Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць беларусы маліцца па веры сваёй


Якая ступень рэлігійнай свабоды ў Беларусі?

Карбалевіч: Дзярждэпартамент ЗША кожны год прэзэнтуе даклад аб стане рэлігійных свабод у сьвеце. Мінулым тыднем быў надрукаваны чарговы агляд на гэтую тэму за 2015 год. Там ёсьць разьдзел і пра Беларусь. Вонкава погляд на сытуацыю цікавы, бо, здаецца, з гэтым пытаньнем у Беларусі ўсё нармальна. Усім вядома, што ёсьць вялікія праблемы з грамадзянскімі, палітычнымі правамі, а вось з рэлігійнымі правамі, здавалася б праблем няма. Аднак у дзярждэпартамэнта ЗША іншая думка.

Аўтары дакладу станоўча ацанілі прыняцьце ў Беларусі ў 2015 годзе закону аб альтэрнатыўнай цывільнай службе, які дазваляе не прызываць у войска грамадзянаў з прычыны іх рэлігійных перакананьняў.

Але ў дакладзе акцэнтуецца ўвага на праблемах з рэлігійнымі свабодамі. Урад Беларусі аказвае падтрымку Беларускай праваслаўнай царкве (БПЦ). А вось у іншых канфэсій ёсьць праблемы. Беларускія ўлады адмаўляюць у рэгістрацыі некаторым рэлігійным меншасьцям. А дзейнасьць незарэгістраваных суполак забароненая.

У Крымінальным кодэксе ёсьць артыкул 193-1, які прадугледжвае адказнасьць за любую дзейнасьць ад імя незарэгістраванай, у тым ліку рэлігійнай арганізацыі. Актывістаў незарэгістраваных суполак запалохваюць і затрымліваюць, падвяргаюць штрафам і іншым перасьледам. Усё адбываецца як адносна незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў. Баптыстам, будыстам і сьведкам Яговы даводзіцца сутыкацца з праблемай пошуку памяшканьняў для правядзеньня сваіх малітваў і сходаў. Ёсьць праблемы ў замежных каталіцкіх сьвятароў.

Паводле ўяўленьняў уладаў, роля рэлігійных арганізацыяў палягае ў тым, каб, як максымум, падтрымліваць дзейны рэжым, як мінімум, не ствараць яму пагрозаў.

Было б дзіўна, каб ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму, калі дзяржава імкнецца кантраляваць усе грамадзкія сфэры, у рэлігійным пытаньні была поўная свабода. Улады ставяцца да рэлігіі, як і да іншых сфэраў, з палітычнага гледзішча. Паводле ўяўленьняў уладаў, роля рэлігійных арганізацыяў палягае ў тым, каб, як максымум, падтрымліваць дзейны рэжым, як мінімум, не ствараць яму пагрозаў. Гэтай задачы найбольш адпавядае праваслаўная царква, якая, паводле гістарычнай традыцыі, супрацоўнічае з уладай.

А вось дробныя суполкі новых, не зусім традыцыйных для Беларусі рэлігіяў, па меркаваньні ўладаў, уяўляюць пэўную пагрозу для рэжыму. Найперш таму, што ня маюць адзінага цэнтру, з дапамогай якога можна было б кантраляваць іх дзейнасьць. Вось у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах ёсьць цэнтралізаваная герархічная сыстэма. Зь іх кіраўніцтвам можна дамаўляцца, уплываць, весьці дыялёг. А невялічкія суполкі, асабліва тыя, якія вызнаюць незразумелыя для ўладнай вэртыкалі каштоўнасьці, напрыклад, крышнаіты, яны непадкантрольныя. За імі цяжка сачыць. А ўсё, што непадкантрольнае — гэта пагроза.

Вось цікавы прыклад. У лютым упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка прад’яўляў публічныя прэтэнзіі да сьведак Яговы за распаўсюд рэлігійнай літаратуры без належнага ўзгадненьня з мясцовымі чыноўнікамі. Як гэта раздаваць кніжкі без дазволу чыноўнікаў? Ці мала што там будзе напісана.

Таму ў межах існага рэжыму праблема свабоды рэлігій, як і ўсіх іншых свабодаў, ня можа быць вырашаная.

Дракахруст: Падыход улады да вернікаў і рэлігіяў вельмі падобны на падыход да грамадзкіх арганізацый. Тое, што ўжо існуе, тое, што даволі буйное — тое чапаць даводзіцца, але з апаскай. А вось узьнікненьне новага трэба як мага больш абмяжоўваць.

У беларускай палітычнай прасторы існуюць АГП, БНФ, рух «За Свабоду», здаецца, гістарычна апошняя зарэгістраваная палітычная арганізацыя — ну існуюць і існуюць. Зразумела, у іх узьнікаюць нейкія праблемы, але ліквідаваць іх рука не падымаецца.

А вось БХД у свой час у «вагон» не патрапіла, і цяпер ужо дзявяты раз арганізацыя спрабуе рэгістравацца — адмова. Прыкладна тое самае і адносна рэлігійных грамадаў.

Ты ня можаш памаліцца разам зь іншымі, пакуль у цябе няма дазволу. Маліся ў сябе дома, калі хочаш. А супольна — толькі з дазволу дзяржавы.

Ёсьць праваслаўная царква, самая зручная, ёсьць каталіцкая, зь якой ёсьць праблемы, тыя самыя абмежаваньні на замежных сьвятароў, але ў цэлым яна прызнаецца. З каталіцкай царквой ёсьць пэўнае неафішаванае пагадненьне, Варта прыгадаць, як летась, калі перад выбарамі быў зладжаны ўсебеларускі малебен, у цэнтры якога стаяў Лукашэнка, і ўсім было зразумела, за каго моляцца. Каталіцкая царква поруч з праваслаўнай у гэтым удзельнічала.

А ўсё іншае, калі можна не дазваляць — яно не дазваляецца. Ну і да таго ж, суцэльная рэглямэнтацыя. Ты ня можаш памаліцца разам зь іншымі, пакуль у цябе няма дазволу. Маліся ў сябе дома, калі хочаш. А супольна — толькі з дазволу дзяржавы.

Спрыяньне праваслаўнай царкве тлумачыцца ня толькі тым, што яна ад веку вызнавала пэўную ляяльнасьць да ўладаў краіны знаходжаньня, і ня толькі тым, што пераважная большасьць беларусаў так ці інакш да гэтай царквы належыць, але і тым, што ўсім зразумела, што стаіць за гэтай царквой. За ёй стаіць Крэмль.

Я думаю, што калі сыходзіў мітрапаліт Філарэт і прызначаўся мітрапаліт Павел, наўрад ці беларускім уладам спадабалася, што прыслалі з Разані чалавека. Хацелася б якога свайго. Але, гледзячы на Крэмль, праглынулі, зьмірыліся. Ну а за кім такія сілы не стаяць, тым сваю волю можна і накінуць.

Глод: Калі адказваць на пытаньне спадара Карбалевіча «Ці ёсьць у Беларусі свабода рэлігіяў?» адным словам, то ў мяне адказ адразу напрошваецца станоўчы: так, ёсьць. І вось чаму. З лёджыі майго дома цудоўна бачыцца галоўная сынагога краіны. Калі выйсьці на вуліцу, па другі бок дома бачныя вежы каталіцкага і праваслаўнага храмаў. Крыху далей нядаўна пабудавалі мячэць. Вонкава выглядае, што ўсё ёсьць. Нават, як кажуць, на любы густ.

Але, зразумела, што зьнешняе часам не адпавядае ўнутранаму. Так адбываецца і са свабодай рэлігіяў у Беларусі. Дзесьці ў лютым сёлета мне давялося папрысутнічаць на пасяджэньні круглага стала, які быў прысьвечаны рэалізацыі міжнародных прынцыпаў свабоды думкі, сумленьня і рэлігіі ў беларускім заканадаўстве і праваўжывальнай практыцы.

У Беларусі людзям, што ўваходзяць у незарэгістраваную рэлігійную арганізацыю, пагражае крымінальная адказнасьць.

Высьветлілася, што са свабодай веравызнаньня ў нашай краіне не зусім усё гладка. Але ўдзельнікі дыскусіі не давалі адназначнай ацэнкі. Яны адзначалі, што, з аднаго боку, на роўні відавочнасьці быццам бы нешта рухаецца. Быў уведзены і актыўна дзейнічае інстытут упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. У тым або іншым выглядзе адбываецца міжканфэсійны і дзяржаўна-канфэсійны дыялёг. Адышлі ў мінулае гучныя гісторыі, як, напрыклад, галадоўка ў царкве «Новае жыцьцё».

З другога боку, застаюцца яшчэ і сур’ёзныя праблемы. Экспэрты кажуць, што найперш гэта тычыцца праблемы рэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў. Паводле міжнароднага заканадаўства, гэтая працэдура не зьяўляецца абавязковай. Але ў Беларусі людзям, што ўваходзяць у незарэгістраваную рэлігійную арганізацыю, пагражае крымінальная адказнасьць, як гэта было з каталіцкім сацыяльным прытулкам у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну.

Апроч таго беларускім заканадаўствам пры рэгістрацыі абшчыны, якая прапаведуе невядомае дагэтуль у краіне вучэньне, прадугледжаная абавязковая рэлігіязнаўчая экспэртыза. Але ў некаторых рэгіёнах праводзіцца яна і ў тых выпадках, калі абшчына вызнае даўно вядомае ў Беларусі вучэньне, аднак рэгіструецца аўтаномна.

Яшчэ адна істотная праблема — запрашэньне у Беларусь замежных сьвятароў. Згодна зь міжнародным заканадаўствам, удзельнікі рэлігійных аб’яднаньняў могуць выбіраць свой пэрсанал згодна са сваімі стандартамі і дамоўленасьцямі. А дзяржава павінна паважаць гэта права. Аднак праблемы тут час ад часу ўзьнікаюць. Праўда, практыка паказвае, што яны чамусьці не распаўсюджваюцца на прадстаўнікоў Расейскай праваслаўнай царквы, якая ў Беларусі мае прывілеяванае становішча. А чаму яна мае такія прывілеі, ужо патлумачылі і Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG