Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае грамадзянства хутка можна будзе атрымаць за тры месяцы


Канстытуцыйны суд Беларусі не знайшоў прыкметаў таго, што папраўкі і зьмяненьні ў законе «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусі» супярэчаць Канстытуцыі.

«Канстытуцыйны суд лічыць, што па зьмесьце нормаў, форме акту і парадку прыняцьця закон «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у закон Рэспублікі Беларусь „Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь“ адпавядае Канстытуцыі» — гаворыцца ў рашэньні Канстытуцыйнага суду, якое сёньня зьявілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Рашэньне Канстытуцыйнага суду дае законную магчымасьць Аляксандру Лукашэнку падпісаць закон у новай рэдакцыі. Галоўнае ў ім — спрашчаецца працэдура атрыманьня беларускага грамадзянства.

Скасаваньне ў законе «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» для прэтэндэнтаў абавязковай нормы папярэдняга грамадзянства СССР істотна пашырае колькасьць людзей, якія могуць скарыстацца спрошчанай працэдурай атрыманьня беларускага пашпарта. Датычыцца гэта найперш асобаў з этнічнымі беларускімі каранямі. Згодна з новымі правіламі, на разгляд справы такіх заяўнікаў уладам адводзіцца тры месяцы.

«Прэтэндэнты на спрошчаную працэдуру абавязкова мусяць прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх беларускія карані», — адзначае начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

«Гэта, напрыклад, пасьведчаньне аб нараджэньні, нейкія выпіскі з працоўнай кніжкі. Магчымыя і некаторыя іншыя дакумэнты — напрыклад, царкоўныя альбо архіўныя запісы пра продкаў. То бок, пытаньне доказу заяўнікам сваіх этнічных каранёў альбо сталага пражываньня раней на тэрыторыі Беларусі адносіцца да кампэтэнцыі заяўніка», — тлумачыць ён.

Прэтэндэнты на спрошчаную працэдуру абавязкова мусяць прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх беларускія карані

Цяперашняе дзейнае заканадаўства прадугледжвае два варыянты набыцьця беларускага грамадзянства — звычайны і спрошчаны. Паводле звычайнага, прэтэндэнт мусіць абавязкова пражыць ня менш як сем гадоў на тэрыторыі Беларусі. У спрошчаным варыянце такой нормы няма. Але каб падпасьці пад спрошчаную працэдуру, заяўніку пакуль неабходна абавязкова мець у мінулым грамадзянства СССР.

У новым варыянце закону норма пра абавязковае папярэдняе савецкае грамадзянства скасаваная. І гэта, як гаворыць міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, у пэрспэктыве значна павялічвае колькасьць людзей, якія могуць скарыстацца спрошчанай працэдурай. Асабліва гэта датычыцца дзяцей, якія нарадзіліся ў этнічных беларусаў за межамі Беларусі пасьля развалу Савецкага Саюзу.

Аляксандар Лукашэнка кожны квартал падпісвае ўказ аб набыцьці замежнымі грамадзянамі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Звычайна ў такім указе прыкладна 100 прозьвішчаў. Пераважна хадайнічаюць аб набыцьці беларускага грамадзянства людзі, якія нарадзіліся на тэрыторыі былога СССР. «Цяпер акцэнт, зь вядомых усім прычын, перамясьціўся ва Ўкраіну», — казаў у Палаце прадстаўнікоў міністар Шуневіч пры абмеркаваньні законапраекту «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь».

Новыя папраўкі таксама спрашчаюць набыцьцё беларускага грамадзянства дзецьмі, у якіх маці альбо бацька зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. Большыя магчымасьці на беларускае грамадзянства будуць мець і дзеці, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі ў бацькоў, што часова пражываюць тут і на момант нараджэньня дзіцяці зьяўляліся асобамі без грамадзянства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG