Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь умацоўвае дзяржаўную мяжу з Украінай


На паўднёвай мяжы Беларусі створаны новы памежны атрад — Мазырскі, трэці па ліку пасьля Пінскага і Гомельскага. Ва ўмовах нестабільнасьці ва Ўкраіне і замарожанай вайны ў Данбасе Беларусь умацоўвае свае паўднёвыя межы.

Новы памежны атрад зь месцам дысьлякацыі ў паселішчы Прудок Мазырскага раёну створаны паводле ўказу кіраўніка дзяржавы — на базе мясцовага аднайменнага аддзелу Гомельскай памежнай групы.

Першыя суткі службы, як сьцьвярджаюць у атрадзе, праходзяць бязь нейкіх надзвычайных здарэньняў:

«Усё нармальна. Дзякуй».

Паводле паведамленьня Дзяржкамітэту памежных войскаў, падразьдзяленьні новастворанага Мазырскага атраду ўзялі пад ахову беларуска-ўкраінскі адрэзак мяжы працягласьцю 377 кілямэтраў, у тым ліку 48 кілямэтраў — воднага ўчастку.

У атрадзе — 2 памежныя пасты і 5 заставаў, адна зь якіх мабільная.

На атрад ускладзеная задача забясьпечваць працу двух міждзяржаўных аўтамабільных пунктаў пропуску «Аляксандраўка» ў Нараўлянскім і «Глушкавічы» ў Лельчыцкім раёне, міжнародных аўтамабільнага і чыгуначнага пунктаў пропуску «Новая Рудня» і «Славечна», што ў Ельскім раёне. Апрача таго, у зоне адказнасьці атраду — і пункт спрошчанага пропуску «Падгальле».

Стварэньне новага памежнага атраду тлумачыцца надзвычай вялікай працягласьцю дзяржаўнай мяжы, якая знаходзілася ў зоне адказнасьці Гомельскай памежнай групы. Гэта каля 670 кілямэтраў. Такая працягласьць, як заяўлялі кіраўнікі групы, стварала пэўныя цяжкасьці як у вырашэньні апэратыўных пытаньняў, так і ў кіраваньні службовымі падразьдзяленьнямі, якія знаходзіліся за сотні кілямэтраў ад Гомеля.

Стварэньне новага памежнага фармаваньня на мяжы з Украінай некаторыя расейскія СМІ пасьпелі зьвязаць прэтэнзіямі, якія радыкальна настроеныя ўкраінцы нібыта маюць на беларускія тэрыторыі.

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, які сам нарадзіўся на памежжы з Украінай, лічыць, што падобнымі меркаваньнямі расейцы імкнуцца апраўдаць уласную агрэсію ва Ўкраіне:

«Я думаю, што расейцы гэткім чынам апраўдваюць сваю агрэсію ва ўкраінскім Данбасе і Крыме. У нас з Украінай пытаньне аб дзяржаўнай мяжы канчаткова вырашана і ратыфікавана на дзяржаўным узроўні. Умацоўваць свае межы, на мой погляд, трэба ня толькі на поўдні, але й на ўсходзе, дзе існуе тысячакілямэтровы прагал. І калі Гомельская памежная група сваімі падразьдзяленьнямі стане прыкрываць яго замест Мазырскага напрамку, гэта будзе надзвычай добра і для эканомікі, і для бясьпекі беларускай дзяржавы».

Службоўцам новага атраду давядзецца наладжваць цесныя стасункі зь мясцовым насельніцтвам. Шмат у каго паабапал мяжы жывуць сваякі. Да таго ж мясьціны ў памежжы багатыя на грыбы й ягады. Мінулым летам украінскім грамадзянам з памежных вёсак было афіцыйна дазволена на сэзон пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу ў спрошчаным парадку і зьбіраць на беларускай тэрыторыі ягады й грыбы.

Менавіта ў зоне адказнасьці новага атраду адбыўся гучны інцыдэнт у вёсцы Мілашавічы Лельчыцкага раёну, калі ў лістападзе 2013 году нецьвярозы начальнік першай мабільнай заставы аддзелу памежнай службы «Прудок» старшы лейтэнант Гураў і яго падначалены сяржант Рамановіч ледзь не пастралялі з аўтаматаў маладых вяскоўцаў. Іх судзілі за асабліва злоснае хуліганства з пагрозай прымяненьня зброі.

XS
SM
MD
LG