Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераступіць праз сваё паскудзтва


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Гаворка пра слова і справу, дакладней, пра гаварэньне і дзеяньне.

Мала хто што гаворыць, хай гавораць, «хоць гаршчком назаві, толькі ў печку ня стаў», «языком мянці, а рукам волі не давай».

Здавалася б, вядомы з маленства закон. І катэгарычны імпэратыў сьцьвярджае: «не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш каб рабілі табе» – не рабі, а не «не кажы». Кажы сабе што хочаш.

Слова таксама можа прынесьці шкоду, напрыклад, калі гэта данос і калі данос – прыняты ў грамадзтве інструмэнт, што запускае ў дзеяньне рэальную рэпрэсію. Як было ў сталінскі пэрыяд.

Настаюць, бывае, у гісторыі такія часы, калі гаварэньне робіцца важнейшым за дзеяньне. І нічым добрым такія часы ніколі не сканчаюцца. Хоць, здавалася б, так проста – па дзеях пазнаеце іх, а не па словах.

У сеціве абмяркоўваюць словы Сьвятланы Алексіевіч пра палякаў, якія «найгорш ставіліся да габрэяў». Ну сказала і сказала. Аглабельна прагучала, як у Лукашэнкі ў Бабруйску некалі – пра габрэяў, што «нячыста жывуць». Глупа спрачацца, прыпісваючы ўсёй нацыі рысы пэўнага чалавека. Ідзі спрачайся – які народ чысьцей жыве, які брудней, які лепей ставіцца да габрэяў, які горш. Спрэчцы няма канца. Факт той, што палякі забівалі габрэяў не з чыйгосьці прымусу, не на загад, а на покліч сэрца. І недарэчна супастаўляць тыя забойствы з тым, хто сёньня пра іх што сказаў, тым больш сказаў у мінулым часе – «ставіліся». Там было дзеяньне, тут – гаварэньне. Між тым, у сеціўных абмеркаваньнях гучаць заклікі да абструкцыі і расправы над Алексіевіч. Заклікі да дзеяньня ў адказ на гаварэньне.

Мы ўжо парадкам уцягнуліся ў гэтую «новую» сытуацыю. Згадайце колькі чалавек за нашай памяцьцю адседзела за «абразу прэзыдэнта».

Але слова ня можа абразіць ні прэзыдэнта, ні польскую нацыю, бо само па сабе слова, нават несправядлівае і непраўдзівае – узвышае нас над нашымі ўласнымі паскудзтвамі. І толькі ўзьняўшыся над імі, мы робімся мацнейшымі. Нацыя, якая здолее пераступіць праз сваё паскудзтва, мае шанец на чыстую будучыню. Нават калі ніякага паскудзтва не было. Калі ж нацыя пачынае даказваць, што паскудзтва не было, што гэта не паскудзтва, што гэта не яе паскудзтва, што яе паскудзтва тут толькі кавалак… – яна застанецца з гэтым паскудзтвам і ў будучыні. Нават калі ніякага паскудзтва і не было.

Часам мне здаецца, што ўсе нашы сеціўныя палемікі менавіта пра гэта – пра гаварэньне і дзеяньне. Маім апанэнтам усё цяжэй робіцца зразумець розьніцу паміж імі. І прыняць. Даверыцца катэгарычнаму імпэратыву. З чаго я і раблю выснову, што мы зусім недалёка ад той сытуацыі, калі грамадзтва прымае данос як дапушчальны сыгнал для пакараньня – пісьменьніка, габрэя, суседа…

Сымптаматычны «новы» пастулят РПЦ – дзяцей трэба біць, каб не парушыць пісаньня. Гаварэньне нібыта патрабуе карнага дзеяньня. Тут нават ня ў дзецях справа, бо тое вырашаецца ў сям’і, а ў тым, што біць трэба тых, хто адмаўляецца біць дзяцей.

Гэты працэс, гэты рух у бок даносу – ня што іншае, як дэвальвацыя маралі, калі, напрыклад, пастулят «палякі добра ставіліся да габрэяў» падаецца як важнейшы за самое забойства габрэяў. Калі нейкія словы і пастуляты, няхай нават зь пісаньня, важнейшыя за рэальную шкоду чалавеку. Тады рэальная шкода – забойства, калецтва, рабунак – робіцца дапушчальнай, магчымай, нават патрэбнай у імя пэўных пастулятаў. Беднае чалавецтва наступала на гэтыя граблі мноства разоў, пасьля каялася, дзівілася само зь сябе (як такое магчыма?), пасьля ізноў наступала.

Здавалася б, так проста – адсачыць той момант, калі крыўднае гаварэньне становіцца падставай для шкоднага дзеяньня, калі граблі зноў пастаўленыя зубамі да сябе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG