Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зэканоміць на будоўлі АЭС з-за падзеньня расейскага рубля


Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Ўладзімер Сямашка на міжнароднай выставе «Атамэкспа-Беларусь».

Паводле Сямашкі, раней беларускі бок падпісаў кантракт на будоўлю атамнай станцыі ў расейскіх рублях, а крэдыт на фінансаваньне праекту ўзяты ў далярах. Зьніжэньне кошту зьвязана з падзеньнем расейскага рубля.

Згодна зь першапачатковым кантрактам з «Росатомам», на ўзьвядзеньне Беларускай АЭС выдзелены расейскі дзяржаўны крэдыт на 10 млрд даляраў.

Як адзначыў віцэ-прэм’ер, у выніку праект па стварэньні ў Беларусі АЭС будзе каштаваць значна менш.

«Нашы калегі кажуць, што гэта будзе самая танная станцыя ня толькі на постсавецкай прасторы, але і ў сьвеце», — цытуе Белта Ўладзімера Сямашку.

Беларуская АЭС будуецца за 18 км ад Астраўца (Гарадзенская вобласьць), непадалёк ад мяжы зь Літвой.

Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў агульнай магутнасьцю да 2400 (2×1200) МВт. Генэральны праектант і генпадрадчык — расейская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АСЭ». Першы энэргаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020 годзе.

«Росатом» называе будаўніцтва Беларускай АЭС узорным, заявіў намесьнік гендырэктара «Росатома» Аляксандар Лакшын. Ён дадаў, што пачалася ўжо актыўная фаза будаўніцтва. Цяпер на будоўлі працуе каля трох тысяч чалавек, але хутка іх колькасьць будзе падвоена.

Экс-міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс у інтэрвію Свабодзе заявіў, што будоўля Беларускай АЭС недалёка ад тэрыторыі Літвы — непасрэдны выклік добрасуседзкім дачыненьням.

«Гэта праект, які па сутнасьці сваёй належыць да „Росатома“, то бок Расеі. Будоўля АЭС парушае ўсе нормы, пачынаючы ад падбору месца — гэта амаль 30–40 кілямэтраў ад нашай мяжы. Таму ніяк інакш, як пагрозай для Літвы, я назваць гэта не магу».

XS
SM
MD
LG