Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў прыгразіла санкцыямі супраць беларускіх спартоўцаў, калі яе прадпісаньні па барацьбе з допінгам і надалей будуць выконвацца гэткімі ж маруднымі тэмпамі.

Як заявіў прэзыдэнт асацыяцыі Сэбастыян Коў, Беларусь трапіла ў сьпіс краінаў з падвышанай рызыкай выкарыстаньня атлетамі стымулюючых прэпаратаў. Па яго словах, усяго ў зоне рызыкі пяць дзяржаваў, за імі да канца 2016 году будзе пільны нагляд. Найбольшыя праблемы з увядзеньнем антыдопінгавай праграмы — у Марока і Этыёпіі, блізкая да крытычнай сытуацыя ў Беларусі, Кеніі і ва Ўкраіне.

Пакуль што ў дачыненьні да згаданых нацыянальных фэдэрацыяў ня ўжыта ніякіх санкцыяў, справа абмежавалася папярэджаньнем. Аднак карныя захады неадкладна распачнуцца, як толькі стане відавочным нежаданьне нешта зьмяняць у падыходах да праблемы. У прыватнасьці, зацікаўленыя органы ўжо цяпер павінны рэзка ўзмацніць барацьбу з ужываньнем у спорце забароненых прэпаратаў.

Кожная трэцяя проба будзе ўзятая ў лёгкай атлетыцы

Ігнараваньне міжнародных патрабаваньняў ужо каштавала кар’еры некалькім тысячам расейскіх спартоўцаў. За беспрэцэдэнтны размах выбудаванай у Расеі сыстэмы, каб пакрываць факты ўжываньня стымулятараў, Усерасейская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі адлучаная ад спаборніцтваў пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў, пад пытаньнем удзел расейскай каманды ў сёлетніх Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра. Выглядае, што сьпіс крамольных дысцыплінаў можа пашырыцца пасьля таго, як у шэраг забароненых ад пачатку году трапіў мэльдоній. Адной зь першых ахвяраў станоўчай допінг-пробы стала тэнісістка Марыя Шарапава.

У Нацыянальным антыдопінгавым агенцтве (НАДА) лічаць, што Беларусь да ліку краінаў з крытычна нізкім узроўнем кантролю за «чысьцінёй спартоўцаў» аднесьлі незаслужана. Як расказаў дырэктар агенцтва Дзяніс Мужжухін, кожная трэцяя проба ў беларускім спорце сёлета будзе ўзятая ў лёгкай атлетыцы. Па яго словах, пры канцы мінулага году паміж Беларускай фэдэрацыяй лёгкай атлетыкі і Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам было падпісанае доўгатэрміновае пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры барацьбы з допінгам. Зроблена гэта адмыслова напярэдадні Алімпіяды-2016 у Бразыліі. Дакумэнт прадугледжвае правядзеньне шэрагу практычных мерапрыемстваў і тэарэтычных сэмінараў, на падставе чаго будзе выяўлена — якіх ведаў не хапае трэнэрам і спартоўцам, каб прадухіліць ужываньне забароненых прэпаратаў і цалкам ад яго адмовіцца. З гэтай прычыны істотна павялічыцца колькасьць допінг-пробаў, што павінна застрахаваць ад непрыемных сюрпрызаў напярэдадні галоўных стартаў чатырохгодзьдзя.

Дзяніс Мужжухін прызнае, што цалкам пазьбегнуць непрыемных гісторыяў пакуль не ўдаецца, але ягонае ведамства рашуча настроена выкараніць ужываньне забароненых прэпаратаў, каб моладзь была арыентаваная выключна на сумленную барацьбу. Тым больш, наўрад ці трэба сумнявацца, што перад летнімі Гульнямі кантроль за «чысьцінёй арганізму» будзе толькі ўзмацняцца.

Тым часам самі спартоўцы лічаць, што застаюцца неабароненымі ў сытуацыі, калі няма зразумелай працэдуры змаганьня за свае правы ў выпадку памылковага «дыягназу».

Вярнуць добрае імя: дорага і зь мізэрнымі шанцамі на посьпех

Надзея Астапчук на лёнданскай алімпіядзе 2012 году

Надзея Астапчук на лёнданскай алімпіядзе 2012 году

Штурхальніца ядра Надзея Астапчук атрымала чатырохгадовую дыскваліфікацыю адразу пасьля таго, як выйграла золата лёнданскай Алімпіяды-2012 — па выніках праверкі ў яе арганізьме выяўленыя сьляды забароненых прэпаратаў. Спартоўка наракае, што распачынаць уласнае расьсьледаваньне наконт законнасьці падобнага вэрдыкту — варыянт загадзя пройгрышны. Мэханізм доказу невінаватасьці надзвычай складаны і дарагі — дастаткова згадаць паўмільёна даляраў, патрачаныя ў судах «малатабойцамі» Іванам Ціханам і Вадзімам Дзевятоўскім, а дзяржаўныя і спартовыя ведамствы лічаць за лепшае проста пусьціць сытуацыю на самацёк. Таму, на яе думку, патрэбна юрыдычная база, якая прыйдзе на дапамогу атлетам:

«Канечне, у любога спартоўца таксама павінны быць правы, якія ён зможа адстойваць. То бок ня так, што ўзялі, знайшлі нешта і проста канстатавалі: пакараць, дыскваліфікаваць. Пры гэтым зусім не хвалюе, адкуль што ўзялося. Паслухайце, мы жывём у сьвеце, дзе мноства падробак ня толькі тавараў, але і харчоў. Абсалютна любы можа на гэтым пагарэць! Скажам, вы пайшлі ў рэстаран, але ж ня спраўджваеце, зь якіх прадуктаў страва, на чым вырасьлі інгрэдыенты. Ці набылі ў краме бутэльку вады — вы што, адразу везяце яе правяраць у лябараторыю? Не, не везяце. А ўяўляеце, калі вытворца „нахімічыў“? Кантрафакту, я ж кажу, у наш час вельмі шмат. Набыў нешта спартовец, зьеў, а потым „вылазіць“ забаронены прэпарат. А тым больш з улікам цяперашняга „чорнага сьпісу“.

Хутка дойдзе да таго, што ў пералік занясуць звычайную пітную ваду — яна ж таксама дапамагае выступаць.

Каб хутчэй бегаць, лепш сябе адчуваць, трэба піць ваду. Таму трэба зрабіць так, каб спартовец сапраўды мог пазмагацца за сваё права выступаць. А ня так, што ў цябе знайшлі — і гэта твая праблема. Як і што ў арганізм трапіла — нас не хвалюе».

Паводле статыстыкі НАДА, у 2014 годзе за злоўжываньне забароненымі прэпаратамі ў беларускай лёгкай атлетыцы былі дыскваліфікаваныя 8 спартоўцаў, у 2015-м з амаль двух дзясяткаў парушэньняў антыдопінгавых правілаў пакараныя сем чалавек — чатырох дыскваліфікавала Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі і трох — Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў.

Чэмпіёны пад стымулятарам: ануляваныя перамогі

Для Беларусі допінгавыя скандалы — далёка ня рэдкасьць. Шэраг чэмпіёнаў страцілі свае тытулы за тое, што лябараторныя пробы паказалі станоўчы вынік пры аналізах на ўтрыманьне забароненых рэчываў. На сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва можна знайсьці сьпіс спартоўцаў, дыскваліфікаваных на доўгія тэрміны ці нават пажыцьцёва. Тры дзясяткі прозьвішчаў, уключна з атлетамі, якія ў розныя гады кавалі славу беларускаму спорту.

Вось некаторыя, хто ўваходзіў у склад нацыянальных камандаў у сваіх відах:

  • Андрэй Міхневіч (штурханьне ядра) — пажыцьцёвая дыскваліфікацыя;
  • Надзея Астапчук (штурханьне ядра) — 4-гадовая дыскваліфікацыя;
  • Андрэй Варанцоў (кіданьне молата) — пажыцьцёвая дыскваліфікацыя;
  • Кацярына Шкуратава (цяжкая атлетыка) — пажыцьцёвая дыскваліфікацыя;
  • Аліса Ўсманава (спартыўная акрабатыка) — 8-гадовая дыскваліфікацыя;
  • Андрэй Пікуза (грэка-рымская барацьба) — 4-гадовая дыскваліфікацыя;
  • Аніс Ананенка (лёгкая атлетыка, 800 мэтраў) — 4-гадовая дыскваліфікацыя;
  • Дар’я Тавелева (цяжкая атлетыка) — 2-гадовая дыскваліфікацыя.
  • І многія іншыя, хто прадстаўляе школы і цэнтры алімпійскага рэзэрву.

Апроч ужо згаданага сьпісу, у Нацыянальным антыдопінгавым агенцтве ёсьць пералік спартоўцаў, да якіх ужытыя санкцыі паводле рэкамэндацыі Дысцыплінарнай антыдопінгавай камісіі за парушэньне спартыўнага рэжыму, пачынаючы ад 2011 году. Гэта яшчэ два дзясяткі прозьвішчаў.

Але і гэта яшчэ ня ўсё: сёлета ва Ўсясьветным антыдопінгавым кодэксе зьявіўся новы артыкул, які забараняе супрацоўнічаць нават з пэрсаналам спартоўца, які парушыў антыдопінгавыя правілы. Маюцца на ўвазе трэнэры, мэнэджэры, агенты, чальцы штату каманды, мэдычны пэрсанал, а таксама бацькі. Беларусы адзначыліся і тут: у сьпісе асобаў, якія падпалі пад гэты артыкул, — Любоў Бялова, экс-трэнэр па паўэрліфтынгу.

У розныя часы ў «чорныя сьпісы» таксама траплялі

  • малатабойцы Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі,
  • штангіст Міхаіл Аўдзееў,
  • штурхальніца ядра Яніна Карольчык,
  • кідальніца дыску Ірына Ятчанка,
  • прадстаўніца вольнай барацьбы Васіліса Марзалюк,
  • плыўчыха Аляксандра Герасіменя,
  • біятляніст Вадзім Сашурын.

Некаторыя па заканчэньні тэрміну дыскваліфікацыі вяртаюцца і дэманструюць высокія вынікі, а іншыя, як цяжкаатлет Генадзь Аляшчук, застаюцца ў сьпісе назаўсёды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG