старонкі і на беларускай мове.

Бізнэсовец, кіраўнік ААТ «ТЦ «Снами» Сяргей Ісаеў пацьвердзіў Радыё Свабода, што выкупіў кантрольны пакет акцыяў «Белгазеты» ў расейскага «Выдавецкага дома „Комсомольская правда“».

Цяпер у Сяргея Ісаева крыху больш за 75% акцыяў, а ў заснавальніка і галоўнага рэдактара Ігара Высоцкага — крыху менш за 25%. Памер зьдзелкі не раскрываецца — камэрцыйная таямніца.

Новы акцыянэр Сяргей Ісаеў шчыра прызнаўся, што ў яго няма ніякага досьведу ў мас-мэдыя, аднак пляны амбітныя:

«Але я „Белгазету“ чытаю, 20 гадоў чытаю — з моманту заснаваньня, так што чаму б не? Газэта будзе прысьвечана, канечне, Беларусі ў першую чаргу. Прыкладна такая ж форма пакуль застаецца. Магчыма, мы пашырым і дадамо новыя рубрыкі, новыя тэмы, зьвязаныя больш з тэхнікай, з жытлом і зьвязаныя з жыцьцёвым асяродзьдзем беларусаў.

Яшчэ мы заснавалі часопіс, прысьвечаны нерухомасьці. Ён так і называецца — „Таварыства ўласьнікаў“. Прысьвечаны ён будзе жыцьцёваму асяродзьдзю нашых людзей. Пэрыядычнасьць — спачатку адзін раз у квартал, а пасьля — паглядзім».

«Белорусскую газету» (якая пазьней вымушана была зьмяніць назву на «Белгазету») заснавалі ў 1995 годзе журналісты Ігар Высоцкі, Аляксандар Вальвачоў і Аляксандар Міхальчук, якія сышлі тады зь «Белорусской деловой газеты». У лепшыя часы наклад «Белгазеты» дасягаў 20 тысяч. Цяпер з заснавальнікаў у тыднёвіку застаўся толькі Ігар Высоцкі, які 20 гадоў займае пасаду галоўнага рэдактара.

Спадар Высоцкі ня стаў камэнтаваць сытуацыю з выданьнем, накіраваўшы Радыё Свабода да новага ўладальніка кантрольнага пакета акцыяў:

«Тэлефануйце Сяргею Ісаеву, запытвайцеся ў яго. Я не хачу адказваць на вашы пытаньні».

А вось новы акцыянэр Сяргей Ісаеў паведаміў, што Ігар Высоцкі застанецца галоўным рэдактарам:

Мы цяпер вызначаемся з тэрмінамі рэарганізацыі, колькі нам трэба часу і грошай, каб газэту ў папяровай вэрсіі зрабіць даходнай. Альбо канчаткова сысьці ў інтэрнэт

«Пакуль так. Прынамсі, да студзеня пэўна. Ня будзем рабіць пакуль рэзкіх рухаў. Безумоўна, Ігар Высоцкі ўсё жыцьцё прапрацаваў у гэтай газэце, і за тое, што мы яе чыталі 20 гадоў, трэба быць удзячным менавіта яму. Ён цягне гэтую газэту, цягне, як бачыць яе, як умее. Безумоўна, мы будзем яго падтрымліваць. Мы паспрабуем выкарыстаць той досьвед, які мы маем, у інтэрнэце ў стварэньні розных сайтаў. Для нас гэта таксама экспэрымэнт. Мы цяпер вызначаемся з тэрмінамі рэарганізацыі, колькі нам трэба часу і грошай, каб газэту ў папяровай вэрсіі зрабіць даходнай. Альбо канчаткова сысьці ў інтэрнэт. Але пакуль нічога не мяняецца. Па-першае, лета — летам ня трэба нічога мяняць. Але ідзе пэўная праца кадравая».

Новы ўладальнік «Белгазеты» Сяргей Ісаеў запэўніў, што папяровая вэрсія да Новага году пэўна будзе выходзіць. А мэта яго — зрабіць выданьне прыбытковым:

«Тым больш што і ў статуце запісана: „Здабыцьцё прыбытку зьяўляецца яе мэтай“. Выданьне газэты — гэта сродак для дасягненьня статутных мэтаў. Напэўна, практычна ўсе нашы газэты сябе не акупляюць (за выключэньнем хіба што магілёўскай „Талакі“). Прэса, на жаль, паўсюль памірае, ва ўсіх краінах сьвету. Інтэрнэт бязьлітасны, агульнадаступны, бясплатны. Адзіная праблема — яшчэ ніхто так і не навучыўся, як адтуль атрымаць грашовыя знакі за публічную дзейнасьць, зьвязаную з друкаваньнем матэрыялаў».

Сяргей Ісаеў усьведамляе, што набыў газэту ён ня ў самыя лепшыя часы, калі ў краіне крызіс, і ў рэкляме, за кошт якой газэта павінна выжываць, таксама адбываецца звужэньне рынку. Таму паспрабуе захаваць друкаваную вэрсію і адначасовае запусьціць інтэрнэт-праект. Інвэстыцыі ўжо ёсьць, на праекце soroka.by цяпер адладжваецца сыстэма кіраваньня сайтам, так што праз пару месяцаў «Белгазета» стартуе ў інтэрнэце.

«Рэкляма ў інтэрнэце вельмі адрасная, яна канкрэтная, мы ведаем, хто спажывец, ледзьве не па прозьвішчах. Газэта, на жаль, адрасуецца да нявызначанага кола асобаў. Таму ўсе рэклямадаўцы выбіраюць канкрэтныя прапановы, зьвязаныя з інтэрнэтам. Вядома, у інтэрнэце цяпер шмат цікавых праектаў, але неяк у ніводнага такога праекту няма манэтызацыі. Адзінае — за газэтны кантэнт у момант падпіскі ці набыцьця ў шапіках людзі плацяць усё ж такі. У інтэрнэце ніхто ня плаціць», — разважае Сяргей Ісаеў.

На пытаньне Радыё Свабода пра моўную палітыку выданьня новы ўладальнік адказаў так:

«Давайце ня будзем хаваць, што расейскамоўная эліта зьяўляецца дамінуючай у Беларусі, ці то на жаль, ці то на шчасьце — тут цяжка судзіць. Але гэта так. Таму рэаліі рынку кажуць пра тое, што трэба пісаць на расейскай мове. Але будуць старонкі і на беларускай мове. Будзем вывучаць беларускую мову паціху, скажам так, разам з нашымі чытачамі».

Сяргей Ісаеў — кіраўнік ААТ «ТЦ «СНАМИ».

Тэхнічны Цэнтар «СНАМИ» заснаваны ў 1990 годзе. Прыярытэтны напрамак дзейнасьці кампаніі — пастаўка, сэрвіснае абслугоўваньне і рамонт капіравальна-памнажальнай тэхнікі і іншага офіснага абсталяваньня, а таксама продаж запасных частак да іх. Таксама кампанія займаецца рэклямна-паліграфічнай дзейнасьцю, вырабляе друкаваную прадукцыю, аказвае рэклямныя і паліграфічныя паслугі, вырабляе сувэнірную прадукцыю і вонкавую рэкляму.

Больш за пяць гадоў таму кампанія пачала дыстрыбуцыю тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, у прыватнасьці, тэрміналаў сотавай сувязі стандарту GSM вытворчасьці Siemens, Samsung, Nokia, Panasonic, Motorola.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG