Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае чучхэ


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Заснавальнік паўночнакарэйскай кіроўнай дынастыі, «Вялікі Правадыр і Настаўнік» таварыш Кім Ір Сэн у 1950–1960-х гадах прапанаваў свайму вернаму народу дзяржаўную ідэалёгію пад назвай «чучхэ». Галоўным элемэнтам гэтай ідэалягічнай канструкцыі быў пастулят пра «апору на ўласныя сілы», курс на самаізаляцыю, эканамічную і палітычную аўтаркію. Ні да чога добрага гэта не прывяло, КНДР пэрыядычна зазнае голад, але народ задаволены і моцна любіць ужо трэцяга Кіма з слаўнай дынастыі.

Гэтая канцэпцыя ўзгадалася на мінулым тыдні, калі тэлеканалы паказалі паездку Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці. Галоўны мэсыдж ягонай камунікацыі зь мясцовым людам быў у пэўным сэнсе нечаканы. Звычайна ў ходзе выбараў палітыкі абяцаюць электарату залатыя горы. У ранейшыя часы і Аляксандар Лукашэнка задобрываў народ павышэньнем заробкаў і пэнсіяў. А цяпер — калі тое бачылі? — ён вядзе сваю агітацыйную кампанію пад лёзунгам самаабмежаваньняў. Прэзыдэнт фактычна заклікае беларусаў прыцішыць жаданьні, абмежаваць спажываньне, купляць беларускае, адпачываць на радзіме.

Лукашэнка нарэшце знайшоў цудадзейны рэцэпт выхаду з крызісу:

«Давайце пажывём на сваім, што ў нашых крамах ёсьць, і адпачнем гэтыя гады ў сябе ў Беларусі. Ня будзем вывозіць валюту... Мы не павінны купляць па імпарце тое, што вырабляем самі... Навошта даляр? Купіць імпартнае і паехаць у Эгіпет адпачыць? Перажывём. Вазьміце Белавескую пушчу — духаты ніякай, выдатнае паветра. Браслаўскія азёры. Азёр хапае, зьмялела трохі, але вады хапае. Адпачнем як-небудзь у гэты цяжкі час дома... Давайце наша, беларускае паносім! Будуць спажываць 10 млн чалавек і тыя 2 млн, якія праз нас пастаянна рухаюцца, дык і прадаваць за межы краіны застанецца зусім нічога — праблем ня будзе».

І загадаў, каб дапушчальны ўзровень імпарту на рынку быў 10%, бо трэба захаваць канкурэнцыю.

Бачыце, што значыць разважаць пра высокую палітку, як любіць казаць сам Лукашэнка, «ад зямлі», з гледзішча звычайнай сьвядомасьці. Гэта вам ня нейкі «яйкагаловы» разумнік з дыплёмам Гарварда. Адно слова, народны прэзыдэнт. Пашэнціла беларусам. Хто б мог так празорліва прадбачыць, што ў беларускай зямлі абавязкова ёсьць нафта і газ. І вось акурат пад прэзыдэнцкія выбары знайшлі-такі новае радовішча. Не прэзыдэнт, а чараўнік.

Можна ўзгадаць, што сам Лукашэнка ня вельмі кіруецца тымі парадамі, якія раздае суграмадзянам. Адпачываць любіць за мяжой. Катаецца на лыжах ці то ў Сочы, ці ў Аўстрыі, ці ў Сэрбіі (пакуль не ўвялі візавыя абмежаваньні на паездкі ў эўрапейскія краіны). Год таму ён сумясьціў працоўны візыт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты з адпачынкам. Памятаеце той гістарычны хакейны матч каманды прэзыдэнта Беларусі з «камандай вэтэранаў хакею Эміратаў», у якім Коля забіў два галы ў вароты суперніка?

Дый носіць Аляксандар Рыгоравіч зусім не беларускае. Якраз у той самы момант, калі ён заклікаў суграмадзян купляць беларускае, пільныя блогеры заўважылі на руцэ кіраўніка дзяржавы гадзіньнік маркі Vacheron Constantin Geneve коштам 15–20 тысяч даляраў. Нядаўна, 16 жніўня, калі Лукашэнка разам з сынам і камандай набліжаных асобаў выбіраў бульбу ў сваёй рэзыдэнцыі, на ім былі шорты амэрыканскай фірмы, ён быў абуты ў амэрыканскія «Кроксы». А яшчэ носіць рэмень маркі Hermes, і ровару аддае перавагу італьянскаму, а не вытворчасьці «Мотавела».

Калі ж разважаць з чыста эканамічнага гледзішча, то арыентацыя на ўнутраны рынак беларускую вытворчасьць не ўратуе. Эканоміка Беларусі мае высокую ступень адкрытасьці — доля экспарту тавараў і паслуг у ВУП перавышае 60%. Таму, нават калі забараніць імпарт і прымусіць усё насельніцтва купляць толькі беларускія тавары, гэта ня выведзе краіну з крызісу. Ужо ня кажучы пра тое, што эканамічная аўтаркія не дапамагла яшчэ ніводнаму народу. Паглядзіце на досьвед той жа Паўночнай Карэі. Так што ідэя чучхэ ў Беларусі, у адрозьненьне ад кавуноў у прэзыдэнцкім агародзе, наўрад ці прыжывецца. Ня той сацыяльны клімат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG