Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьнізіла кошты візаў для амэрыканцаў і брытанцаў


З 13 студзеня грамадзяне Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі плацяць за аднаразовую беларускую візу 60 эўра, то бок кошт візы для іх зьнізіўся да ўзроўню, які дзейнічае ў дачыненьні да грамадзянаў большасьці іншых краін. Дзеці да 14 гадоў наагул вызваляюцца ад консульскага збору.

Раней консульскі збор за аднаразовую беларускую візу быў для амэрыканцаў 160 даляраў, за тэрміновую, якая выдавалася цягам 48 гадзін, — 320, а за атрыманьне візы ў аэрапорце трэба было заплаціць 480 даляраў.

Паводле начальніка Ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка, гэта пачатак комплексу захадаў, накіраваных на лібэралізацыю візавай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Наступныя крокі — спрашчэньне працэдуры атрыманьня дзелавых візаў.

Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце Амбасады Беларусі ў ЗША, «гэта аднабаковае палітычнае рашэньне, сьвядомы жэст добрай волі з боку кіраўніцтва Беларусі, накіраваны на збліжэньне народаў Беларусі і ЗША, зьняцьце бар’ераў для кантактаў паміж людзьмі, разьвіцьцё турызму».

Паводле новых расцэнак беларускія візы для дзяцей да 14 гадоў будуць бясплатнымі. Аднаразовая транзытная віза каштуе 25 даляраў, аднаразовая кароткатэрміновая віза — 75 даляраў (раней усе яны каштавалі па 160 даляраў). Але кошт шматразовых доўгатэрміновых візаў вырасьце да 180 даляраў (раней яны каштавалі таксама 160 даляраў).

Кошт амэрыканскай візы для беларусаў застаецца на ранейшым узроўні — 160 даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG