Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спадзяецца на крэдыты — ад Эўразійскага фонду і ад МВФ


Уладзімер Пуцін з расейскімі грашыма, архіўнае фота

Уладзімер Пуцін з расейскімі грашыма, архіўнае фота

Афіцыйны Менск спадзяецца атрымаць новы крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры двух мільярдаў даляраў.

Пра гэта сказаў журналістам міністар фінансаў Уладзімер Амарын перад пасяджэньнем у Менску вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

«Гэты крэдыт патрэбны, каб нашы рэзэрвы ва ўмовах пагашэньня зьнешняга і ўнутранага валютнага доўгу захоўваліся хаця б на цяперашнім узроўні», — цытуе tut.by міністра фінансаў Беларусі.

«Паглядзім», — адказаў Амарын на пытаньне, ці будзе сёньня абмяркоўвацца на пасяджэньні вылучэньне гэтага крэдыту Беларусі.

Паводле Амарына, з Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця дамоўленасьці па крэдыце ў больш высокай ступені гатоўнасьці, чым з МВФ. «Застаўся апошні этап», — адзначыў ён.

Сёньня ж старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў журналістам, што Беларусі патрэбны крэдыт Міжнароднага валютнага фонду, каб папоўніць ЗВР, а таксама на рэалізацыю добрых праектаў.

«Але не на праяданьне, не на спажываньне. Жыць трэба за свае», — цытуе Мясьніковіча БелТА.

Беларусь вядзе з МВФ перамовы пра пачатак новай праграмы. Як распавёў журналістам міністар фінансаў Уладзімер Амарын, беларускі бок разьлічвае зьнізіць стаўку па крэдыце з 2,28% да 2,1%.

XS
SM
MD
LG