Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае грамадзтва пакуль далёкае ад разуменьня талерантнасьці, — Стэфановіч


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» далучыўся да агульнаэўрапейскага Тыдня супраць расізму, мерапрыемствы якога праходзяць у Беларусі з 12 па 21 сакавіка, каб зьвярнуць увагу на ўразьлівыя групы ў беларускім грамадзтве, якім неабходныя падтрымка і салідарнасьць.

Праваабаронцы правялі фатасэсію: зьняліся з плякатамі, на якіх напісана «Я — цыган», «Я — габрэй», «Я — мусульманка», «Я — асоба каўкаскай нацыянальнасьці», «Я — крышнаіт», і выставілі фотагалерэю на сваім сайце.

На іх думку, дыскрымінацыя і нэгатыўнае стаўленьне найбольш распаўсюджаныя менавіта ў адносінах да прадстаўнікоў гэтых нацыянальнасьцяў і рэлігіяў.

«Ідэя нашай фатаакцыі ў падтрымку Тыдня супраць расізму сфакусаваная на беларускай рэчаіснасьці, праблемах, характэрных для нашага грамадзтва. Мы б хацелі данесьці тое, што ўсе мы розныя і што сьвет — разнастайны і менавіта гэтым цікавы. Што трэба змагацца з нэгатыўнымі стэрэатыпамі, і чалавека ні ў якім разе нельга ацэньваць толькі паводле яго нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасьці або сэксуальнай арыентацыі», — тлумачыць намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца прыводзіць прыклад, як людзі камэнтуюць апошні выпадак у Баранавічах, дзе жанчыну, якая толькі што нарадзіла дзіця, зьмясьцілі ў СІЗА: «маўляў, а што ж вы хацелі, яна ж цыганка»... На думку спадара Стэфановіча, нэгатыўнае аблічча цыганоў пастаянна прысутнічае ў зводках МУС, гэта нацыянальнасьць злачынцаў, якую часьцей адзначаюць у СМІ:

«Мы сутыкаемся з гэтым у дзяржаўных газэтах і на тэлебачаньні. Таксама ў нашым грамадзтве прысутнічае і побытавы антысэмітызм. Я ўжо не кажу пра гамафобію, узровень якой досыць сур’ёзны, і мы ўжо бачылі некалькі выпадкаў, калі людзей зьбівалі і нават забівалі за іх сэксуальную арыентацыю. Таму я лічу, што гаварыць пра талерантнае грамадзтва ў Беларусі проста не выпадае».

Валянцін Стэфановіч зьвяртае ўвагу яшчэ на адну праблему — неразуменьне сутнасьці талерантнасьці. Беларусаў часьцяком называюць талерантнай нацыяй, але гэта не зусім так:

«Да прыкладу, калі гаворка вядзецца пра злачынствы ці іншыя нэгатыўныя сацыяльныя праявы, кажуць — маўляў, людзі цярпяць, бо „талерантныя, яны гэта прымаюць“.

Але талерантнасьць — гэта актыўнае ўзаемадзеяньне людзей розных культураў і нацыянальнасьцяў, а не цярплівасьць. Цярпімасьць і цярплівасьць — розныя рэчы».

У 1995 годзе ЮНЭСКА прыняла Дэклярацыю прынцыпаў цярпімасьці. Паводле артыкула 1, «Цярпімасьць азначае павагу, прыняцьце і правільнае разуменьне багатай разнастайнасьці культур нашага сьвету, нашых формаў самавыяўленьня і спосабаў праяўленьня чалавечай індывідуальнасьці. Ёй спрыяюць веды, адкрытасьць, зносіны і свабода думкі, сумленьня і перакананьняў. Цярпімасьць — гэта гармонія ў разнастайнасьці. Гэта ня толькі маральны абавязак, але і палітычнае і прававое запатрабаваньне. Цярпімасьць — гэта цнота, якая робіць магчымым дасягненьне міру і спрыяе замене культуры вайны на культуру міру».

І далей тлумачыцца:

«Праява цярпімасьці, сугучная павазе да правоў чалавека, не азначае памяркоўнага стаўленьня да сацыяльнай несправядлівасьці, адмовы ад сваіх перакананьняў ці саступкі чужым. Гэта азначае, што кожны вольны прытрымлівацца сваіх перакананьняў і прызнае такое ж права за іншымі. Гэта азначае прызнаньне таго, што людзі па сваёй прыродзе адрозьніваюцца зьнешнім выглядам, становішчам, маўленьнем, паводзінамі і каштоўнасьцямі і валодаюць правам жыць у сьвеце і захоўваць сваю індывідуальнасьць. Гэта таксама азначае, што погляды аднаго чалавека ня могуць быць навязаныя іншым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG