Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская альтэрнатыва: 5 гурткоў па традыцыйных занятках


Замест сальсы таньчыць польку ці ойру, замест будысцкіх мантраў сьпяваць калядкі ці велікодныя валачобныя, замест джынсавае ўніформы апрануцца ва ўборы, падобныя да прабабуліных. Свабода прапануе навучыцца рабіць усё гэта на курсах і ў гуртках Менску.

1. Шыем строй, як у сваёй прабабулі

Навучыцца шыць розныя элемэнты беларускага нацыянальнага строю — жаночую і мужчынскую кашулю, спадніцу, гарсэт, фартух, пас, галаўны ўбор, рабіць упрыгожваньні — можна падчас заняткаў, якія ладзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ).

Гурток «Шыем строй!», дзе цяпер выкладаюць Наста Глушко і Натальля Ярмалінская, існуе амаль 10 гадоў. Па словах арганізатараў, старанныя наведнікі могуць цалкам пашыць строй за адзін навучальны год.

Строй можна пашыць за адзін навучальны год

Строй можна пашыць за адзін навучальны год

Групы займаюцца па адрасе К.Лібкнэхта, 112 зь верасьня па травень, але далучыцца можна і на працягу году альбо наведваць гурток час ад часу, калі атрымліваецца.

«Нашы заняткі накшталт майстар-клясаў, — удакладняе Наста Глушко. — За адны заняткі можна авалодаць адным прадметам. А некаторыя складаныя рэчы расьцягнуты на двое-трое заняткаў».

Тэмы ўвесь час абвяшчаюцца ў суполцы гуртка ў сацыяльнай сетцы. З красавіка, напрыклад, распачнуцца заняткі ў асобным гуртку, прысьвечаным выключна вырабу пасаў.

Па вырабу паясоў ёсьць асобны гурток

Па вырабу паясоў ёсьць асобны гурток

Шыць строй, як правіла, прыходзяць дзяўчаты абсалютна ўсіх узростаў. Хлопцы хоць і рэдка, але таксама прыходзяць. Па словах Насты Глушко, адзін з наведвальнікаў гуртка нават стаў добрым у гэтай справе майстрам.

Шукаць натхненьне ці капіяваць асобныя рэчы нацыянальнага строю можна выкарыстоўваючы фонды СЭТ. У той жа час ніхто не замінае паўтарыць прабабулін строй, калі пашанцавала і той захаваўся.

«Звычайна строй шыецца, зыходзячы з рэгіёну, у якім пражывалі вашы продкі. Калі раней дзяўчаты маглі сказаць: хачу проста агульнабеларускі выгляд мець, то цяпер усё часьцей зьвяртаюцца да сваёй прарадзімы», — зазначае Наста Глушко.

2. Сьпяваць можа кожны

Ініцыятыва «Сьпеўны сход», дзе жадаючых знаёмяць з беларускімі песьнямі і навучаюць іх сьпяваць, існуе з сакавіка 2014 году. Падчас 17 буйных мерапрыемстваў, якія былі праведзены за гэты час, «сьпеўнасходаўцы» развучылі ды выканалі песьні часоў Вялікага Княства Літоўскага, рамансы Агінскага, песьні з Вушаччыны, якія зьбіраў Рыгор Барадулін. Кожны сход наведвае ня меней за сто чалавек. Чарговы сьпеўны сход арганізатары плянуюць правесьці ў красавіку — пасьля вымушанага перапынку, падчас якога зьбіралі падтрымку.

Справа — Сяргей Доўгушаў

Справа — Сяргей Доўгушаў

«Наша мэта — па-першае, пазнаёміць з беларускай песьняй, па-другое, разьняволіць людзей, каб не баяліся сьпяваць», — распавядае Сяргей Доўгушаў, артыст Беларускай дзяржаўнай філярмоніі і адзін з арганізатараў сходаў.

Сёлета заплянаваныя тэматычныя мерапрыемствы: «Дзіцячы сьпеўны сход», «Беларускія песьні першай паловы XX стагодзьдзя», «Беларускія песьні другой паловы XX стагодзьдзя». Праводзіцца яны мусяць штомесяц. Традыцыйна на кожны сход запрашаюць госьця — музыку або гурт, што граюць у тэматыцы сходу. Сьпеўныя сходы сёлета акрамя Менску пройдуць таксама ў Берасьці ды Віцебску, і іх геаграфія надалей будзе пашырацца. Прадугледжаныя дадатковыя заняткі, але ўжо для меншай колькасьці наведвальнікаў — да 20-30 чалавек.

«Далучыцца і паўдзельнічаць можа кожны — нават той, хто ў жыцьці ніколі не сьпяваў. Пасьля нашых сходаў людзі пачынаюць верыць у свае магчымасьці. Калі разам сьпявае чалавек сто, то гэта стымулюе», — падкрэсьлівае Сяргей Доўгушаў.

Сходы будуць праходзіць у цэнтры гораду, цяпер ідуць перамовы наконт памяшканьняў. Абвесткі напярэдадні мерапрыемстваў зьявяцца на старонках «Сьпеўнага сходу» у сацыяльных сетках. Там жа зьмяшчаюць тэксты песьняў і відэа

3. Беларускія народныя танцы круглы год

Старым вясковым і гарадзкім побытавым беларускім танцам можна навучыцца на вечарынах, якія ладзіць «Клюб традыцыйнага танца «Сіта». Суполка аматараў беларускіх танцаў носіць такую назву з 2013 года. З 2008 года танцавальныя вечарыны праходзілі ў менскай кавярні «Жар-птушка». Зараз жа танцы збольшага выязныя: яны праходзілі ў Доме народнай творчасьці ў Ракаве, у хаце завозьніка ў Заслаўі, у Маладэчне ды Баранавічах.

Летам танцавальныя вечарыны ладзяцца ў цэнтры Менска (Фота з суполкі vk.com/narod_tancy)

Летам танцавальныя вечарыны ладзяцца ў цэнтры Менска (Фота з суполкі vk.com/narod_tancy)

«За апошнія паўгода мы ўсё далей адʼяжджаем ад сталіцы, але спадзяемся, што калі пацяплее, будзем граць і таньчыць у цэнтры Менску, як гэта было папярэднія чатыры гады», — распавядае музыка і адзін з арганізатараў танцавальных вечарын Аляксей Крукоўскі.

Наведваюць танцавальныя вечарыны вельмі розныя людзі. Нехта прыходзіць сам, іншыя — зь сябрамі і нават семʼямі. Тут ужо склалася кола людзей, якія ня першы год наведваюць танцавальныя вечарыны. Пры гэтым на танцах заўжды рады бачыць навічкоў. Абвесткі пра мерапрыемствы трэба адсочваць у суполцы ў сацыяльных сетках.

Тэматыка кожнай вечарыны звычайна прывязаная да каляндарнай падзеі — напрыклад, да Калядаў ці Масьленіцы. Вечарыны ладзяцца раз на два тыдні, летам — кожны тыдзень. А пад новы год у Менску правялі Першую ноч традыцыйных танцаў. Гралі і таньчылі ў этнацэнтры «Рагна» зь дзявятай гадзіны вечара да шостай раніцы!

Навагодняя ноч традыцыйных танцаў цягнулся да шостай раніцы (Фота з суполкі vk.com/narod_tancy)

Навагодняя ноч традыцыйных танцаў цягнулся да шостай раніцы (Фота з суполкі vk.com/narod_tancy)

«Большасьць нашых гасьцей не займаецца танцамі прафэсійна і прыходзіць патаньчыць для душы, — кажа Крукоўскі. — Людзі вучацца і вучаць адно аднаго падчас самой вечарыны. Заўсёды ёсьць танцавальныя майстры, каторыя могуць паказаць той ці іншы танец».

Патанчыць можна пад дуду і скрыпку, акардыён і цымбалы. У саміх музыкаў ёсьць магчымасьць зайграць трыма-чатырма скрыпкамі адначасова. Клюб абʼядноўвае вялікую колькасьць музыкаў, адначае Крукоўскі. А значная частка сяброў клюба зьяўляецца сябрамі «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства». Этнаграфічныя экспэдыцыі, у якія езьдзяць аматары танцавальных вечарын, дадаюць глыбіні тым танцам, якія яны выконваюць, паказваюць, наколькі недалёка адышлі ад узораў.

4. Сплесьці кошык за трое заняткаў

Спрадвеку кожны беларускі селянін мог зрабіць кошык, які і сёньня не губляе сваёй папулярнасьці нават у гарадзкім побыце. Сплесьці яго можа кожны., авалодаўшы простымі прыёмамі майстэрства. Адукацыйныя курсы «Пляценьне з лазы», на якіх выкладае сямейная пара — Алена і Аляксей Гурэцкія, наведваюць у вольны час прадстаўнікі розных прафэсій і заняткаў. Сваімі рукамі яны ствараюць прадметы інтрэрʼеру для дому і лецішча.

На занятках па пляценьню з лазы

На занятках па пляценьню з лазы

«Курсы існуюць з 2008 года, — расказвае Алена Гурэцкая. — Можна запісацца на каротка- ці доўгатэрміновыя курсы, а таксама трапіць на асобныя тэматычныя заняткі. Напрыклад, можна з нуля навучыцца плесьці беларускі кошык ці наведаць заняткі па вырабах навагодняй тэматыкі, абярэгаў... Прадугледжаны таксама і індывідуальныя заняткі».

Новую групу адкрываюць, калі набіраецца неабходная колькасьць жадаючых. Курсы маюць адмысловую старонку ў сеціве.

Навучыцца плесьці традыцыйны беларускі кошык можна за двое-трое заняткаў. На доўгатэрміновых курсах, каторыя цягнуцца 7 месяцаў, вывучаюць усе віды пляценьня і яго інтэрпрэтацыі, плятуць ня толькі кошыкі, але і розныя падстаўкі, вазы, корабы. Тут вучаць, як замачыць лазу і захоўваць матэрыял, як правільна трымаць рукі пры пляценьні.

Калі раней па матэрыял даводзілася езьдзіць за горад, нарыхтоўваць, то цяпер Гурэцкія маюць два гектары зямлі, дзе вырошчаюць лазу — у тым ліку, каб забясьпечыць ёю наведнікаў курсаў. Навучыцца плесьці з лазы можна хутка, але на тое, каб дасягнуць дасканаласьці, спатрэбіцца не адзін год, адзначае Гурэцкі.

5. Як вылепіць ляльку ці гаршчок

З ручной лепкай і ганчарнай справай знаёмiць гурток «Кераміка». Заняткі ў ім праходзяць раз на тыдзень у Палацы дзяцей і моладзі. Праграма гуртка грунтоўная: разьлічаная на два гады. Наведваць яго можа кожны ва ўзросьце ад 15 гадоў і незалежна ад падрыхтоўкі, расказвае выкладчыца Людміла Заватская. Кабінэт, дзе праходзяць заняткі, цалкам абсталяваны: там маюцца як ганчарныя колы, так і печы для абпалу. А да існуючай групы можна далучыцца і на працягу года.

Арыгінальныя рэчы вырабляе наведвальніца курсаў «Кераміка» Воля Берасьнева (фота з суполкі facebook.com/ziolki.by)

Арыгінальныя рэчы вырабляе наведвальніца курсаў «Кераміка» Воля Берасьнева (фота з суполкі facebook.com/ziolki.by)

«У першы год увага збольшага ўдзяляецца ручной лепцы, — адзначае Заватская. — Трэба асвоіць азы лепкі, тэхналёгію вытворчасьці керамікі і яе асаблівасьці, даведацца, якой бывае гліна, вывучыць розныя пакрыцьці — глязуры, ангобы, малачэньне. Другі год прысьвечаны ганчарнай справе і працы з дапамогай станка».

Калі ганчарнае кола дае магчымасьць ствараць традыцыйную сымэтрычную кераміку, абʼёмныя рэчы — вазы, гаршчкі, кашпо, то ручная лепка ідэальная для вырабу ляляк і ўпрыгожваньняў. Безумоўна, тэхнікі можна камбінаваць.

Гліняным посудам беларусы карысталіся спрадвеку: выраблялі гаршчкі, гарлачыкі, бутэлькі. Сёньня ж прыходзяць на гурток, каб навучыцца ствараць яшчэ і дызайнэрскія рэчы.

«Посуд сёньня можна купіць, а людзям падабаецца рабіць тое, што ўвасабляе ў сабе індывідуальнасьць, — дзеліцца назіраньнямі Заватская. — Адсоткаў 90 прыходзіць ужо са сваімі ідэямі і задумамі. Нават калі вырабляюць посуд, то ён унікальны».

Сярод наведвальнікаў — як студэнты, так і пэнсіянэры. У асноўным вучыцца ганчарнаму майстэрству прыходзяць жанчыны.

«Маленькія, танюткія, худзенькія дзяўчаты бяруць агромістыя кавалкі гліны і робяць такія прыгожыя рэчы, што люба глядзець!», — кажа выкладчыца.

Тацяна Цюхай для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG