Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Re1ikt прэзэнтуе «Куфар»: фольк-мэтал, краўдфандынг, футбол і саксафон


Менскі гурт Re1ikt прэзэнтуе новы альбом «Куфар» 10 сьнежня ў менскім клюбе «Бруге».

Альбом зьявіўся ў сеціве больш як за месяц да канцэртнай прэзэнтацыі, ды на выступе гурт абяцае жывыя дуэты з саксафаністам Паўлам Аркелянам і мультыінструмэнталістам ды лідэрам Vuraj Сяржуком Доўгушавым, а таксама «незвычайным госьцем-нечалавекам». Сцэну аздобіць віцебская мастачка Алена Пятрова, якая робіць скульптуры з арганічных матэрыялаў.

Напярэдадні прэзэнтацыі са Свабодай пагутарылі бубнач гурту Аляксандар Дземідзенка і басіст Дзьмітры Наркевіч.

Новы альбом працягвае стыль «Лекавых траваў» — кружэкі, што летась была названая «альбомам году» на прэміях Experty.by і «Эўрарадыё». Гурт ізноў спалучае цяжкі рок і мэтал з фолькам і народнымі сьпевамі. Дземідзенка называе гэты стыль проста «сучасным беларускім жывым рокам»:

«Мне здаецца, мы дайшлі да таго этапу, калі ў нас адчуваецца ўласны почырк, што мы не карыстаемся стылістычнымі абмежаваньнямі. У нас свае ўласныя арыентыры, як рабіць музыку, каб яна была арыгінальнай, лёгка слухалася і каб у ёй быў беларускі культурны падмурак».

Нейкага асаблівага трэнду, моды на музыку з прыстаўкай «фольк» музыкі цяпер ня бачаць: да такой музыкі заўсёды была цікавасьць. Самі ж яны пачалі зьвяртацца да фольку яшчэ ў далёкім 2008 годзе. Дземідзенка кажа, што праз музыку свайго народу «ты можаш сказаць сьвету, хто ты такі». Музыкі кажуць, што аналізавалі мэлёдыі і тэксты народных песень, але па вёсках на «сустрэчы з бабулькамі» езьдзілі нячаста — бракавала вольнага часу, хоць гэта і цікава.

У новым альбоме дзякуючы вандроўкам па вёсках зьявілася песьня «Сваточкі». Ды ў дадатак да звыклага фольк-мэталу ў альбоме ёсьць «Толькі сьнег», запісаная разам з саксафаністам Паўлам Аркелянам у межах праекту «Новае пакаленьне на новы год» тэлеканалу «Белсат», а таксама рокавы гімн футбольнага клюбу «Крумкачы».

Гурт зьбіраў грошы на выданьне «Куфару» на CD празь інтэрнэт-пляцоўку Talaka.by і сабраў неабходную суму ўсяго за тыдзень, а за месяц набраў амаль 250% неабходнай сумы. Лішнія грошы гурт пусьціў на здымкі кліпу, відэа выйдзе на народную песьню «Дробненькі дожджык».

Як кажуць музыкі, на замежныя Kickstarter ці IndieGoGo яны не ішлі зь юрыдычных прычынаў, ды й хацелі паўдзельнічаць у разьвіцьці беларускіх пляцовак. Прынцыповых адрозьненьняў між папулярнымі беларускімі пляцоўкамі Talaka.by i Ulej.by яны ня бачаць, адзначаюць толькі, што «талака» — усё ж беларускае слова.

«Тут ня трэба зьдзіўляцца, бо ад пачатку была заяўленая не касьмічная сума», — тлумачыць Дземідзенка. — Да збору грошай быў запісаны матэрыял, было ўсё гатова, грошы мелі пайсьці на фізычнае выданьне«.

Бубнач дадае, што зьбіраць грошы можна і на выданьне яшчэ не запісанага матэрыялу, як гэта рабіў Лявон Вольскі з «Псыхасаматыкай», але маладым гуртам бяз запісаў раіць для пачатку запісаць і выдаць дэма. Са зборам грошай малады артыст можа «патануць у арганізацыйных справах». Спачатку нічога складанага няма, сайты даюць падрабязныя інструкцыі, але ж далей да збору трэба прыцягваць увагу, пра што некаторыя забываюць і застаюцца расчараванымі.

У праекце можна прапанаваць ня толькі лічбавую ці фізычную копію альбому, але і дадатковыя бонусы. Сярод такіх Re1ikt прапаноўваў торбы і майкі, сустрэчу з гуртам, наведваньне рэпэтыцыяў, прыватныя музычныя заняткі, нават загарадны аўташпацыр з кавай, бутэрбродамі і праслухоўваньнем альбому. Рабілася гэта, кажа Дземідзенка, не дзеля таго, каб атрымаць паболей грошай, а каб даць слухачам і самім сабе цікавыя ўспаміны.

«Калі будзеш рабіць нешта добрае, яно будзе да цябе вяртацца, — дадае Наркевіч. — А калі адразу ставіць сабе плянку „зарабіць грошай“, дык шмат прыкладаў ёсьць, у каго так не пракаціла».

Ёсьць плян на чатыры, калі ня болей, рэлізаў. Мяркуецца зрабіць прэзэнтацыі новага і папярэдняга альбомаў у розных гарадах Беларусі — музыкі кажуць, што любяць граць і ў невялікіх гарадах, перад невялікай аўдыторыяй:

Відэа да песьні «Зрушаны сьвет» з альбому «Лекавыя травы»:

«На такія канцэрты прыходзяць людзі неабыякавыя, актыўныя, якія самі ў сябе на месцах нешта робяць, прасоўваюць. Мы прыяжджаем і зараджаем іх энэргіяй, яны падсілкоўваюцца ёю і працягваюць сваю справу», — кажа Наркевіч.

Чаму тады шмат якія гурты «сядзяць дома», амаль ня граюць за межамі роднага гораду? Наркевіч ня бачыць нейкіх сапраўды значных перашкодаў у арганізацыі канцэртаў у невялікіх гарадах: толькі жаданьне ці нежаданьне выканаўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG