Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у ААН падтрымала расейскую рэзалюцыю пра нэанацызм. Чаму ЗША і Ўкраіна былі супраць


Трэці камітэт Генасамблеі ААН прыняў бальшынёй галасоў прапанаваную Расеяй рэзалюцыю «Барацьба з гераізацыяй нацызму, нэанацызмам і іншымі відамі практыкі, што спрыяюць эскаляцыі сучасных формаў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксэнафобіі і зьвязанай зь імі нецярпімасьці». За прагаласавала 131 дэлегацыя, устрымаліся 48, супраць былі толькі тры: ЗША, Украіна і Палаў.

Беларусь пры гэтым выступіла з заявай ад імя АДКБ, пра якую БелТА распавялі ў МЗС Беларусі:

«У заяве асуджаюцца мэтанакіраваныя намаганьні асобных краінаў па перапісваньні гісторыі, скажэньні і пераглядзе вынікаў Другой усясьветнай вайны. Дзяржавы АДКБ прызнаюць, што абарона правоў чалавека, мірнае ўрэгуляваньне канфліктаў у адпаведнасьці з мэтамі і прынцыпамі Статуту ААН і нормамі міжнароднага права, а таксама забесьпячэньне ўстойлівага разьвіцьця ёсьць асновай для захаваньня міру і стабільнасьці».

Як можна быць супраць?

Камэнтуючы пазыцыю Вашынгтону, намесьніца амбасадара ЗША ў ААН Стэфані Амадэа адзначыла, што яе краіна безумоўна асуджае «ўсе формы рэлігійнай і этнічнай нецярпімасьці або нянавісьці ва ўсім сьвеце». Але «рэкамэндацыі гэтай рэзалюцыі абмежаваць свабоду слова, свабоду абʼяднаньняў і права на мірныя сходы супярэчыць прынцыпам, замацаваным ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, і ня могуць быць ухваленыя».

Таксама дыпляматы, якія выступілі супраць гэтай рэзалюцыі, адзначылі, што Расея зьвяртаецца да такіх захадаў як часткі палітычнай атакі супраць Украіны, у якой яна анэксавала Крым і ў якой падтрымлівае ўзброеных сэпаратыстаў.

У Расеі нярэдка ўжываюць слова «фашызм» не ў дачыненьні да італьянскіх фашыстаў часоў Другой усясьветнай вайны і нават не ў дачыненьні да нэанацыстаў, а часьцей у дачыненьні да ўладаў і народу Ўкраіны.

Каго ў Расеі сёньня абвінавачваюць у фашызьме?

Пры гэтым на баку прарасейскіх так званых «ДНР» і «ЛНР» ва Ўкраіне ваююць сапраўдныя прыхільнікі нэанацызму, нэанацысты навучаюць беларускіх школьнікаў і маладзёнаў у трэнавальных лягерах у Расеі. У самой Расеі праваабаронцы папярэджваюць пра ўздым расізму і ксэнафобіі ў краіне. Расейскія прадзяржаўныя мэдыя, паводле высноў экспэртаў, адмаўляюцца ад маралі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG