Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьлічваецца з «Газпромам» расейскімі рублямі. Чаму пра гэта не казалі раней?


©Shutterstock

©Shutterstock

Ужо некалькі месяцаў пастаўкі расейскага газу Беларусь аплочвае ў расейскіх рублях. Пра гэта паведаміў у інтэрвію расейскім СМІ прадстаўнік «Газпрома» Андрэй Круглоў. Чаму беларускія ўлады дагэтуль хавалі такую важную навіну?

Начальнік фінансава-аналітычнага дэпартамэнту «Газпрома» Андрэй Круглоў заявіў, што «з Рэспублікай Беларусь у нас даўно ідуць разьлікі за газ у рублях».

Гэтая інфармацыя настолькі агаломшыла беларускіх экспэртаў, што пераважная большасьць тых, да каго Радыё Свабода зьвярталася з просьбай па камэнтар, проста адмаўлялася гаварыць на гэтую тэму. Прычыны зразумелыя: дэталі пагадненьня раней вядомыя не былі, як невядома і тое, чаму пра гэта не было паведамлена афіцыйна.

Найперш гэтым фактам зьдзіўлены фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб:

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

«Незразумела, калі гэты пераход адбыўся і зь якога часу гэтыя разьлікі ўжо ідуць. Зьдзіўляе сьціпласьць афіцыйнай інфармацыі наконт гэтай сур’ёзнай нагоды. З аднаго боку, гэты крок для нашай эканомікі пазытыўны, з улікам таго, што значную частку выручкі за экспарт мы атрымліваем менавіта ў расейскіх рублях. Адпаведна, не давядзецца марнаваць і без таго дэфіцытны даляр».

У кампаніі «Газпром Трансгаз Беларусь», беларускай «дачцэ» «Газпрома», гэтую інфармацыю камэнтаваць адмовіліся, спаслаўшыся на таямніцу інвэстыцыйнай дамовы, і параілі зьвярнуцца наўпрост у галоўны офіс.

«Мы камэнтароў не даем», — адказалі Радыё Свабода ў прэс-службе старшыні праўленьня «Газпрома» Аляксея Мілера.

Але яшчэ ў студзені зьявілася ўскоснае сьведчаньне, што Беларусь разьлічваецца за газ рублямі. Тады «Белгазпромбанк» атрымаў ад «Газпрома» і «Газпромбанка» крэдыт у расейскіх рублях, эквівалентны 150 мільёнам даляраў. Такім чынам кампаніі падтрымалі сваю беларускую «дачку».

Кіраўнік «Белгазпромбанка» Віктар Бабарыка цешыўся, што гэтыя сродкі адразу ж спатрэбіліся для «падтрымкі сыстэмы разьлікаў у расейскіх рублях за энэргарэсурсы, якія пастаўляюцца ў Рэспубліку Беларусь».

Размову пра пераход на расейскі рубель у разьліках за нафтапрадукты Ўладзімер Пуцін павёў яшчэ ў 2008 годзе. Зьдзівіўшыся, што расейскі газ прадаецца Беларусі за даляры, Пуцін прапанаваў перайсьці на расейскую валюту з наступнага году. Аднак гэтага не адбылося.

Новы кантракт на пастаўку расейскага газу ў Беларусь у 2015–2017 гадах быў падпісаны ў сярэдзіне сьнежня мінулага году. Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка тады заяўляў, што Беларусь атрымае каля 22 млрд кубоў газу ў год па цане ў 155 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Вадзім Іосуб кажа, што пасьля сёньняшняй інфармацыі ўжо невядома, ці ідзе гаворка пра фіксацыю цаны ў расейскіх рублях, ці рубель выступае валютай плацяжу.

«З таго, што ўдалося прачытаць, пра тое, што цэны будуць вызначацца ў расейскіх рублях, нідзе ня згадваецца. Найхутчэй, кантракты будуць заключацца ў далярах, а разьлікі будуць ісьці ў расейскіх рублях па бягучым курсе», — мяркуе Іосуб.

Фінансавы аналітык папярэджвае, што стаўленьне да пераходу ў разьліках на расейскі рубель шмат у чым будзе залежаць ад дынамікі гэтай валюты.

«Калі расейскі рубель значна патаньнеў да даляра, натуральна, усе плацельшчыкі будуць цешыцца магчымасьці плаціць у расейскіх рублях, — кажа Вадзім Іосуб. Калі рубель пачне ўмацоўвацца, дык ужо людзі будуць незадаволеныя і расчараваныя, што плаціць даводзіцца ва ўсё даражэйшым расейскім рублі, а не ў стабільным даляры».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG