Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя цкуе цыганоў паводле нацыянальнай прыкметы», — праваабаронцы


Ілюстрацыйнае фота. Цыганская сям'я з Ашмянаў
Ілюстрацыйнае фота. Цыганская сям'я з Ашмянаў

Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча з нагоды публікацыі ў газэце «Кобрынскі весьнік» матэрыялу, які, на іх думку, абражае цыганскую дыяспару ў Беларусі.

«Настойліва просім Вас зрабіць захады, каб супрацоўнікі міліцыі не абражалі ў СМІ нацыянальныя пачуцьці прадстаўнікоў цыганскай дыяспары і не распальвалі міжэтнічную варожасьць», — пішуць Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка.

Праваабаронцы лічаць, што ўзмацненьне антыцыганскіх настрояў у грамадзтве робіць складаным працаўладкаваньне грамадзянаў цыганскай нацыянальнасьці, а таксама прыводзіць да хуліганскіх праяваў у дачыненьні да ромаў.

Больш за тры гады таму Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка ўжо прасілі МУС давесьці да ведама супрацоўнікаў міліцыі, што публічна ўказваць на нацыянальную прыналежнасьць злачынцаў супрацьзаконна, таму што ўсе нацыянальнасьці ў нашай краіне роўныя перад законам, і неэтычна — таму што ніводная этнічная група ня можа складацца толькі з крымінальных элемэнтаў. У адказе з МУС у 2012 годзе паведамлялася, што «сярод супрацоўнікаў рэгіянальных аддзелаў унутраных спраў увесь час вядзецца тлумачальная праца ў мэтах недапушчэньня канкрэтызацыі расавых, этнічных і рэлігійных прыкметаў злачынцаў і правапарушальнікаў».

Як паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», супрацоўнікі міліцыі ў розных рэгіёнах Беларусі ігнаруюць рэкамэндацыі МУС.

Так, 9 студзеня ў газэце «Кобрынскі веснік» зьявіўся артыкул з загалоўкам «Не попадитесь на уловки цыган» за аўтарствам опэрупаўнаважанага аддзелу крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Дзегцярука. Ужо сам загаловак сьведчыць, што артыкул носіць дыскрымінацыйны характар.

Артыкул з падобным загалоўкам «Калі прыйшлі ў дом цыганы — званіце ў міліцыю» зьявіўся ў жніўні 2014 году ў газэце «Ганцавіцкі час». І прыкладна ў гэты ж час у газэце «Чырвоны Кастрычнік» (Гомельская вобласьць) начальнік аддзяленьня Акцябрскага РАУС Гапоненка заклікаў чытачоў «у выпадку зьяўленьня ў населеных пунктах асобаў цыганскай нацыянальнасьці тэрмінова інфармаваць аддзел унутраных спраў».

А газэта «Маяк Палесся» (Гомельская вобласьць) у сьнежні 2015 году паведаміла, што міліцыя затрымала групу грамадзянаў толькі па той прычыне, што яны належалі да цыганскай нацыянальнасьці:

«У машыне знаходзілася пяць чалавек... Можна выказаць здагадку, што яны хацелі пажывіцца за кошт мясцовых жыхароў».

Праваабаронцы спадзяюцца, што міністар зьверне ўвагу сваіх падначаленых на неабходнасьць выкананьня заканадаўства — забарону дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG