Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь патрабуе ад Расеі зьніжку на газ. «Улады чапляюцца за кожны даляр», — экспэрт


Беларусь прапануе Расіі часовы варыянт зьніжкі на прыродны газ, піша расейскі «Коммерсант».

Пры гэтым крыніцы выданьня называюць два варыянты зьніжэньня коштаў: зьніжка ў 25 даляраў на адну тысячу кубамэтраў да базавай цаны кантракту альбо дысконт да канчатковай цаны кантракту.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Нафтагазавы энэргетычны грант ад Расеі — вельмі важная крыніца беларускага дабрабыту, — кажа Свабодзе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук. — І калі ён зьмяншаецца, то Беларусь чапляецца і рукамі і зубамі за кожны даляр. Найперш нашы ўлады намагаюцца захаваць хоць нейкую розьніцу паміж цаной для сябе і для Эўропы. Сёньня яна, дарэчы, складае ня больш як 40–45 даляраў.

І калі па нафце беларускія ўлады нічога ня могуць зрабіць, бо на ўсясьветным рынку цэны істотна абваліліся, то цяпер яны дамагаюцца, каб была скарэктавана цана на газ. Расейскі бок спасылаецца на кантракт, дзе ўсё прапісана. А беларускі бок дагэтуль ня можа зьмірыцца з тым, што трэба па новых цэнах.

Адсутнасьць легальнага мэханізму зьніжэньня цэнаў — сродак, які, па сутнасьці, у гэтай спрэчцы абараняе інтарэсы Расеі. Таму дапамагчы Менску можа толькі палітычнае, а не эканамічнае рашэньне гэтай праблемы. Калі расейскія ўлады ня пойдуць на такі крок, то даволі хутка Беларусь будзе атрымліваць расейскі газ па коштах, набліжаных да эўрапейскіх.

Не сакрэт, што Беларусь уступала ў Эўразійскі эканамічны саюз з марай захаваць свае льготы па нафце і газу. Час паказвае, што гэтага амаль не атрымліваецца. Былі спадзяваньні, што зьніжкі прынясуць Беларусі да 15% яе валавога ўнутранага прадукту. Рэальна яны складаюць дзесьці толькі 2%».

«У мяне няма сумневу, што Крэмль саступіць афіцыйнаму Менску», — кажа Свабодзе кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

«Беларусь на падставе розных дамоваў і пагадненьняў можа прэтэндаваць на атрыманьне расейскага газу па коштах, якія ніжэйшыя за сёньняшнія. Але рашэньне будзе прымацца выключна па выніках сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Менску.

Калі б Расея зыходзіла выключна з эканамічных інтарэсаў, то яна не павінна была б пайсьці насустрач Беларусі. Інакш яна губляе свае грошы. Але мне зразумела, што гэтае пытаньне выходзіць за межы эканамічных разьлікаў. Апошняе слова тут будзе не за Мілерам і нават не за Мядзьведзевым, а за Пуціным. А ён чарговым разам дапаможа Лукашэнку.

Менск прасіў у Масквы пазыкі ў два мільярды даляраў. Але сёньня выкананьне такой просьбы зразумеюць ня ўсе нават у расейскай эліце. А зьніжэньне цэнаў — гэта ж таксама крэдыт і скрытая падтрымка, што Расея не аднойчы рабіла і раней».Цяпер Беларусь купляе газ у Расеі па цане 142,37 даляра. А сярэднеэўрапейская цана на газ ад «Газпрома» складае 185 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG