Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь паднялася ў рэйтынгу Doing Business. Альбо апусьцілася


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

У рэйтынгу Doing Business, які характарызуе ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў краіне, Беларусь апусьцілася з 43-га на 44-е месца.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя рэйтынгу, апублікаваныя на сайце Сусьветнага банку.

Між тым беларускія СМІ паведамілі, што рэйтынг Беларусі, наадварот, значна павысіўся — з 57-га да 44-га месца.

Як патлумачылі Радыё Свабода ў прадстаўніцтве Сусьветнага банку ў Менску, у 2015 годзе Беларусь сапраўды стаяла ў рэйтынгу Doing Business на 57-м месцы. Аднак за мінулы год экспэрты атрымлівалі новую інфармацыю, трохі зьмянілася мэтадалёгія дасьледаваньня, таму рэйтынг пералічылі. Такім чынам, карэктна і тое, што ў мінулым годзе Беларусь займала 57-е месца, і тое, што месца было 43-е.

Крыловіч: Беларускі бізнэс вельмі абмежаваны ў сваіх магчымасьцях

Галоўны рэдактар аналітычнага эканамічнага інтэрнэт-выданьня belrynok.by Ірына Крыловіч у інтэрвію Радыё Свабода адзначыла, што рэйтынг Doing Business існуе ня так даўно і ягоная мэтодыка ўвесь час мяняецца. Пералічваньне і ўнясеньне карэктываў у мінулыя рэйтынгі — рэч для яго звычайная.

Што тычыцца месца Беларусі ў рэйтынгу Doing Business-2016, то Крыловіч зьвяртае ўвагу на тое, што практычна па ўсіх напрамках паказчыкі Беларусі пагоршыліся або не зьмяніліся.

Напрыклад, у пляне падключэньня да сыстэмы электразабесьпячэньня Беларусь страціла 4 пазыцыі (з 85-га месца адсунулася на 89-е), у пляне атрыманьня крэдытаў — таксама 4 пазыцыі (з 105-га на 109-е), а ў пляне падаткаабкладаньня і абароны мінарытарных акцыянэраў — па 3 пазыцыі (з 60-га месца на 63-е і з 54-га на 57-е адпаведна). У сфэры ўрэгуляваньня неплатаздольнасьці і рэгістрацыі ўласнасьці Беларусь страціла па адным пункце (з 68-га на 69-е і з 6-га на 7-е адпаведна).

Адзіны напрамак, на якім назіралася павышэньне рэйтынгу, прычым вельмі значнае, — гэта ўмовы рэгістрацыі прадпрыемстваў. Тут Беларусь паднялася з 39-га на 12-е месца (+27 пунктаў).

«Што тычыцца рэгістрацыі прадпрыемстваў, то сапраўды тут можна пагадзіцца з тым, што за апошнія гады рэгістрацыя прадпрыемстваў значна спрасьцілася. Напрыклад, наш праект „Белрынок“ таксама прайшоў гэты шлях, зарэгістраваў юрыдычную асобу, і трэба сказаць, што гэта ўдалося зрабіць досыць хутка. Літаральна за адзін дзень сама рэгістрацыя адбываецца: калі ўсе дакумэнты ў парадку, вам проста ставяць пячатку на статут, а праз тыдзень вам выдаюць дакумэнты, у якіх вы ўжо пастаўленыя на ўлік у падатковай інспэкцыі, фондзе сацабароны і г.д. То бок фармальна гэта значна прасьцей, чым было яшчэ некалькі гадоў таму, хоць гэтыя зьмены адбыліся не ў мінулым годзе, а значна раней», — прызнае Крыловіч.

Між тым яна кажа, што практыка паказвае — спрашчэньне рэгістрацыі само па сабе не вядзе да спрашчэньня ўмоў вядзеньня бізнэсу.

«Так адбываецца таму, што бізнэс у Беларусі, перш за ўсё малы і сярэдні, вельмі абмежаваны ў сваіх магчымасьцях — як у пляне фінансавым, так і ў пляне пошуку тых ніш, у якіх яны могуць зарабляць грошы. З-за велізарнага дзяржаўнага сэктару, які існуе ў Беларусі, які на сёньняшні дзень вырабляе практычна любую намэнклятуру прадукцыі, які займаецца любымі відамі бізнэсу, немагчыма знайсьці сабе тую нішу, у якой можна было б канкураваць зь дзяржавай або з напалову дзяржаўнымі структурамі. Таму, безумоўна, можна адзначыць як станоўчы факт тое, што рэгістраваць бізнэс стала прасьцей. Але рэальна працаваць бізнэсу, на жаль, стала не прасьцей», — канстатуе рэдактар belrynok.by.

«Патрэбныя грошы ўжо на самым старце. Сёньня практычна немагчыма займацца бізнэсам, ня маючы грошай. У нас нізкі кошт рэгістрацыі і няма патрабаваньняў да статутнага фонду, але адразу ўжо трэба плаціць за офіс, плаціць за інтэрнэт, плаціць за тэлефон, бо бяз гэтага немагчыма працаваць. Таму вы плаціце гэта альбо з уласнай кішэні адразу ж, альбо вам патрэбныя для старту нейкія грошы, а іх узяць практычна немагчыма», — тлумачыць Крыловіч.

Балыкін: Нічога істотна не зьмянілася

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

Нягледзячы на тое, што, паводле апошніх дадзеных, Беларусь страціла адну пазыцыю ў рэйтынгу Сусьветнага банку, атрымліваецца, што перад гэтым, у мінулым годзе, рэйтынг нашай краіны значна павысіўся — з 63-га да 43-га месца (у рэйтынгу Doing Business 2014 Беларусь займала 63-е месца, а ў Doing Business 2013 — 64-е).

Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць, што да падобных сусьветных рэйтынгаў трэба ставіцца скептычна, бо тут немагчыма ўлічыць шмат якія суб’ектыўныя фактары.

«Калі, напрыклад, спыталіся б у дробных гандляроў з рынку, ці стала ім лепш весьці бізнэс, яны б сказалі — „не“. Я гляджу, што ў нашай краіне (паводле рэйтынгу. — РС) стала менш цяжка рэгістраваць малы бізнэс, але ж я ніякіх паляпшэньняў у гэтай сфэры не заўважыў у мінулым годзе. Нічога тут істотна не зьмянілася. Ну, можа, зьявілася магчымасьць рэгістраваць бізнэс праз інтэрнэт, але гэта ня так істотна, каб бізнэс адчуў нейкую палёгку. Але вось экспэрты далі 12-е месца па гэтым паказчыку замест 40-га», — кажа Балыкін.

«Добра, што дзяржава імкнецца падвысіць сваё месца ў гэтым рэйтынгу і нешта робіць добрае ў гэтым кірунку. Але, на жаль, шляхі такія непасьлядоўныя, і рэйтынг гэта паказвае. Таму казаць пра істотнае паляпшэньне бізнэс-клімату ў Беларусі нельга. Тым больш, акрамя гэтых паказчыкаў ёсьць яшчэ і такі паказчык, які не адлюстроўваецца ў гэтым рэйтынгу — узровень даверу бізнэсу да ўладаў. А я думаю, што гэта вельмі нізкі паказчык з-за таго, што і заканадаўства нестабільнае, і палітыка ўладаў адносна суб’ектаў гаспадараньня непрадказальная», — падкрэсьлівае ён.

Балыкін ня лічыць, што больш высокае месца Беларусі ў рэйтынгу Doing Business можа прывесьці да росту замежных інвэстыцыяў.

«Пакуль не заўважалася актыўнасьці замежных інвэстараў на беларускім рынку, якое б месца Беларусь ні займала ў рэйтынгу. Неяк не ідуць сюды інвэстары. Насамрэч галоўнае ня тое, каб сюды ішлі замежныя інвэстары — галоўнае, каб нацыянальны бізнэс разьвіваўся. На жаль, такога няма», — кажа ён.

Вышэй за Расею і Ўкраіну

На чале рэйтынгу Doing Business-2016 стаяць Сынгапур, Новая Зэляндыя, Данія, Паўднёвая Карэя і Ганконг.

Беларусь працягвае апярэджваць у рэйтынгу Расею (51 месца) і Ўкраіну (83 месца). З краін былога СССР вышэй за Беларусь у рэйтынгу знаходзяцца Літва (20-е месца), Латвія (22-е), Грузія (24-е), Армэнія (35-е) і Казахстан (41-е).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG