Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ апублікаваў сьпіс асобаў, якія ўдзельнічаюць у тэрарыстычнай дзейнасьці або маюць дачыненьне да распаўсюджваньня зброі масавага паражэньня.

На афіцыйным сайце Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў адпаведнасьці з пастановай ураду № 1256 ад 30 сьнежня 2014 году апублікаваны пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Больш за 250 чалавек унесеныя ў сьпіс паводле санкцыйнага пераліку Камітэту Рады Бясьпекі ААН па арганізацыі «Аль Каіда» і зьвязаных зь ёю асобах і арганізацыях.

Яшчэ двое трапілі ў пералік беларускага КДБ на іншых падставах. Грамадзянін Узбэкістану Хусьнідзін Усманаў унесены ў сьпіс «у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі». 31-гадовы Ўсманаў быў абвешчаны ў міжнародны вышук УУС Сурхандар’інскай вобласьці Ўзбэкістану за «тэрарызм, змову з мэтай захопу ўлады, арганізацыю злачыннай групоўкі». Падобнага да яго грамадзяніна, які зьбіраўся ляцець у Стамбул, затрымалі ў менскім аэрапорце 28 сьнежня. У пашпарце на імя таджыка Хабібава быў пераклеены фатаздымак. Затрыманага зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, адтуль 8 студзеня хуткая дапамога яго даставіла ў шпіталь, зь якога падазраваны ўцёк. Цяпер ён абвешчаны ў вышук.

Грамадзянін Беларусі Гілані Лазарэвіч нарадзіўся 2 сьнежня 1992 году. У яго ёсьць два акаўнты ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце». У адным месцам вучобы пазначана Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце, у другім — Менскі інстытут кіраваньня.

Начальнік прэс-службы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Артур Стрэх распавёў Радыё Свабода:

Гэта першая частка сьпісу, ён будзе дапрацоўвацца і абнаўляцца

«Гілані Лазарэвіч уключаны ў сьпіс тэрарыстаў па абвінавачаньні ў злачынстве, зьвязаным з захопам закладніка. Але крымінальную справу вядзе не КДБ, а Сьледчы камітэт.

Гэта першая частка сьпісу, ён будзе дапрацоўвацца і абнаўляцца. Уключэньне ў сьпіс адбываецца паводле дакумэнтаў шэрагу міжнародных арганізацыяў, у адпаведнасьці з прысудамі Вярхоўнага Суду, якія ўступілі ў законную сілу, а таксама паводле дакумэнтаў, прадстаўленых праваахоўнымі органамі і спэцслужбамі».

Дакумэнт прыняты на падставе закону «Аб захадах па прадухіленьні легалізацыі прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансаваньня зброі масавага паражэньня» ад 30 чэрвеня 2014 году.

Складае і карэктуе пералік КДБ Беларусі. Пералік можа зьмяняцца паводле рашэньня старшыні КДБ і ягоных намесьнікаў. Рашэньні могуць прымацца ў тым ліку і на падставе зьвестак ад органаў пракуратуры, Сьледчага камітэту, судоў, ад кампэтэнтных органаў замежных дзяржаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі ды інш.

XS
SM
MD
LG