Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская кніжка ў фатэлі і з кавай, — у гарадзенскай «Цудоўні» сталі прадаваць кнігі


Чытачы ў краме «Цудоўня»
Чытачы ў краме «Цудоўня»

У Горадні зьявілася месца, дзе можна пачытаць беларускую кнігу, седзячы ў мяккім фатэлі, выпіць пры гэтым каву, затым абмеркаваць прачытанае з гаспадарамі крамы і пагаварыць зь іншымі аматарамі літаратуры.

У гарадзенскай этнакраме «Цудоўня» днямі пачала дзейнічаць кніжная сэкцыя. Пакуль гэта толькі адзін стэлаж з некалькімі паліцамі. Але тут кнігі толькі на беларускай мове — і арыгінальныя, і перакладныя.

Надзея Несьцяровіч-Вішнеўская, якая загадвае сэкцыяй, з гонарам паказвае кнігі і кажа, што даўно рыхтаваліся, каб у іх краме існавала асобная сэкцыя з кнігамі.

— Вядома, у нас прадаюцца ня ўсе кнігі, а тыя, якія найбольш адпавядаюць адметнасьці этнакрамы. Гэта кнігі пра беларускую культуру, беларускую гісторыю, сучасная беларуская проза, паэзія і пераклады сусьветнай клясыкі на беларускую мову, дзіцячая літаратура.

Надзея Несьцяровіч-Вішнеўская
Надзея Несьцяровіч-Вішнеўская

Спадарыня Надзея здымае з паліцы беларускае фэнтэзі Аляксея Шэіна, затым дзіцячую кнігу Вольгі Гапеевай, а вось пераклад зь Яна Корчака. Побач паліца з гістарычнай літаратурай: «Гісторыя ВКЛ» Алеся Краўцэвіча, «Старажытныя ліцьвіны» Паўла Рубана, «Таямніцы старажытнай Гародні» Юрыя Гардзеева.

На наступнай паліцы сучасная беларуская проза, дзе ўжо ёсьць навінка — «Возера радасьці» Віктара Марціновіча. Яшчэ далей — пераклады сусьветнай клясыкі з сэрыі «Паэты плянэты». Першым стаць Шэксьпір, далей Сапфо, Бадлер.

Кніжная сэкцыя ў гарадзенскай краме «Цудоўня»
Кніжная сэкцыя ў гарадзенскай краме «Цудоўня»

Спадарыня Надзея кажа, што за некалькі дзён працы сэкцыі ў іх ўжо зьявілася і рэдкае выданьне: «Этнаастраномія» Цімафея Авіліна. Паводле спадарыні, за некалькі дзён засталося толькі некалькі асобнікаў.

— Фактычна гэта адзінае ў Беларусі дасьледаваньне па этнаастраноміі. Аўтар паказвае, як беларусы бачылі зоркі, якія былі тутэйшыя назвы сузорʼяў, з чым яны зьвязваліся, як да іх ставіліся і якія існавалі прыкметы. Як бы існуюць сучасныя замежныя гараскопы, але далёка ня ўсе беларусы ведаюць, што ў нашых продкаў існавала свая традыцыя назіраньня за зоркамі. І, дарэчы, наколькі мне вядома, іншых дасьледаваньняў пакуль у Беларусі няма.

А яшчэ асаблівую папулярнасьць, кажа спадарыня Надзеі, адразу набылі дзіцячыя кніжкі. Хутка разышліся «Нататкі таткі» Хадановіча. У гарадзкіх кнігарнях насамрэч вельмі складана знайсьці дзіцячую літаратуру на беларускай мове.

Да нашае размовы далучаецца гаспадар «Цудоўні» Андрэй Несьцяровіч і з гонарам заўважае, што раней яны проста запрашалі ў краму пісьменьнікаў у госьці, а цяпер запрашаюць іх на прэзэнтацыю кніг. У «Цудоўні» прэзэнтавалі ўжо свае кнігі Андрэй Хадановіч, Павал Касьцюкевіч, Віктар Марціновіч. Паводле Несьцяровіча, збылася яго даўняя мара:

— У нашай краме чалавек можа проста прыйсьці, спакойна ўзяць кнігу, сесьці ў мяккі фатэлік, замовіць кавы і чытаць. А пасьля абмеркаваць прачытанае з гаспадарамі крамы альбо зь іншымі чытачамі. А калі яшчэ пашанцуе і ў краме будзе сам аўтар, то і пагутарыць зь ім, задаць пытаньні, атрымаць аўтограф. Гэта стала рэальнасьцю, а мне гэтага заўсёды не хапала...

Андрэй Несьцяровіч
Андрэй Несьцяровіч

Спадар Андрэй кажа, што ня ведае ў Горадні пакуль іншых падобных крамаў. Але перакананы, што ягоныя мары і жаданьні, якія патроху пачалі збывацца, зьяўляюцца марамі і жаданьнямі многіх людзей. І гэта цешыць і грэе.

Цікаўлюся ў гаспадара, ці наведвалі ўжо краму гарадзенскія паэты і празаікі? На што спадар Андрэй злёгку ўсьміхнуўся:

—На жаль, ня ўсіх літаратараў гарадзенскіх ведаю ў твар. Магчыма, нехта зь іх ужо і заходзіў, цікавіўся, а я папросту чалавека ня ведаў. Я многіх чытаў — і вершы, і прозу, але асабіста мала з кім знаёмы. Спадзяюся, што цяпер такая нагода надарыцца.

Кніжная сэкцыя ў гарадзенскай краме «Цудоўня»
Кніжная сэкцыя ў гарадзенскай краме «Цудоўня»

А яшчэ спадар Андрэй кажа, што са зьяўленьнем іх кніжнай сэкцыі ў яго ёсьць моцны аргумэнт для тых, хто кажа, нібыта не існуе ніякай беларускай літаратуры, маўляў, яна ў занядбаным стане, няма сучасных паэтаў і празаікаў, што ніхто нічога не перакладае.

— Цяпер у мяне ёсьць магчымасьць сказаць такому чалавеку: разьвярніцеся, калі ласка, на 180 градусаў і паглядзіце. Можаце ўзяць хоць пераклады Шэксьпіра, пачытайце сучасьнікаў — Хадановіча, Марціновіча, ёсьць кнігі і для тых, хто цікавіцца гісторыяй, культурай, этнаграфіяй, ёсьць і для тых, хто любіць пачытаць нешта лёгкае, проста едучы на працу на свой «Азот». У Беларусі ёсьць літаратура самых розных кірункаў, і яе багата.

Андрэй Несьцяровіч
Андрэй Несьцяровіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG