Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам трэба вучыцца жаданьню пераменаў, — лічыць Вацлаў Арэшка


Вацлаў Арэшка

Вацлаў Арэшка

Беларускі палітоляг і грамадзкі дзеяч Вацлаў Арэшка, які ў панядзелак вярнуўся з Эўрамайдана ў Кіеве, падзяліўся з карэспандэнтам Свабоды сваімі ўражаньнямі ад падзеяў ва Ўкраіне.

Параўноўваючы ўбачанае з сытуацыяй у Беларусі Вацлаў Арэшка, адзначыў:

«Ва ўкраінцаў даволі аднадушнае стаўленьне да гэтай сытуацыі. У іх ёсьць жаданьне свабоды. Цяпер нават ёсьць такое аднадушша, ёсьць імпэт, адчуваньне сьвята, нягледзячы на бойкі і пацярпелых. Але сытуацыя складаная ў апазыцыі. Бо да выбараў яшчэ даволі доўга, хаця можна сказаць, што выбарчая кампанія пачалася. І падтрымаць тую канфрантацыю, якую стварыў рэжым, якая вельмі важная для выбараў і пераменаў у краіне, падтрымаць той напал цягам году даволі цяжка.



Бо народ, на жаль, часам стамляецца, але цяпер настрой вельмі добры, актыўны. Мы былі на Майдане, на Банкавай і для нас гэта быў такі зарад бадзёрасьці, які даўно не адчувальны ў Менску. То бок у людзей ёсьць жаданьне стаяць да перамогі. Цяжка сказаць ці атрымаецца. Цяпер адразу не атрымаецца. Гэта будзе даволі складаны шлях».

Карэспандэнт: «А ці ёсьць чаму павучыцца беларусам?»

Арэшка: «Самае галоўнае, чаму трэба вучыцца беларусам — жаданьню пераменаў, жаданьню свабоды. Не сядзець у хаце, не чакаць пакуль да маёй хаты з краю дойдзе. Калі едзеш у рэгіён, звычайна пытаюцца: „Ну калі вы скінеце гэтага?“ Маўляў, вы, апазыцыя, і скідвайце, а мы будзем гэтаму вельмі рады. А ў Кіеве народ ідзе сам. Ідзе, стаіць на плошчы і калі трэба, б’ецца».

Карэспандэнт: «А як будзе ўплываць на падзеі ў Беларусі тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне?



Арэшка: «Па першае, гэта прыклад таго, што не трэба баяцца, трэба браць удзел, рыхтаваць гэтыя акцыі. Калі там апазыцыя дасягне хаця б пэўнага посьпеху, калі вынікі можна будзе лічыць пазытыўнымі, для нас гэта вельмі важна. Калі яна будзе разгромлена, калі Расея пераможа ў гэтай вайне, для нас гэта будзе таксама крок назад, мы будзем у цяжкай сытуацыі. Самае галоўнае, што гэты прыклад паказвае, што народ трэба неяк будзіць да актыўнасьці. А там увесь Кіеў гудзіць».

Карэспандэнт: «А патрэбная там падтрымка беларусаў, ці дастатковая яна?»

Арэшка: «Сто тысяч чалавек мы туды не накіруем. Той, хто прыяжджае дзеля салідарнасьці, гэта вельмі добра. І калі там сьцягі на плошчы бачыш, гэта прыемна. Я размаўляў з простым прадаўцом і ён кажа, што ж вы беларусы чакаеце, далучайцеся да нас. У тым сэнсе, што прыходзьце на свой майдан. Вось гэта і будзе дапамога, калі ня будзе пасіўнасьці, і калі Расеі ня будзе здавацца ўсё крок за крокам».
XS
SM
MD
LG