Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што даведаліся расейскія журналісты ад Аляксандра Лукашэнкі пра шчасьлівае жыцьцё беларусаў?


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Ільяш

Карбалевіч: Сёньня адбылася чарговая прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх рэгіянальных мэдыя. Гэта стала ўжо даўняй традыцыяй. Кожны год для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ ладзяцца прэс-туры (цяпер 13-ты) па Беларусі, фіналам якога зьяўляецца прэс-канфэрэнцыя кіраўніка дзяржавы. Толькі летась чамусьці быў перапынак.

Гэтыя прэсавыя канфэрэнцыі настолькі важныя, што Лукашэнка нават перанёс візыт у Маскву да Пуціна. Яны зьяўляюцца пэўным псыхалягічным допінгам для Лукашэнкі. Усе выступы і пытаньні, якія задаюць расейскія журналісты, вельмі камплімэнтарныя, усе хваляць яго. Гэта такая рэдкая сытуацыя, калі ён купаецца ў прамянях славы.

Увесь сэнс гэтага выступу — рэкляма беларускага сацыяльна-эканамічнага ладу і самапіяр.

Увесь сэнс гэтага выступу — рэкляма беларускага сацыяльна-эканамічнага ладу, палітычнай сыстэмы і самае галоўнае — самарэкляма, самапіяр. Лукашэнка ўвесь час хваліцца, як добра, шчасьліва жывуць беларусы пад кіраўніцтвам «народнага прэзыдэнта».
Было адно вострае пытаньне: у Беларусі малыя заробкі. Гэтае пытаньне «завяло» Лукашэнку, і ён адказваў на яго больш за ўсё, вельмі доўга, даказваючы, што ўсё ня так.

Прычым Лукашэнка дапускае поўны палёт фантазіі. Ня вельмі клапоцячыся пра адпаведнасьць рэальнасьці. Напрыклад, ён заявіў, што 90% студэнтаў ВНУ вучацца за кошт бюджэту. Насамрэч за бюджэтныя грошы тут вучыцца менш за палову студэнтаў.

Вось Сямашка інфармуе, што беларускія спажыўцы атрымліваюць расейскі газ па цане 280 даляраў за 1 тыс. куб мэтраў. Насамрэч Беларусь атрымлівае газ па цане 132 даляры, а потым дзяржава перапрадае спажыўцам па больш высокай цане.

Беларускіх гастарбайтэраў у Расеі няма, кажа Лукашэнка, яны могуць зарабіць і ў Беларусі. Калі і ёсьць там беларусы, то яны арганізавана накіраваныя туды дзяржавай.

Лукашэнка запэўніваў, што зь беларускай сельскай гаспадаркай ня могуць канкураваць ні немцы, ні палякі.

Яшчэ цікавыя тэзісы: Заходнія грамадзяне зайздросьцяць беларускай адукацыі; ніхто ня скажа з журналістаў дзяржаўных мэдыя, што на іх хтосьці цісьне.

Карупцыі ў Беларусі мала таму, даводзіў ён, што ўсё пачынаецца з галавы, з кіраўніка. Таму тут дарэчы вядомы анэкдот: хачу жыць у краіне, пра якую апавядае Лукашэнка.

Глод: Дык якое шчасьце ў беларусаў? Шчасьце як паняцьце розныя людзі разумеюць па-рознаму. Быў час, калі сярэдні заробак у Беларусі складаў 500 даляраў за месяц. Тыя, хто атрымліваў такія сумы, ня кажучы ўжо пра тых, каму плацілі і болей, былі шчасьлівымі. Цяпер жа бальшыня жыхароў краіны адчувае сябе няшчаснымі, бо заробкі істотна скараціліся. Калі Лукашэнка, як ён паабяцаў, у наступным годзе верне паўтысячы даляраў за месяц, яны зноў стануць шчасьлівымі.

Пакуль журналістка, якая задавала пытаньне, дачакаецца адказу, аўдыторыя ўжо забудзецца пра першасную сутнасьць пытаньня.

Калі сёньня кіраўніка беларускай дзяржавы запыталі, чаму ў Беларусі нізкія заробкі, яму, як той казаў, не было чым крыць. Але ж Лукашэнка паспрабаваў выкруціцца з сытуацыі. Што ён найперш сказаў? «Але ж ня хлебам адзіным жыве чалавек». І пачаў параўноўваць кошты камунальных паслуг з Расеяй, Польшчай, Украінай, Літвой. Вядома, што ў Беларусі гэтыя паслугі больш танныя. Але ж заробкі ў суседзяў, асабліва ў палякаў, куды вышэйшыя. Ну, пра гэта, зразумела, беларускі прэзыдэнт прамаўчаў. Пасьля дадаліся словы пра студэнтаў-бюджэтнікаў, пра расейскіх жанчын, якія з Падмаскоўя едуць у Беларусь, каб менавіта тут нараджаць дзяцей. Сутнасьць паводзінаў Лукашэнкі зразумелая — замест непасрэднага адказу на пытаньне пра нізкія заробкі перайсьці на ўскосныя тэмы. Пакуль журналістка, якая задавала пытаньне, дачакаецца адказу, аўдыторыя ўжо забудзецца пра першасную сутнасьць пытаньня.

Па ўсім сьвеце шчасьце наўпрост зьвязанае з надзеяй. Ёсьць надзея — павінна быць і шчасьце. Аднак вось што цікава. Вядомы беларускі сацыёляг Андрэй Вардамацкі адзначае: пачынаючы з 2012-га году, пачуцьцё надзеі ў беларусаў паніжаецца. Здаецца, сьледам павінна было б зьменшыцца і пачуцьцё шчасьця. Але ж яно чамусьці ня падае. Як такое можа быць? Аказваецца, можа. А спадар Вардамацкі, хоць і з доляй гумару, але ж тлумачыць такое дзіва так: «Беларусы шчасьлівыя сёньня, бо няма надзеі на заўтра — вось гэта беларуская формула. Альбо: я шчасьлівы таму, што кепска суседзям. І, на жаль, гэта так». А нехта, як мне падаецца, вельмі трапна сказаў пра беларусаў: яны — шчасьлівыя жабракі.

Калі слухаеш Лукашэнку, ствараецца ўражаньне, што тут ужо амаль пабудаваны рай на зямлі.

Дарэчы, пачынаючы з 2012 году, сетка ААН па рашэньнях у галіне ўстойлівага разьвіцьця стварае афіцыйны «індэкс шчасьця». Дасьледаваньне ўлічвае такія фактары, як рэальны прыбытак на душу насельніцтва, чаканая працягласьць жыцьця, узровень карупцыі. Ва ўсясьветных «індэксах шчасьця» Беларусь за гэты час знаходзіцца дзесьці пасярод сьпісу, займаючы 50–60-ыя месцы. Апошнім разам — 59-е. Калі ж слухаеш Лукашэнку ці іншых высокіх асобаў, ствараецца ўражаньне, што Беларусь дзесьці ў самым пачатку рэйтынгу і тут ужо амаль пабудаваны рай на зямлі.

Насамрэч лідэры шчасьця знаходзяцца зусім на іншай тэрыторыі. Гэта Швэйцарыя, Ісьляндыя, Данія, Нарвэгія, Канада...

А што тычыцца сёньняшніх адказаў Лукашэнкі пра дабрабыт і шчасьце беларусаў, то яны адрасаваныя ня толькі расейцам. Сёньня ўвечары іх пакажуць па беларускіх тэлеканалах. І тады сутнасьць і мэта слоў кіраўніка дзяржавы стане асабліва выразнай — дабавіць людзям аптымізму, пазбавіць іх адчуваньня роспачы.

Ільяш: Валер Карбалевіч слушна зрабіў усе гэтыя заўвагі пра тое, што заявы Лукашэнкі відавочна разыходзяцца з рэальнасьцю. Так, гэта звычайная зьява для беларускага лідэра, гэта мы бачым неаднаразова. Але мне здаецца, што сёньня быў ня самы натхнёны выступ Лукашэнкі на тэму, як добра жывецца ў Беларусі.

Тэма прапаганды беларускай эканамічнай мадэлі зьмяняецца хутчэй на прапаганду сацыяльна-ідэялягічнай мадэлі.

Наогул мне здаецца, што ва ўмовах відавочнага крызісу ў Расеі, відавочнага крызісу ў Беларусі (у чым, праўда, Лукашэнка вінаваціць суседзяў, а не сябе), тэма прапаганды беларускай эканамічнай мадэлі зьмяняецца хутчэй на прапаганду сацыяльна-ідэялягічнай мадэлі. Акцэнты зьмяніліся, калі параўноўваць з ранейшымі вялікім выступамі Лукашэнкі. «Ня хлебам адзіным жывы чалавек», — гэтую фразу Лукашэнкі згадаў спадар Глод. То бок мы ня столькі багатыя, колькі сумленныя і справядлівыя. Тут нікога ня крыўдзяць, мы будуем справядлівае грамадзтва (гэтая фраза вельмі запомнілася ў сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі), мы беражліва ставімся да сваёй спадчыны, жорстка караем карупцыянэраў, хоць і не крыважэрныя і можам памілаваць.
На фоне расейскіх праблемаў у эканоміцы, на фоне вайны на Данбасе асабліва хваліць эканамічную сытуацыю і ня трэба, няма ў гэтым асаблівага сэнсу. Тым больш што размова была з расейскімі рэгіянальнымі журналістамі, якіх асабліва ня трэба пераконваць у нейкіх посьпехах — яны і так гатовыя гэта браць на веру.

Значыць, у сэнсе зьмястоўнасьці прапагандыскага мэсэджу прэс-канфэрэнцыя была вельмі сьціплая. Рэкляма беларускага цуду праходзіць ужо без натхненьня, хутчэй па звычцы. Асабліва нічога даказваць ужо ня трэба. Хто хоча верыць, той верыць. А хто не, таго і пераконваць бессэнсоўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG