Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская песьня на вуліцы — палітыка і выклік


Вулічныя музыкі ў Магілёве

Вулічныя музыкі ў Магілёве

У беларускіх гарадах пачуць ад вулічных музыкаў беларускія песьні выпадае ня часта. Пераважаюць перасьпеўкі расейскіх шлягераў. Часьцей за беларускія чуваць англамоўныя кампазыцыі. Вулічныя музыканты апраўдваюцца няведаньнем беларускай мовы, саміх песень ды нежаданьнем увязвацца ў палітыку.

Зрэдку чуваць беларускія песьні на вуліцах у Магілёве. Паводле музыкантаў, сьпевы на беларускай мове публіка ўспрымаць пакуль не гатовая. Яе рэакцыя на беларускамоўныя кампазыцыі розная, зазначаюць музыкі.

«Некаторыя мінакі ўспрымаць беларускую мову як выклік», — заўважае малады хлопец. Ён кажа, што яму падабаецца музыка беларускага гурту NRM і час ад часу ён сьпявае іхнія песьні.

«Многія людзі цёпла ўспрымаюць гэтую музыку. Некаторыя ніяк не рэагуюць. Ёсьць, аднак і праявы фанатызму. У сьвятле апошніх падзеяў некаторыя дужа прарасейска настроеныя людзі выказваюцца кепска пра нашу мову. Я ж хачу, каб беларусы не забывалі ні сваёй мовы, ні сваёй гісторыі. Стараюся, як магу, гэта падтрымліваць», — тлумачыць вулічны музыка.

Паводле суразмоўцы, вострых канфліктаў з апанэнтамі беларушчыны не было. Яны проста падыходзілі, абураліся і сыходзілі, кажа ён.

На думку хлопца, вулічныя выступы папулярныя, але мала хто наважваецца выйсьці са сваёй музыкай да людзей.

«Мала і тых, хто з толкам можа зробіць такую працу на вуліцы, каб людзям гэта падабалася», — дадае малады музыкант.

Пасьля гутаркі з журналістам музыка сыграў кампазыцыю NRM «Тры чарапахі». Публіка, якая слухала ў выкананьні хлопца расейскамоўныя шлягеры, пабачыўшы чалавека зь мікрафонам, адрэагавала па-свойму — разышлася. Калі журналіст адышоў, слухачы сабраліся зноў.

Яшчэ адзін вулічны музыка, таксама малады хлопец, на пытаньне, ці папулярныя на вуліцах беларускамоўныя песьні, адказвае станоўча, але заўважае:

«Яны папулярныя, але ж іх мала хто выконвае. Мала хто валодае беларускай мовай. Вучыць жа яе лянота. Гэта, відаць, асноўная прычына. А людзям, мяркую, будзе прыемна слухаць беларускія песьні».

Сам суразмоўца прызнаецца, што не наважваецца выконваць на вуліцы беларускія песьні.

«У мяне таксама не даходзяць рукі вывучыць беларускія песьні», — тлумачыць ён.

Нашмат старэйшы за папярэдніх суразмоўнікаў вулічны музыка Аляксандар таксама не хавае, што беларускіх песень не выконвае. Ён перакананы, што ў Магілёве вулічных музыкаў, як зьявы і субкультуры, наагул няма.

«Адзінкі, ды маладыя хлопцы, якія зьбіраюцца, каб крыху падзарабіць ды прыкалоцца», — заяўляе Аляксандар.

Беларуская мова — я ведаю, што ёсьць такая, але яна забываецца. Мне, напрыклад, не шкада яе

Суразмоўнік зазначае, што ён прыхільнік гішпанскай музыкі і моладзевай музыкі апошніх гадоў існаваньня СССР.

«Беларуская музыка — гэта калі песьні выконваюцца на беларускай мове, аднак разам зь імі палітыка пачынаецца», — разважае Аляксандар.

«Беларуская мова — я ведаю, што ёсьць такая, але яна забываецца. Мне, напрыклад, не шкада яе. Я сам упадабаў душой культуру і музыку Паўднёвай Амэрыкі. У маю маладосьць быў папулярны расейскі рок. Як Цой, напрыклад. Цяпер гэта ўсё патроху сыходзіць».

На пытаньне журналіста, ці ня чуў Аляксандар песьняў такіх гуртоў, як NRM, «Крама», «Уліс», якія таксама былі папулярныя і песьні якіх няблага б гучалі на вуліцах, суразмоўца рэагуе:

«Яны былі папулярныя, але цяпер музыканты ўжо самі старыя».

Магілёўскі дудар Кастусь Канцавы таксама мае досьвед вулічных выступаў і выкананьня беларускіх кампазыцыяў. Нэгатыву з боку публікі ня памятае.

«Наша музыка народная. Правераная часам. Ад яе толькі пазытыў», — кажа Кастусь.

«На вуліцах пяюць тое, што чуюць у тэлевізары і радыё, — працягвае думку суразмоўца. — Тое, на чым выхаваныя і што ўспрымаецца асяродзьдзем. Тое, што запатрабавана публікай».

Канстанцін не пагаджаецца, што беларуская песьня — гэта выклік і палітыка. «Гэта ўсё адгаворкі, — кажа ён. — У нас прынята апраўдвацца: „Люблю мову і не хачу яе псаваць памылкамі“. Урэшце, наша ўсё жыцьцё — гэта выклік».

«Сёньня ў аўтобусе ехаў малады хлопец, на майцы ягонай была Пагоня. Многія скажуць, што гэта выклік. Але гэта было нармальна. Калі ты жывеш у беларускім асяродзьдзі, то выкананьне беларускіх песень будзе цалкам натуральнай зьявай. Калі аднойчы наважысься на беларускія песьні, то настрой патрэбны, вядома ж, але нэгатыву ня варта баяцца. Гэта ўсё комплексы музыкаў і хібы ў выхаваньні».

Кастусь кажа, што дужа мала музыкаў наважваюцца выконваць аўтарскія творы праз боязь быць не зразуметымі.

XS
SM
MD
LG